Сцяпан сумна ўсміхнуўся... На пачатку стагоддзя разгарэлася вогнішча хатняй вайны на абшарах няшчаснага краю. Магнаты біліся жорстка, люта. Кажуць, што Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць, а гэтыя... Офенберг зачыніў куфар і доўга сядзеў задуменны. Колькі давялося пабачыць на свае вочы здрады, угодніцтвады гнілых чалавечых сэрцаў. Гандлявалі пасадамі, маёнткамі з халопамі і нават сумленнем. Пан закрыў твар далонямі, і дзве кроплі пацяклі па шчоках. У змроку дагарала свечка. Як слёзы, сцякаў па агарку воск. Шляхціц паглядзеў на свечку і прамовіў: "Плачаш? То няхай. Хто страціў Бацькаўшчыну, той плача ўсё жыццё".
Яго роздум парушыла пані Тэафілія, якая ўвайшла ў яго кабінет і пачала наракаць:
— Што ты, бацька, зусім ані ў зуб нічога не бярэш, хутка ад ветру звалішся! З пакоя не выходзіш, напаліў тут, хоць сякеру вешай.
— Сціхні! — суха абарваў яе Сцяпан. — Рана мяне зямліцы аддаеш!
— Божухна! Ці ж я пра гэта? Знахарку заўтра да цябе прывяду: вупыр1 да цябе ходзіць. Ён кроў з грудзей п’е, а месца тое потым замазвае, каб нябачна было.
— Паганка! — прыкрыкнуў на яе Сцяпан. — Бога пабойся!
— Барані Божа! Маці так вучыла, людзі кажуць.
Сцяпан паціснуў плячыма.
— Як сабе хочаш.
— Тады схаджу раніцай за бабкай. Адно нядобра: яшчэ ноч так будзеш ляжаць.
— От, знайшла палахліўца, — стары ўжо ўпотай смяяўся з яе.
Тэафілія ўважліва паглядзела на яго і ўздыхнула.
— Не верыш, смяешся. Ну, глядзі тады.
Але ўсё ж прынесла з іншага пакоя свечку і асцярожна накрыла міскай, каб аберагчы мужа ад прывідаў. Яна дапамагла Сцяпану легчы, узяла са стала келіх з недапітымі ім лекамі ды пайшла да сябе. Але той доўга не мог заснуць ад болю ў грудзях. На двары зусім сцямнела, было амаль за поўнач, а яго ўсё не браў сон. Шляхціц варочаўся, цяжка дыхаў і чуў як выў сабака.
— Чакай, не час яшчэ. Хоць тры дзянёчкі дай пажыць, — сіпеў ён.
З кута каля дзвярэй пачуўся ціхі смех. Офенберг змоўк і пачаў углядацца. Вочы балелі, быццам нейкі туман засціў іх, таму шляхціц не мог разгледзець постаць. Тады, з цяжкасцю падняўшы руку, ён адкінуў місу, і полымя свечкі напоўніла пакой. Постаць уздрыгнула, але не знікла, пачала набліжацца.
— Ты? — засіпеў стары. — Сапега? Але ж...
— І што? Хутка сам да Абраама на піва паедзеш. Рыхтуйся.
— Чаго прыйшоў?
— Рахункі звесці. Не пазнаў спачатку?
— Не разгледзеў. Вусны ў цябе апухлі, ды язык, бы джала.
Вупыр ухмыльнуўся.
— Не твая справа. А памятаеш, як разам рукі ў крыві мылі?
Сцяпану зрабілася агідна. Былы сябра нагадаў тое, пра што даўно хацелася забыцца.
— Зялёныя былі, — адказаў злосна, — не разумелі, што рабілі. Уся забава была напіцца. Толькі не забывайся, што не адны Айчыну ў бязладдзе скінулі.
— Анягож! Усе ў пекле сустрэнемся, толькі ў розны час, — зарагатаў Сапега.
— Адзін прыйшоў?
— Не, з Вішнявецкім.
— Міхалам? Ворагамі ж былі!
— Былі, — ухмыльнуўся. — І цяпер свіней разам не пасвім.
— Дзе ж ён?
Сапега спахмурнеў.
— Гавары, што маўчыш?
— У пушчы ваўкалакам ходзіць, чалавека хоча забіць... Ды нашто табе ведаць? Лепш раскажу, дзеля чаго прыйшоў. Палёгку табе хацеў зрабіць перад смерцю. Чуеш, Феліцыян жывы.
Сцяпан прыўзняўся на ложку, але сілы не было, і ён зноў упаў.
— Жывы?!
— Табе пасыльны зманіў. У хлопца сапраўды стралялі, толькі не забілі, а паранілі. Карчмар нейкі падабраў і выхадзіў. Цяпер ён якраз едзе пушчай сюды.
— Жывы... — прастагнаў зноў стары.
Сапега моўчкі схіліў галаву і адвярнуўся. Офенберг зірнуў на яго.
— Маўчыш? Што яшчэ скажаш?
І тут нядобрая думка прыйшла ў галаву.
— Дзе Вішнявецкі?! — жахнуўшыся, крыкнуў на вупыра. — Што вы задумалі?
Сцяпан паспрабаваў устаць, ды не змог. Тады, стогнучы, скаціўся на бок, зваліўся на падлогу і пачаў паўзці да здані.
— Ляжы! — гыркнуў вупыр. — Усё роўна не дапаможаш, бо гэта іх справа. Трэба чакаць.
Сцяпан да болю сціснуў зубы: Сапега гаварыў праўду. У гэты момант полымя свечкі затрымцела, і ў пакоі з’явілася яшчэ адна постаць.
— Злая зорка сёння гарыць на небе. Відаць, наракае, што помстаю не супакоіш душы, — прашыпела яна з цемры і паплыла да ложка.
Стары захрыпеў і закрыў твар далонямі.
Сапега здзіўлена паглядзеў на яго. "Бач, як любіць свайго шчанюка", — падумаў ён і перавёў позірк на Вішнявецкага, шыя якога была сіняй ад запечанай крыві.