Выбрать главу

— Паніч у парку практыкуецца ў фехтаванні.

— Тады адвядзі і гэтага туды. Яму, думаю, таксама не перашкодзіць памахаць шпагай, бо за год вучобы мог і забыцца, як яе трымаць.

Янка пакланіўся і пайшоў да дзвярэй, што вялі да выйсця ў парк праз веранду, а Марцін пакрочыў за ім. Калі служка з панічам выйшлі, Адам павярнуўся да сябра і сказаў:

— Нам будзе лепш у маім кабінеце, дзе ніхто не будзе перашкаджаць.

— Вы не прымаеце гасцей?

— Не.

— А як жа хлопчык? Ён без бацькоў?

— Гэта мой хрэснік. Заязджае да мяне даволі часта, а я прыгаіўся душой да яго.

— Прозвішча?

— Сын Адама Касцюшкі — Тадэвуш. Годны сын год нага бацькі. Дык чаму, кажаш, вырашыў Марціна забраць?

— Хачу, каб вучыўся на ваенны чын. Можа, парадуе мяне на старасці, стане слынным ваяром.

— А ці не так даўно вашамосць хацеў, каб малец атрымаў добрую адукацыю?

— Дык да яго навука прыстае, як гарох да сцяны. Што тут ужо зробіш?

— Змучыш дзіця, браце, са сваімі пераборамі! Куды цяпер аддаць мусіш?

— У Нясвіж.

— Ого! Корпус кадэтаў?

— Толькі цяпер "Корпус артылерыі і фартыфікацыі".

— Пане Каханку пастараўся? Ператварыў бацькаву задуму на свой капыл.

— Акрамя вайсковай архітэктуры маецца і цывільная.

— А чуў, што ў Слуцку Геранім заснаваў таксама школу кадэтаў?

— Гэтаму злодзею я і сабаку не аддам у яго школу! Кожны гад мае свой яд, а ў гэтага на ўсю Рэч Паспалітую хопіць.

— Неяк не дагадзіў табе? — засмяяўся Пратасевіч.

— Гэтага пацука толькі чорт панам кліча. Сустрэўся я з ім не так даўно ў Менску. Пыхі столькі, колькі кароль сабе не дазволіць. Увесь сам з сябе, нос у неба ўтыркнуты, а вочы, напэўна, у свінні пазычыў.

— Ды не ганьбі ты з-за аднаго ўсё кодла.

— Ты пра Рыбаньку? Той у параўнанні з ім — авечка, але вось сынок яго разам з Геранімам д’яблу душу прадаў. Здаецца мне, што пасля смерці бацькі, калі некаму будзе трымаць за каўнер, пакажа яшчэ сябе.

— Не так даўно яго, дарэчы, выбралі маршалкам Літоўскага Трыбунала.

— Як? Хто?

— Я думаў, Юзаф, ты ўжо сталы чалавек, ды вось гаворыш, як дзіця. Падумай сам. Бацька, канечне, грошы добрыя пад ногі панам кінуў, ды яму ад гэтага хлеба на стале не паменшае. Дык чаму ж не даць пасаду? Час сыну прыйшоў. Акрамя таго, яго любіць народ, што на папойках бывае. Пра Альбанскую банду ты таксама не чуў? Брыдота! Свайму дзяржаўцу яны нахабна ў вочы смяюцца, а тут, як дваровыя сабакі, гэтаму слізню боты ліжуць...

— Кадук яго бяры! А як справы пры двары? Што новага чуваць?

— Там таксама не салодка. Тузом дворскай партыі цяпер Бруль. Яму сам кароль верыць.

— Я чуў, бы яго з Саксоніі вытурылі праз усеагульную нянавісць.

— А то! Хто ж з галоты будзе любіць таго, хто ўвёў такія падаткі, што кішэні пустыя? Ды вось гэты хцівец цяпер у нашым гаспадарстве пажывіцца захацеў. Трэба аддаць належнае, хутка, поскудзь, разабраўся ў міжусобнай валтузні. Сцяміў, што Аўгуста III Расея на трон пасадзіла, значыць, і наступнага, у выпадку чаго, руская баба з-пад абцаса выкіне, таму заняў бок Чартарыйскіх.

— Я пра гэта ведаў.

— Няўжо? Ну і што яшчэ сарокі на крылах носяць?

— Кажуць, Чартарыйскія для яго "міласць гаспадарскую" здабылі і дакументы на годнасць падрабілі.

— І гэтым хацеў здзівіць? Цяпер такіх даволі.

— Тое не ўсё. Яго сынку да паўналецця дарасці патрэбна б было, а малец ужо варшаўскі староста.

— Шчодра.

— Вось і я пра тое. Ды не доўга сябрамі былі, бо Брулю палец у рот не кладзі... Толькі Чартарыйскія доўга не цярпелі, такую поўхву яму заехалі. Справа тут такая, што пан Генрых задумаў дачку сваю выдаць за Казіміра Панятоўскага, а сына ажаніць з дачкой Аўгуста Чартарыйскага.

— Ого! Кавалак вялікі! А Чартарыйскія?

— Адмовіліся.

Юзаф зарагатаў.

— Бедны Генрых. Калі хоча, то магу яму нявесту сярод сваёй дворні пашукаць!

— Што не бедны, то магу цябе запэўніць, а вось за абразу Чартарыйскія паплаціліся. Дачку саксонец выдаў за надворнага маршалка кароннага Юрыя Мнішка. Як ведаеш, даўняга ворага Чартарыйскіх.

— Нядоўга ліса плакалася!

— Толькі гэтае сватанне не адзінай прычынай было, з-за чаго Бруль з імі грызціся пачаў. Чартарыйскія хацелі ўвесці рэформу, ад якой сын быў бы каранаваны яшчэ пры жыцці. Яны ж на сябе коўдру цягнулі, каб адзін з іх пасля мог сабе выгоду шукаць.

— Ці не занадта ім? Адкуль такая прыткасць?

— Відаць, адчулі за спінай падтрымку Расеі.

— Але!

Пан Адам падышоў да вакна. Яго погляд на нечым спыніўся, і ён падаў знак сябру, каб той падышоў.

— Глядзі.

На невялікай пляцоўцы паміж трыма клёнамі біліся на шаблях Марцін і Тадэвуш.