Калі наверсе пачулі яго крахтанне, то кінуліся дапамагаць.
— Ух, як пахне! Пякуць жа ў гэтым краі хлеб!
Яны пачалі дзяліць лусту, пакуль Іванка піў малако. Разламаўшы на чатыры кавалкі, хлопцы ўзялі сабе меншыя, а малечы падсунулі большы.
— Дзед Мітрафан, бяры хлеб, — сказаў старэйшы.
Дзед павярнуўся да іх і сказаў:
— Мой аддайце Іванку.
— Дык яго пакармілі, а ты, дзед, ужо другі дзень не ясі нічога. Так не давядзеш нас.
— Змоўкні! — абарваў яго малодшы.
— А што я такога сказаў? — пачаў апраўдвацца той.
— Кладзіцеся абодва, заўтра падымацца з сонцам, — прыкрыкнуў на іх стары.Хлопцы паслухаліся. Яны ўлегліся воддаль, а Іванка аддаў гарлач Васілю і таксама пачаў класціся спаць. Малеча падсеў да дзеда і, скруціўшыся клубочкам, лёг каля яго. Стары прыгарнуў хлопчыка і шапнуў:
— Ну, цяпер засынай, Іван.
Пасля ён прыгадаў пра Васіля і загадаў яму.
— Беларусін, ідзі да хлопцаў. Пабудзеш з намі да раніцы, пакуль не сыдзем. Не крыўдуй — веру табе, але ж чорт можа за язык пацягнуць.
Васілька кіўнуў і бухнуўся ў сена каля бэйбусаў. Тыя незадаволена папыхцелі і адсунуліся. Васілька зноў падпоўз бліжэй, але браты і на гэты раз з буркаценнем адхінуліся ад яго. Хлопец не ўтрымаўся і зарагатаў.
— Я для вас як пракажоны.
— Ты дурань, — пакрыўдзіліся тыя.
— Дык жа дурнотай нельга заразіцца!
— А ну цябе!
Васіль зноў падцягнуўся бліжэй і шапнуў:
— А што з вашым малым?
— Іванкам?
— Ну.
— Хадзіў з вёскі ў вёску і старцаваў разам з братам. Так і знайшлі.
— А вочы?
Той матнуў галавой.
— Брат выкалупаў, каб шкадавалі людзі ды грошы давалі.
— Бог з табой! Брэшаш!
— Не бажыся дарэмна. На гэтым свеце і не такое пабачыць можна. Жывуць і людзі, і нелюдзі. Мы, як іх сустрэлі, у п’янага малечу адбілі і ўцяклі, а па дарозе сустрэлі дзеда Мітрафана. Дзіўны ён трохі, ды няхай так...
— Угу, — згадзіўся другі, — ішоў, і за ім людзі. Шмат людзей... Вёў іх, значыцца, за сабой, дык і мы пайшлі, бо назад вяртацца ўжо нельга.
— А што так?
— Беглыя. Барын наш злы, як сабака, то во і...
Яны пераглянуліся і зірнулі на дзеда з малым.
— Спі, давай, а то распытваеш. Во народ тут дзіўны: самі ўсё слухаюць, думаюць пра нешта сваё, а табе ні гу-гу. Ваўкі...
Хлопцы ўлегліся і больш не вялі гутарку, але Васілька ніяк не мог заснуць. Ён утаропіўся ў дзве фігуркі — дзеда і Іванкі. Ляжаў, добра разумеючы, што яны, хоць і не варочаюцца, але яшчэ не змружылі вочы. Хлопчык час ад часу падхопліваўся, прыслухоўваўся да дыхання старога ды зноў скручваўся ў клубочак.
— Іванка, — паклікаў дзед.
— Угу?
— Чаму не спіш?
Малы шморгнуў носам і муркнуў:
— Баюся.
— Чаго?
— Што засну тут, а прачнуся адзін.
— Дурненькі.
— А раптам знікніце? Дзед Мітрафан засмяяўся:
— Без цябе не пойдзем.
— Праўда?
— А то!
Ён супакоіўся і падлез бліжэй да старога.
— Дзеду, раскажы яшчэ раз пра той востраў, — папрасіў.
— Які?
— Ну, той, куды мы ідзём.
Дзед уздыхнуў.
— Ён вялікі.
— Большы, чым Ноўгарад?
— Не, — стары нават усміхнуўся. — Ноўгарад значна большы, чым Ветка. Розныя людзі жывуць там. Ёсць і такія, як Павал з Міхалам. Яны хоць беглыя, але нашы веткаўцы іх прымаюць. Людзі тамака добрыя, не ведаюць спакусы віна і вераць у нашага Бога.
— А як яны туды трапілі?
— Калісьці даўно іерэй Кузьма, які служыў у Маскве ў царкве ўсіх Святых, вырашыў ісці ў Старадуб’е да свайго сябра палкоўніка Гаўрылы Іванова. Разам стварылі яны паселішча каля ракі Пануроўкі. Хутка і людзі пачалі прыходзіць. Але ж мінула колькі гадоў пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча, і царыца Соф’я Аляксееўна загадала беглых людзей, што жылі ў старадубскіх лясах, схіляць у новую веру і вяртаць на былыя землі. Стараверы пачалі разбягацца, а святары Кузьма і Стэфан вырашылі ісці на землі суседняга княства. Яны ўзялі бліжэйшых сяброў і пасяліліся на выспе, якая называлася Ветка. Вельмі хутка тут сабралася столькі люду, што яблыку недзе было ўпасці, бо вабілі сюды чуткі пра надзейны прытулак. Купцы, рамеснікі веткаўскія вядомыя, а яшчэ больш знаныя іканапісцы з манастыра.
— Дзеду, а ты гаварыў, што палілі Ветку.
— Так. Даўно тое было. Імператрыцы надта ж не падабалася, што тут люд просты ад крыўды праўду шукае, вось і загадала свайму палкоўніку пакінуць Ветку толькі тады, калі яе ў попел ператворыць. Людзей тады на былое месца жыхарства вярталі, а самых "языкатых" у асобныя пасяленні адправілі. Епіскапа нашага, святога чалавека, Стэфанія ў Кіеў у турму кінулі, святара Іова — у Валдайскі манастыр, а Варэановія — у Пераяслаўскі. Ніхто з іх і не вярнуўся адтуль пасля: там і аддалі Богу свае чыстыя душы.