Зуліся непрыкметна пазірала з-за печы і сама ледзь не кісла са смеху: такі дзіўны быў гэты чужынец. Ён сядзеў на маленькім слончыку і разглядаў дзедавы кошыкі. Гледзячы на яго, можна было упэўніцца, што не перавяліся на зямлі волаты. Рукі Сцяпана былі амаль у два разы таўсцейшыя, чым ножка таго ж слончыка, а шырокія моцныя плечы падужаліся б і з дубам. Маленькія вочкі хаваліся за пульхнымі шчокамі, але адтуль ззялі, смяяліся, хоць у іх глыбіні ўсё ж была туга.
Увесь час чужынец размахваў рукамі, штосьці спрабуючы растлумачыць, і моршчыў лоб, калі жартаваў. Адзеты ж быў па-дарожнаму, але не як звычайны пілігрым. Гэта быў шляхціц, пра што сведчылі шабля і стары сыкгнет, што блішчэў на руцэ.
Офенберг нешта апавядаў пра знаёмага шляхцюка, якому "пад мухаю" (дарэчы, выжлукціў, напэўна, не адзін келіх медавухі) "давялося сустрэцца з гусаком, а ён, ёлуп, падумаў, што курыца, і пачаў дражніць. Потым уцякаў ад "чортавай птушкі" аж за тры вярсты, пакуль яе не з’еў сабака. Толькі чамусьці па апісанню той пасвіўся на лузе і меў дужа моцныя, бы з камення, капыты..."
Тут Зуліся не вытрымала і зарагатала. Звонкі дзіцячы смех ляцеў, як птушка, па хаце, адгукаўся ў кожным куточку. Незнаёмец спачатку не зразумеў, што здарылася, але потым убачыў яе і сам схапіўся за жывот.
— Што гэта тут за мыш такая з’явілася, га? Пакажыся! Ну, чаго рагочаш, птушанё малое?
Зуліся падышла бліжэй.
— Ух, якая лялька-прыгажунька! Мабыць, добрая будзе нявеста. Вось глядзі, праз год дзесяць буду ў цябе на вяселлі скакаць ды медавуху піць, — жартаваў дзядзька.
Дзед зірнуў на іх і паклікаў унучку.
— Зуліся, ідзі снедаць, а потым пакорміш цялё.
Малая ўселася на лаву, падсунула міску і пачала сёрбаць капусту, шыбуючы нагамі пад сталом.
— Зуліся, я што табе казала? — гукнула дзяўчынку маці. — Зноў чарцей на назе гушкаеш? Вось паселяцца ў хаце і будуць на цябе злыя сны насылаць!
Дзяўчынка супакоілася, але толькі на кароткі час, бо ёй было цікава: як гэта нячысцік сядзіць у яе на назе, але такі лёгкі, як аблачынка.
— Эт, не крыўдзіце мне малую, — заступіўся чужынец. — Чорт усюды, дзе ёсць медавуха, толькі ж бабы надта баіцца. Ёсць у мяне для цябе падарунак, лялька!
Чалавек злез са слончыка і пацёгся да свайго клунка. Там з крактаннем пачаў шукаць штосьці.
— Цьфу ты, кадук яго пабяры, во схаваў! — пракрактаў ён.
— Дзядзечка, не плюйцеся, — засмяялася дзяўчынка.
— Чаму ж гэта?
— Нельга. Дзед гаварыў, што як плюешся, то ў пекле будзеш лізаць катлы.
— То мана!
— Не. Ён учора, калі галавешка з печы ўпала, сказаў, што госці будуць, а вы тут сядзіце — значыць праўда.
— Ну добра. Паверу, бо жаніцца з магілай не надта хочацца, — рагатаў чужынец. — Але глядзі сюды, — і ён выняў гліняную свісцёлку. — Купіў для Феліцыяна, але ён цяпер не грае.
Шляхціц паднёс яе да вуснаў і падзьмуў. Прыгожая і журботная мелодыя напоўніла пакой, быццам заспявала, заплакала птушка.
— Трымай, гэта табе.
Зуліся асцярожна ўзяла цацку, нібы тая жывая і можа зляцець з далоняў. Птушка была прыгожа размаляваная фарбамі: на крыльцах стракацелі чырвоныя і чорныя пёркі, зялёны хвосцік тапырыўся, як у пеўня, а шыйку мастак аздобіў жоўтым колерам.
— Прыгожая. А вясёлыя песенькі яна ўмее спяваць?
— А то як жа. Няхай Феліцыян табе лепш пакажа, бо ў мяне не атрымліваюцца. Ён так і гэтак можа.
— Дзе ж ён?
— Напэўна, пабег кудысьці ў лес. У вас такія прыгожыя мясціны, а дубравы аж з нябёсамі шэпчуцца!
Зуліся накінула кажушок і выбегла на двор.
— Вось зух малы! Бач ты, паляцела. Гора мне з ёй: якое хлапчо як дзяўчо, а гэта дзяўчо як хлапчо. Ну, няхай сабе бяжыць. Святая Магдалена яе апякунка: без бацькі расце з братам.
Ён апусціў вочы і зноў прыняўся плесці кошык.
***
Калі малая адчыніла дзверы, то не ўтрымалася і заплюшчыла вочы. Снег ззяў на сонцы так ярка, што было цяжка на яго глядзець. Маленькія сцежкі, прачышчаныя дзедам праз намеценыя гурбы, вялі да хлявоў, веснічак і на вуліцу. Дзяўчынка з надзеяй зірнула ў бок склепа, дзе ў яме пад навесам звычайна спаў сабака. Там нікога не было, бо Туган збег яшчэ тры дні таму і не вярнуўся. Дзед казаў, што той быў стары і пайшоў паміраць у лес, але Зуліся не хацела даваць веры. Яна яшчэ ўчора ўвечары, каб не бачыла маці, лазіла ў падпечак і марна гукала Тугана. Дзяўчынка сумна паглядзела і пайшла па сцежцы на вуліцу.
Дзве спуджаныя сарокі зляцелі з яліны, калі ўбачылі яе. На другім баку гасцінца каля студні стаяў нехта і ўважліва разглядаў яе.