— Не, мамка. Мне Параска пра вадзяніц распавядала.
Пані Марыя засмяялася:
— Зноў, Параска, пужаеш казыткамі?
Параска паружавела.
— Ды хіба я пужаю каго? Я што чула, тое маёй ясачцы і распавядаю.
Пані Марыя стаяла каля дзвярэй і паглядала на дачку. Вочы яе ззялі, бо прыгадала, як сама сядзела са сваёй нянькай кожны вечар і слухала яе байкі. Тады было так добра, спакойна ў бацькоўскім маёнтку каля парку з мядовымі ліпамі, сярод якіх салодка пахлі здзічэлыя ружы.
З задумення яе вывеў Вацлаў. Яго ніхто спачатку і не заўважыў, бо малы сядзеў за спінай у маці, учапіўшыся маленькімі ручкамі за складкі рукавоў. Хлопчыку надакучыла быць аднаму без увагі, да якой прызвычаіўся, таму ён высунуўся з-за матчынага пляча і выкрыкнуў:
— Лудові-іка!
Засмяяўся срэбным званочкам і схаваўся зноў.
Сястрычка віскнула і падбегла да яго.
— Матулечка, можна я пакалыхаю?
Пані схілілася, і малая ўзяла браціка на рукі.
— Станіслаў, ты мяне любіш? — пыталася дзяўчынка.
— Лублу.
— Лубіш! І я цябе. А давай зараз заказычу!
Малец пачаў вывёртвацца, але не змог. Тады раптам ён заплакаў, спрабуючы такім чынам спыніць сястру. Людовіка ж не пускала, і малы паклікаў маці:
— Мама, мама, яна мяне крыўдзіць!
Нарэшце ён вызваліўся і пабег да ложка. У боціках ускараскаўся на яго і залез пад коўдру. Людовіка пачала стукаць па коўдры, каб Станіслаў выпаўз адтуль, але брацік адказваў звонкім смехам і зашыўся яшчэ глыбей.
— Стасік! Нашто ў ботах усцёгся?! Мне тады спаць пасля цябе, — крычала дзяўчынка.
— Ха-ха-ха! — толькі і даносілася з-пад коўдры. — Не выкурыш!
— Параска, скажы яму! — крыкнула яна тады на служку.
Параска пачала ўгаворваць паніча.
— Родненькі, добранькі, выходзь, а то, барані Божа, яшчэ захлынешся. Я табе казку распавяду пра вадзяніка, хочаш?
Станіслаў сцішыўся і высунуў галаву.
— Таго, што ў возеры жыве?
— Так.
Малому спадабалася прапанова, і ён выпаўз са свайго сховішча. Пані Марыя кіўнула старой і звярнулася да сына:
— Ты, Стасік, ідзі з Параскай у свае пакоі, а я пасля прыйду цябе пацалаваць.
— Мама, я хачу з вамі! — стаў прасіцца ён.
— Я казку гэтую чула, таму застануся з Людовікай. Параска табе дапаможа распрануцца і пакладзе спаць.
Яна ўсміхнулася.
— Ідзі, — буркнула Людовіка.
— Ну і пайду! Мамка, дай бусу!
Ён падбег да маці, і тая пяшчотна пацалавала шухрая ў лобік.
Калі Параска вынесла яго з пакоя, пані звярнулася да дачкі.
— Луіза, не крычы на браціка. Ён маленькі яшчэ.
— Затое б’ецца моцна.
— Сама ж лезеш.
— Не.
— Што не?
Людовіка пачырванела і схіліла галаву. Пані кіўнула Улляне, і тая выйшла за дзверы, а жанчына абняла дачку.
— Маму, я не хачу з ім біцца.
— Добра, — шапнула пані.
Вочы малой засвяціліся.
— Я сон добры сасніла.
— Які?
Дзяўчынка залезла пад коўдру і пачала распавядаць.
— Маці Божую бачыла. Гуляла па белым-белым садзе, і раптам з’явілася Прачыстая Дзева. Мамка, яна такая прыгожая!
— А чаму думаеш, што гэта была яна?
— Сама сказала.
— Сама?
— Так. А пасля ўзяла за руку і павяла па сцежцы.
— І ты пайшла за ёй?
— Я не хацела спачатку, але згадзілася. Толькі...
— Што?
— Мне цябе было шкада.
— Чаму? Я таксама там была?
— Ага. Ты мяне клікала, але Божанька мяне не адпусціў. Мама, гэта добры сон?
— Добры, Луіза, — сумна ўсміхнулася пані Марыя. — Божанька цябе любіць.
— Тады буду спаць. Яна сказала, што хутка да сябе забярэ, гуляць са мной будзе.
— Спі.
Пані Марыя дакранулася рукой да галавы і пацалавала дачку.
— Спі, доня.
— Мама, а я хачу, каб яна мне зноў прыснілася.
Вочы шляхцянкі напоўніліся слязьмі.
— Не, доню, не трэба. А як іншым дзеткам? Яны таксама хочуць пагуляць з ёй.
Яна з пяшчотай лашчыла малую і ўсміхалася праз слёзы.
— Але калі ў наступны раз Божанька павядзе цябе, то скажы, што не можаш, бо мамка не хоча адпускаць.
— А як не згодзіцца?
— Тады папрасі жаласна, каб і мяне з вамі ўзяла.
— Дык мо і Стасіка, бо не застанецца адзін.
— І Стасіка.
— А тата з Альбертам няхай тут будуць. Я не хачу з імі.
— Няхай.
— То добра. Вы ідзіце, мамка. А то Сон да мяне не прыйдзе.
Яна накрылася і заплюшчыла вочы. Жанчына схіліла галаву, пацалавала дачку і пайшла да сябе.
***
Над стромкімі берагамі Піны, якая дабягала да спакойнай плыні Прыпяці і ў віры злівалася з ёй, узвышалася сярод рэк і балот сапраўдная сталіца Палесся. Пінск займаў значнае месца сярод іншых пасяленняў Вялікага Княства, а ў XVI стагоддзі пышнасцю і раскошай саступаў толькі Вільні. Рэкі Піна і Прыпяць змаглі даць яму значна больш, чым дары сваіх вод. Іх глыбіня дазваляла спакойна праходзіць караблям, што служыла развіццю судаходства, а тое давала значны прыбытак. Яго вузкія вуліцы, уплеценыя ў суцэльнае павуцінне шляхоў, з завулкамі звіваліся ў вузел на замкавым пляцы. Там калісьці стаяў драўляны замак, які атачалі роў і земляны насып. Аж да часоў Боны Сфорцы ён быў рэзідэнцыяй князёў Юр’евічаў, дарэчы, паяднаных крывёй з кіеўскімі князямі, і Нарымунтаў. Але пажар вайны не пашкадаваў яго, калі ваявода Валконскі загадаў сваім атрадам спаліць замак дашчэнту.