Выбрать главу

— Чаго лыбішся? — незадаволена буркнула Зуліся. — Ты Феліцыян?

— Так, — усміхнуўся ён.

Офенберг падышоў бліжэй да студні і паклаў далонь на лёд, які намёрз там ад пырскаў з вядра.

— Не глядзі туды, там Жалезная баба жыве. Вось зацягне да сябе...

Феліцыян засмяяўся:

— Смешная, як жа яна мяне схопіць? Не дацягнецца сюды.

— Падскочыць і схопіць сваім жалезным круком. Мне дзед сказаў, каб не падыходзіла блізка.

— Маніш! У нас гавораць, што Жалезная баба ловіць дзяцей, якія заходзяць адны ў палі і агароды, каб ірваць боб ці гарох.

— Не, яна сядзіць у студні!

— Дурніца, кажу табе, што яе там няма!

— Сам дурны. Я параіцца хацела, а ты тут цвялішся. Каб цябе кот узбрыкнуў!

Зуліся пакрыўджана надзьмула шчочкі і збіралася пайсці, калі Феліцыян схапіў яе за світку, каб затрымаць.

— Ды не крыўдуй. Што хацела спытаць?

— Як шчупак за нос цікаўных кусае. Адчапіся!

Яна пабегла па сцежцы ад студні, але не ўтрымалася на лёдзе і ўпала. Феліцыян падбег да яе і дапамог падняцца.

— Пабілася?

— Лытка баліць, — паскардзілася малая. — Учора яшчэ горай было, калі з зэдліка ўпала. Матуля сказала, што мяне Божачка пакараў, бо раніцай гарлач з малаком разбіла. Толькі тады котка нашкодзіла, а я атрымала бярозавай кашы.

— Нічога, я тваёй котцы хвост за гэта скручу. Пойдзем да таго камня. Ты трошкі пасядзіш, і боль сціхне.

З гэтымі словамі ён узяў яе за руку і павёў да вялізнага шэрага камня, які ляжаў недалёка ад студні. Зуліся ўселася на крайчык і паклала далоньку на халодны камень.

— Гэта фурманка маладых.

— Ты пра што?

— Мне дзед расказваў. Аднойчы гэтым гасцінцам праязджалі фурманкі з вяселля. Паніч закахаўся і насуперак волі бацькоў захацеў ажаніцца. Асабліва лютавала маці: увесь час кляла дзяўчыну, бо мусіла заручыць сына з іншай. На гэтым месцы яна паабяцала нячысціку душу, каб толькі не было вяселля. Затрымцела полымя, і фурманкі ператварыліся ў камяні. Вунь глядзі, ляжаць шэрагам адзін за адным.

— А што з людзьмі?

— Усе ператварыліся ў ваўкалакаў. Ходзяць цяпер каля вёскі зграяй з апушчанымі галовамі. Выюць, каб хто-небудзь зняў праклён, бо хваробы іх не бяруць.

— А як расчараваць?

— Гэта складана. Калі ўбачыш іх, то зайграй на скрыпцы вясельную песню або перакінь суконны пояс ці граблі.

У гэты момант гаспадыня паклікала малых, каб не мерзлі больш на двары.

У хаце было цёпла. Сцяпан з дзедам сядзелі каля агню і, убачыўшы дзяцей, узрадаваліся:

— А вось нашы жэўжыкі! Вы дзе так доўга былі? Мы ўжо думалі, што ў пекла праваліліся. Ідзіце да нас, пагрэйцеся і дайце нагам спакой.

Дзеці падышлі да печы. Зуліся першая ўселася каля яе і пачала глядзець на полымя. Феліцыян прымасціўся каля яе і таксама назіраў, як танчылі гарэзлівыя агеньчыкі на галавешках.

— Ды нікуды сёння не пойдзеце, — працягваў угаворваць стары госця. — Зараз сцямнее. З рання трэба было збірацца.

— Паедзем, — настойваў Офенберг. — Жывым не быць, калі час згублю!

— Табе што, дождж за карак ілье? Забыўся, як учора малы ледзь не скалеў? Упершыню на Асяніны такі мароз, быццам зіма пачалася. Не паспееце да змяркання дайсці да бліжэйшага мястэчка.

Пан зіркнуў спадылба, і дзед зразумеў, што хоць той нічога і не скажа болей, але зробіць па-свойму.

— Слухай што, — вымавіў ён. — Збіраўся паехаць праз тыдзень, але дапамагу табе, бо хлопца шкада. Паеду заўтра ў Кулішкі і давязу вас да мястэчка, а там ужо знойдзеце фурманку.

— Гэта мне падабаецца! Так бы адразу! — ажывіўся той.

Гаспадыня паклікала мужчын да стала і паставіла груцу, а малым пачала пячы аладкі, бо тая рошча, якую яна замясіла для хлеба, выбегла з дзяжы.

— Зуліся, не сноўдайся пад лапатай, — прыкрыкнула яна на дачку, якая шмыг­нула, каб дастаць місу з мёдам. — Расці не будзеш. Бяры вось аладкі ды частуй госця.

Дзеці дзялілі аладку пароўну і ласаваліся, мачаючы ў мёд. Выбіралі соты, клалі ў рот кавалкамі і жавалі так, што трашчала за вушамі. Пад’еўшы, яны выцерлі рукі і палезлі на печ. Там было цёпла ды ўтульна, але цёмна. Прыемна пахла сушанымі грушкамі і яблыкамі, з якіх зімой гаспадыня варыла смачны ўзвар. Стаяў мех з гарбузовымі семкамі, дзедавы лапці ляжалі ў куце, а каля іх котка ўладкоўвалася спаць на клунку з курынымі пёркамі. На сцяне віселі мяхі з цыбуляй, аборкі і старое рыззё.

Дзяўчынка запрыкмеціла котку і паглядзела на Феліцыяна. Той зразумеў яе позірк і пачаў ціхенька падкрадвацца да жывёліны, якая не бачыла іх змоўніцкіх поглядаў і працягвала мыцца. Яе прыгожая карычневая шэрстка з бела-жоўтымі плямамі ўся была ў пыле. Відаць, дзесьці ў кутку злавіла мыш і цяпер, сытая, прыбіралася. Хлопчык падцягнуў да сябе пусты мех. Крадучыся, ён на момант затаіўся, потым знянацку падскочыў і накінуў на котку, а Зуліся хуценька завязала аборкай.