Гэтым першым зімовым днём па бруку яго вуліцы ехала карэта. Пан Юзаф акінуў поглядам наваколле і павярнуўся да дачкі.
— Тут жывуць nobilis, а за другой лініяй умацаванняў селяцца простыя мяшчане. Я загадаў аб’ехаць калегіум, каб паказаць табе касцёл Святога Станіслава. Ён адзін з самых старых у нашым гаспадарстве. Думаю, ты будзеш задаволена.
Катажына любавалася святыняй, якая была сапраўдным сэрцам горада, узвышалася над усімі пабудовамі і здалёк дарыла сваё святло і надзею. Далей карэта павярнула да езуіцкага калегіума3. Гэты будынак быў выкананы ў буйных пластычных формах ранняга барока. Барочная пластыка праяўлялася ў аркатурным і пілястравым аздабленні фасадаў, у фігурных, з багатымі валютамі тарцавых шчытах двухсхільнага даху з "заломам". Калі фурманка спынілася, шляхціц з дачкой выйшлі і пакрочылі да ўваходу.
— Адзін туды пайду, — прамовіў пан Юзаф.
— Добра, бацька. Я пачакаю.
Той стаў падымацца па лесвіцы, а дзяўчына прысела на лаву. Раптам яна заўважыла, што за ёй назіраюць дзве пары вачэй. Два маленькія хлапчукі стаялі за парэнчамі і пазіралі на шляхцянку. Катажына ўсміхнулася і паклікала іх. Малодшы з іх, павагаўшыся, зрабіў некалькі крокаў наперад і спыніўся. Большы назіраў за ім, але не жадаў выпаўзаць са свайго сховішча.
— Падыдзі, я не зраблю нічога злога, — сказала яна.
Хлопчык пасмялеў і падышоў бліжэй.
— Хто ты?
— Генлых.
— Скажы, Генрых, ты ведаеш Марціна Нямцэвіча?
Хлопчык кіўнуў.
— А дзе ён?
— Пабег туды.
— А мяне правядзеш?
— Не!
— Чаму?
— Там Тхол.
— Які Тхор?
Яна вымавіла гэта занадта гучна. Малыя скурчыліся і, відавочна, баяліся пра яго гаварыць. Абодва бялявыя, з рабаціннем на доўгіх насах і ўпалымі шчокамі, дзеці былі як заморышы, якія ледзь трымаліся на нагах. Шляхцянка працягнула руку да малодшага і ўсміхнулася. Той адказаў тым жа, зрабіў яшчэ крок насустрач, але пачулася нечая хада і хлопчыкі, як па камандзе, пабеглі прэч.
Катажына зноў засталася адна. Пачакаўшы яшчэ трохі, яна паднялася і пакрочыла ў той бок, куды паказаў малы. Доўга блукала па шырокіх калідорах, калі, нарэшце, убачыла прыадчыненыя дзверы. За імі ў пакоі вялі размову два чалавекі. Галасы гучалі прыглушана, але, зрабіўшы яшчэ некалькі крокаў, Катажына змагла чуць іх гаворку.
— Лічыце гэта неабходным? — спытаў дрыготкі голас.
— Я ўпэўнены, мой брат.
— А калі не ўсе змогуць? — спрабаваў пераканаць першы голас.
— Хто будзе супраць, таго пераканаем розгамі. Гні дрэва, пакуль яно маладое.
— Але яны ж дзеці!
— Дзеці вырастаюць і слухаюцца менш. Таму будзе лепш, калі зразумеюць гэта цяпер. Вы мусіце памятаць, што дзеці — кветкі жыцця, спадар Барташэвіч. Кветкі! Разумееце? — ён засмяяўся і працягваў. — Гэта значыць, што мы з вамі з’яўляемся садоўнікамі. А што павінны рабіць садоўнікі?
Чалавек зарагатаў, і Катажына пачула яго лёгкую хаду, але зразумела, што не паспее збегчы і знерухомела. Толькі мужчына не меў намеру выйсці з аўдыторыі. Наадварот, цяпер ён стаяў яшчэ далей, чым першапачаткова.
— Бачыце гэтую герань? — спытаў ён у свайго суразмоўцы. — Той, хто яе даглядае, — дрэнны садоўнік. Калі я прынёс кветку сюды, то была найпрыгажэйшая з маёй калекцыі, а цяпер нават самая горшая з яе будзе лепшай за гэтую. Уявіце сабе, што я аддам герань вам. Даю на адсячэнне свой палец, што вы зможаце выхадзіць яе.
— Дзякую за давер...
— Вы не зразумелі, — абарваў яго езуіт. — Я гаварыў не пра кветкі, а пра нашых вучняў. Мы з вамі — садоўнікі, і можам вырасціць з гэтага насення тое, што пажадаем.
Ён зрабіў крок і паўтарыў яшчэ раз.
— Што пажадаем, спадар Барташэвіч. Дзеці вырастуць, а хто будзе мець на іх уплыў? Хто зможа накіроўваць іх думкі? І касцёл...
Катажына не пачула апошніх слоў, бо з боку лесвічнай пляцоўкі нехта тупаў па прыступках. Дзяўчына паспяшалася схавацца за выступам сцяны, і езуіт не заўважыў яе. Калі ён зайшоў у аўдыторыю, шляхцянка выскачыла і асцярожна пакрочыла да сходаў. Раптам яна пачула ўсхліпы. Катажына пачала спускацца, але, апынуўшыся ў тупіку першага паверха, нікога не знайшла. Тады шляхцянка заплюшчыла вочы ды паспрабавала па гуку зразумець, дзе знаходзілася схованка маленькага румзы. Павярнуўшыся ў той бок, адкуль, меркавала, даносіўся плач, яна расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабой дзверы, якія напалову прыкрывалі лесвіцу і тупік. Дзяўчына асцярожна пацягнула іх на сябе і, калі святло трапіла ў цемру, убачыла вучня, які сядзеў на каленях, закрыўшы твар ручкамі. Хлопчык нават не чуў, як яна падышла ззаду і ўздрыгнуў, калі паклала яму далонь на плячо. Ён азірнуўся і спуджана паглядзеў дзікаватымі вачыма на яе. Нарэшце зразумеў, што перад ім не прывід, а сястра і кінуўся ў яе абдымкі.