Выбрать главу

Увечары Параска доўга варыла нешта ў чыгуне, потым астудзіла, выліла ў гла­дыш і пашаптала над вадой. Непрыемны пах, ад якога цягнула на ваніты, стаяў у каморы. Адвар гэты не толькі смярдзеў, але і меў да таго ж брыдкі цёмна-зялёны, як балотная ціна, колер. Улляна з агідай глядзела на келіх, які працягнула ёй старая.

— Нельга так з лекамі, — сказала жанчына. — Калі ты іх не будзеш шанаваць — не дапамогуць. Пі!

Дзяўчына ўзяла келіх, але рукі дрыжэлі, і яна выпусціла яго. Параска плюнула і пачала выціраць падлогу анучай.

— Чаго тут баяцца? — злавала яна на дурное дзяўчо. — Думаеш нарадзіць крапіўніка? Дзіця ўсё жыццё пакутаваць будзе, бо ніхто яго за чалавека не палічыць.

Старая вымыла рукі і адцадзіла адвар, які застаўся на дне, у новы келіх.

— Добра, што не ўсё выліла. Калі б зноў прыйшлося варыць, то зёлак бы не хапіла. А ну, бяры і моцна трымай!

Улляна праглынула слёзы і выпіла адвар. Параска паглядзела на яе з жал ем, узяла пусты келіх і загадала:

— Цяпер ідзі і кладзіся. Ноч паспіш, а пасля пабачым. Калі ў жываце забаліць, то не звяртай увагі і не ўставай з ложка. Горш будзе.

Улляна кіўнула, але не паспела зрабіць і некалькі крокаў, як адчула, што ногі не слухаюцца, а дзікі боль раздзірае цела. Яна войкнула і павалілася на падлогу. У непрытомнасці ляжала і чула, як над ёй нахілілася старая, а потым пабегла на стайню, каб знайсці каго, хто б мог аднесці дзяўчо ў пакой. Апошняе, што запомніла, была пяшчота нечых дужых рук, якія асцярожна падхапілі яе і паднялі ў паветра.

Раніцай, калі прачнулася, дзяўчына пачула два галасы. Параска з кімсьці гава­рыла каля яе ложка.

— Магла забіць, — дакараў мужчынскі голас.

— Па-іншаму ж ніяк, хлопча. Бачыў, як у Ігумене ў лялькі гуляюць на плошчы

каля касцёла? Там ёсць адна з саламянай каронай.

— Ну.

— Дык калі б дазналіся пра яе ганьбу, то вадзілі б па плошчы з такой каронай разам з грахом, каб іншыя не рабілі! Сядзі лепш тут, а я да панначкі пайду. Прачнецца — скажаш.

Дзеры зарыпелі і зачыніліся, а хлопец падышоў бліжэй. Ён дакрануўся да дзявочай шчакі і прамовіў:

— Расплюшчы вочы. Бачу, што не спіш: павекі міргацяць.

Улляна паслухалася.

— Чаму ты тут?

— Табе ўчора блага было.

— Усю ноч са мной быў?

Міхась кіўнуў і дадаў:

— Крычала ў сне.

У дзяўчыны шалёна закалацілася сэрца.

— Што гаварыла? Ну, чаго маўчыш?

Міхась бліснуў вачыма і сціснуў кулакі.

— Заб’ю яго! Сябе не пашкадую, але адпомшчу. Няхай толькі трапіць на вочы!

Улляна закрыла твар далонямі.

— Божа, — прашаптала яна і пачула, як хлопец падняўся ды выйшаў за дзверы.

***

Нетаропкім, мяккім поступам Катажына ішла па калідоры да свайго пакоя. Лёгкасць хады і няўлоўная жаноцкасць прысутнічалі ў кожным яе руху. Зачыніўшы дзверы, яна заплюшчыла вочы і стаяла некалькі хвілін, не кранаючыся з месца. З адчыненага акна веяла холадам. Панна здзівілася: перад яе адыходам яно было зачынена. Відаць, шалёны вецер змог падужаць рамы і цяпер гуляўся па пакоі. Ён раскідаў паперы, а тонкія свечы на далікатных падстаўках скаціліся ў вугал, фіранкі былі абарваныя і кідаліся ў бакі пад кожным павевам, сцябаючы сцены. На ложку ж ляжаў вялікі чорны сабака. Ён вінавата пазіраў на гаспадыню.

— Талан! — крыкнула на нечаканага госця. — Ты зараз жа пакінеш пакой!

Сабака завіляў хвастом, але не крануўся.

— Талан!

Яна сур’ёзна глядзела на яго, але хацелася чамусьці рассмяяцца: такія вочы былі ў гэтага бандыта. Яшчэ шчанём прывучала яго да парадку і паслухмянасці, але Марцін распесціў сабаку, які больш не слухаўся загадаў і выкідваў розныя дурыкі. Вось і цяпер, нягледзячы на шматлікія спробы адвучыць Талана ад звычкі забірацца на яе ложак, ён зноў прабраўся ды ўсцёгся на падушкі. Шляхцянка падышла да сабакі і, ухапіўшыся за ашыйнік, пацягнула на сябе, каб змусіць саскочыць на падлогу. Талан упарціўся, але скарыўся.

— Прэч адсюль! — крыкнула яна.

Талан хрыпеў, вінавата віляючы хвастом. На крык гаспадыні ў пакой убегла Глэся і вывела сабаку. Катажына падышла да расхінутага вакна, зачыніла яго і, трохі памарудзіўшы, прысела ў крэсла. Яна перавяла позірк на партрэт, які вісеў над столікам, адкуль на яе глядзела маці. Не маючы больш моцы трымаць у сабе пачуцці, дзяўчына закрыла твар далонямі і заплакала. Тонкія плечы ўздрыгвалі, а рудыя валасы, якія выбіліся з тоўстай касы, спадалі на іх і гарэлі полымем.

— Матулечка, я больш не стрываю, — прашаптала яна.

Неадольнае пачуццё наканаванасці, якую не ў стане была змяніць і аспрэчыць, здалося занадта жорсткім. Раптам стала шкада бацьку і не хацелася расставацца з Марцінам. Але і іншая думка заляцела ў галаву. Яна зноў стала каля люстэрка і выпнула жывоцік. Усмешка з’явілася на твары маладой шляхцянкі. На момант дзяўчына заплюшчыла вочы, але сумелася, засаромелася свайго выбрыку і закрылатвар далонямі. У пакой прасунула галаву Глэся, каб сказаць, што бацька загадаў збірацца.