— Ды жывы твой смярдзюк, — гаркнуў вупыр. — Сабака, каб яго чэрці, не падпусціў нават!
Офенберг з палёгкай уздыхнуў і ўпаў у знямозе.
— Асіна па вас плача, — нарэшце вымавіў ён.
— Ну, ты пагавары — разарву! Адно дзяржыся! — выбухнуў Сапега.
Той уздыхнуў:
— Сам да вас прыйду хутка. Дурань ты, горш мне ўжо не будзе.
— Я дурань?! Ды кароль Прусіі ў мяне рады пытаў! У Карла Пітэна аж зубы трашчалі ад злосці. Гэта я, Бенядзікт Сапега, прапанаваў дэтранізаваць караля Аўгуста! Што, не было? Наш Сас і квакнуць у адказ не паспеў. Гэты слімак пасля нават павіншаваў новага караля, забыўшыся, што тыдзень таму сам сядзеў на тым троне... Ці ж гэта мужчына? Праўду гавару, Крыштап?
Трэці цень праплыў каля вакна і накіраваўся да іх. Перад Сцяпанам з’явіўся сам менскі ваявода. Завіша паглядзеў яшчэ раз у вакно, каб ведаць, колькі ім засталося часу і, скрабянуўшы кіпцюром па змерзлай шыбе, павярнуўся да Сапегі.
— Каралём выбралі зялёнага вісуса! — закрычаў вупыр.
Вішнявецкі ашчэрыўся ў адказ.
— Не, ты не з-за маладосці не хацеў яго выбіраць. Няўжо памяць адняло? Нагадаць табе, як гэта было? Кароль прускі люта ненавідзеў Аўгуста. Што ён тады сказаў прымасу Радзіеўскаму, таксама не памятаеш? Калі нашы паны даведаліся пра выбар новага гаспадара ад караля Швецыі, то падняўся страшэнны вой. Шматхто лічыў сябе больш радавітым, здольным. Прымас Радзіеўскі адразу звярнуўся да Карла з просьбай, каб знялі кандыдатуру Ляшчынскага. Дурань, ён спаслаўся на маладосць кандыдата, забыўшыся, што той такога ж узросту!
— А мо і быў бы добрым дзяржаўцам? — вымавіў Сапега.
Ён трохі памаўчаў і дадаў:
— Адукацыю меў, сумленны чалавек.
— Не, — пакруціў галавой Завіша. — Верце мне, бо на сваім вяку бачыў шмат каралёў. Не хапала яму якраз таго, што патрэбна ўладару, — моцнага характару. Што гэта за дзяржаўца, які не можа шляхце кулак паказаць? Вымерлі сапраўдныя гаспадары дзяржавы... Наша зямля няшчасная — ёй патрэбны чалавек, які павядзе за сабой, ды вось нешта не бачу пакуль яго. А суседзі ўсё глядзяць сквапна і слінай давяцца, як той Іван Жахлівы. Божа, ты забіраеш лепшых людзей да сябе, а нам пакідаеш зрэб’е!
— Няўжо ты гэта сказаў! — крыва ўсміхнуўся Сапега. — Ці мне падалося? Пра Бацькаўшчыну ён раптам прыгадаў!
Прывід злосна рассмяяўся і коса зірнуў на суразмоўцу.
— Маўчаў бы! Сам жа ў вайну ўвязаўся.
— Каб не выпадак, можа, яшчэ і паразважаў бы. Няўжо думаеш, што пасля таго, як твае слугі на вузкай вуліцы Вільні Вішнявецкіх пастралялі, мой род такое даруе?
— Яны памыліліся, колькі разоў гаварыў! Не ведалі, хто гэта быў, а атрымалася... Ну сутыкнуліся дзве фурманкі, ну пачалі страляніну... Нашаму роду пасля большыя крыўды ўчынілі.
Завіша з Вішнявецкім схілілі галовы.
— Думаеце, па-людску гэта? Мне потым усё паведамілі. Калі па бітве пад Алькенікамі быў узяты ў палон Міхал з Сапегаў, вы яго не пашкадавалі. У касцёле — святым месцы — напалі...
— Паны п’янымі былі, — пачаў апраўдвацца Вішнявецкі. — Мае жаўнеры спрабавалі стрымаць іх.
— Не замазвай мне вочы, — прасіпеў магнат. — Супраць Бога і сумлення пайшлі, слова дадзенае зламалі... Міхал прасіў вас, каб злітаваліся. Не вартыя бота цяпер твае абяцанні!
— Гэта Белазор, — выдыхнуў Офенберг. — Бенядзікт, гэта ён, а Вішнявецкі спрабаваў хлопца з іх зубоў вырваць.
У гэты момант яшчэ адзін цень з’явіўся перад хворым.
— Я! Так, тое быў я! — крыкнуў з кута канонік. — Першым даў поўхву, калі ён прасіў адпушчэння грахоў. Вішнявецкія ўзялі яго пад рукі і павялі да карэты але пан Свядэцкі ззаду канюшага ў галаву ўдарыў шабляй. А тут ужо і ўся шляхта далучылася. Шматкі адны засталіся ад вашага Сапегі! Ха-ха-ха! Тры дні ў брудзе на вуліцы цела ляжала...
Канонік запляскаў у далоні і знік у цемры. Паны змоўклі. За акном хутка павінен быў пачацца новы дзень. Сцяпан разумеў, што, каб убачыць яго, трэба загаварыць прывідаў. Не проста так яны прыходзяць на зямлю — тут іх трымаюць няскончаныя справы. Раптам аднекуль на падлогу пасыпаліся манеты. Срэбра са звонам адскоквала ад дошак, закочвалася за мэблю, блішчэла ў святле агарка. Пасля з’явіўся і цень чалавека. Ён упаў на калені і пачаў зграбаць грошы, хціва скрыгочучы зубамі.
— Нікому не кранацца з месца! Парву! — крыкнуў магнат і ўчэпістымі тоўстымі пальцамі гроб пад прыпол кунтуша свой скарб.
— Каб цябе кот узбрыкнуў! Напужаў жа, — скрывіўся Сапега. — У мяне такога дабра... Чаго прыцёгся?