— Кася!
Але раптам, спужаўшыся свайго крыку, прыхіліўся чубатай галавой да яе жывата. Звычайна ён так рабіў, калі прыходзіў плакацца пасля чарговага бацькавага пакарання. Хлопчык абняў сястру і зашморгаў носам, але не сказаў ні слова. Катажына цярпліва чакала, калі сам распавядзе, што з ім сталася.
— Я больш не хачу заставацца тутака, Кася, — пачаў жаліцца брацік. — Я баюся.
— Цябе пакаралі?
Марцін усхліпнуў.
— За што, мой родны? — спытала яна, пагладзіўшы яго па чупрыне.
— Я спытаў у настаўніка, чаму Бог не заб’е д’ябла.
— І што табе адказалі?
— Нічога. Ён выйшаў, а вярнуўся з розгамі.
У Марціна зноў задрыжэў голас.
— Кася, мяне лупцавалі пры ўсіх. Калі бацька нічога не зробіць, я збягу адсюль.Яна абняла яго і пацалавала ў ільняныя валасы.
— Дурасік, не гавары так. Бацька прыехаў, каб забраць цябе адсюль.
— Праўда?!
— Праўда.
— І мы сёння будзем дома?
— Ага. Пойдзем, нашто сядзець пад лесвіцай?
Хлопчык шморгнуў носікам.
— Хаваўся ад настаўніка.
— Але ж кабінеты недалёка, маглі хутка знайсці.
— Не, наадварот: тут не шукалі б. Звычайна зайца ловяць у лесе, а не на двары паляўнічага.
— Хітрун! Я б не датумкала, — засмяялася дзяўчына і пачала падымацца па прыступках.
На калідоры другога паверха яны сустрэліся з панам Юзафам. Ён ужо паспеў разабрацца з усімі справамі, з’есці абед у дырэктара і цяпер, задаволены сабой, кандыбаў па калідоры да выхаду.
— Ух, мае чэрці! — выпаліў, але адразу прыкрыў рот і пачаў азірацца, каб упэўніцца, што ніхто не пачуў яго слоў.
— Анёльчыкі, — выправіў сябе і зірнуў з блюзнерскай усмешкай на сына з дачкой. — Ну, пойдзем мо, а то я ў такім месцы, можна сказаць, Божым доме, яшчэ нараблю столькі грахоў, што нават чэрці з пекла выпруць.
— Тата, — з дакорам шапнула Катажына.
— Добра, добра, маўчу, донечка. А наш спадар-дабрадзей, — звярнуўся ён да сына, — згроб рэчы ў куфар?
— Не.
— Дык дзе ж ты так доўга бадзяўся? Хутчэй збірайся! Зараз табе служку прышлю, каб дапамог. Хадзем, доню, няхай гэтаму невуку стане сорамна, што такі няспрытны.
Ён засмяяўся і падміргнуў.
— Што стаіш, як прырос? Калі праз хвіліну не вернешся — без цябе паедзем.
Пачуўшы тое, хлопчык даў такога драпака, быццам за ім ваўкі гналіся. Бацька
толькі крэкнуць паспеў ад здзіўлення. Марцін жа бег што ёсць моцы. Дужа баяўся, што бацька зменіць рашэнне. За год навучання ён зненавідзеў усё, што мела хоць нейкую сувязь з калегіумам. І не столькі апантанасць у служэнні Богу, колькі жорсткая дысцыпліна, якой прытрымліваліся езуіты, прыгнятала яго. Уляцеўшы ў пакой, ён кінуўся да сваёй паліцы, скінуў усе рэчы на ложак і пачаў іх перабіраць. Ад хвалявання Марцін нават не заўважыў, як у пакой увайшлі два хлапчукі. Абодва ў форме, бялявыя, з доўгімі насамі і тонкімі вуснамі. Яны здзіўлена пазіралі на Марціна. Нарэшце малодшы спытаў:
— Няўжо ты, Малцінка, хочаш збегчы?
Марцін азірнуўся.
— Чаму так?
— Вось лэчы пакуеш, ды і сам узлушаны.
— Ну вас! Выдумалі!
— А мы, можа, хвалюемся за цябе. Вось сёння перад Тхолам цябе абаранялі. Ты ж не прысутнічаў на занятку, — абурыўся Казімір.
Марцін паглядзеў з-пад ілба на іх. Тхорам называлі выкладчыка тэалогіі, які быў самым лютым сярод настаўнікаў. Вучні не любілі яго і злую мянушку спецыяльна вымаўлялі са скажэннем літары "р", як гэта рабіў ён.
— І што сказалі?
— Бы хворы.
— Паверыў?
— Не. Цябе ўвесь калегіум шукае. Калі знойдуць, то і ў хвост, і ў грыву дадуць!
— Радуешся?
— Дурань, мы ж сябры!
— То прабач. Не хацеў цябе пакрыўдзіць, Казімір. А ты што скажаш? — звярнуўся ён да другога.
Малец абняў Марціна і муркнуў.