— У Офенберга спытай.
Магнат паглядзеў на Сцяпана, але той у адказ толькі паціснуў плячыма.
— Ды так, прыгадаў. Падумаў, што Пацею найбольшы кавалак перапаў падчас нашай грызні. Вось і ўсё.
— Гэтага дастаткова. Ноч сёння такая. Каго б ты не ўзгадаў, усе прыйдуць. А мне ж зайздросціць не трэба — за сваё адплаціў. Не давядзі свет такое на ўласнай скуры каму...
— Брэшаш! Ты, Людвік, прайдзісвет! — злосна засоп Сапега. — Грошы да цябе самі ліпнуць. Пасля Алькенікаў прыдбаў права распараджацца нашымі маёнткамі і добра золата нашкроб. Затым праз тры гады ўзяў прывілей на гандаль тытунем у Рэчы Паспалітай, а праз год і права на біццё срэбнай манеты займеў.
— Яму таго мала было, Бенядзікт, — умяшаўся Завіша. — Гэты вылюдак усю дзяржаву сапсаванай манетай напоўніў. Там, паводле яго ініцыялаў, "Л. П." выбіта было, а народ тлумачыў "людскі плач"...
Ён не паспеў дагаварыць, бо пачуўся ўзмах крылаў і спеў пеўня. Прывіды паглядзелі адзін на аднаго і пачалі знікаць у паветры. Апошнім сышоў Завіша, які паспеў ціха шапнуць даўняму сябру:
— Пашчасціла, братка, загаварыў ты нас. Але заўтра прыйдзем па цябе, рыхтуйся.
І знік, пакінуўшы сябра ў роздуме.
***
На абсягах Вялікага Княства наводзіў свае парадкі апошні, самы сцюдзёны месяц зімы. Лютыя маразы стаялі каторы дзень, холад прабіраў да костак. Снежнай коўдрай было пакрыта ўсё навокал і, апрача чорных камлёў дрэў, у бялюткай прасторы нічога не было відаць. Дзве кропкі ў гэтым забытым краі ўсё ж не былі падуладны зімовай скамянеласці і рухаліся наперад. Да Рэчыцы, куды вёў іх шлях, заставалася яшчэ пяць вёрст.
Навокал іх абступала каралеўства лесу. Вялізныя яліны, абсыпаныя зімовай пацярухай, драмалі і шатамі закрывалі неба. Пара крыжадзюбаў, спужаная храпам каня, зляцела са старой сасны. Мароз усё мацнеў, і чым далей яны прасоўваліся, тым цяжэй было ісці каню праз намеценыя на лясной сцежцы гурбы. Феліцыяну зрабілася не па сабе: чымсьці насцярожвала гэтая дзіўная цішыня, ды і мароз усё мацнеў. Лес гусцеў. Офенберг не разумеў, чаму ён не можа выехаць на гасцінец. Здавалася, гэта чыесьці злыя чары не даюць расступіцца панурым ялінам. Парбус бег поруч з канём, тапырыў вушы і злосна гыркаў, пазіраючы час ад часу на гаспадара. Паніч паглядзеў на яго і заўважыў кроў на снезе, па якім прабег сабака.
— Парбус! — паклікаў. — Асцярожней.
Але той, кульгаючы, бег цяпер наперадзе, а крывавыя сляды павялічваліся. Тады Феліцыян спешыўся, каб паглядзець лапу. Ён прысеў і паклікаў сабаку, але той не падышоў. Парбус стаяў на месцы і глядзеў у цемру, дзе блішчэлі два зялёныя агеньчыкі. Хлопец падняўся і стаў чакаць. З-за крывой асіны выйшаў стары воўк. Асцярожна ступаючы па снежнай кромцы, звер наблізіўся да чалавека. Парбус загырчэў, але воўк нават не павярнуў галавы. Ён утрапеніўся ў хлопца, і Феліцыян таксама не адводзіў ад яго позірку. "Ваўкалак, — круцілася ў галаве. — Так, вунь і палоска белая вакол шыі, і вочы, быццам чалавечыя. Чаго ж ён хоча? Старыя звы-чайна гавораць, што калі ваўкалак — ахвяра чар, то можна ўратавацца, а калі сам чараўнік — заб’е, не пашкадуе".
Воўк ашчэрыўся, рыхтуючыся да скоку, але Парбус завішчаў і першы кінуўся на яго. Яны счапіліся на смерць, грызліся, толькі чуўся гыркат ды павіскванне. Снег стаў чырвоны ад крыві, хлопец схапіўся за галаву і чакаў. Ён бачыў, як губляе сілу Парбус і ўсё больш становіцца слядоў ад воўчых іклаў на яго скуры. Воўк учапіўся яму ў вуха і разадраў, а потым прыкусіў глотку. Сабака пачаў задыхацца, шляхціц не вытрымаў, схапіў сук і, падбегшы, ударыў ваўка. Той узвыў і кінуўся на чалавека, але яго апярэдзіў Парбус, які з усяе моцы ўчапіўся ў шэрую глотку і сціснуў сківіцы. Цяпер воўк канаў, а сабака ляжаў нерухома і не расціскаў іклы. Феліцыян нахіліўся над імі. Ён паспрабаваў падняць сабаку, той вільнуў хвастом, але не адпусціў.
— Парбус, до ўжо. Здох ён.
Офенберг азірнуўся, шукаючы вачыма каня, ды марна. Тады хлопец асцярожна ўзяў на рукі Парбуса і пайшоў па замеценай сцежцы.
Шлях быў доўгім і цяжкім. Былі хвіліны, калі хацелася ўпасці ў гурбы і проста заснуць. Здавалася, не хопіць волі, каб ісці далей. Ды і куды? Шляхціц не ведаў нават, што чакае наперадзе і ці ёсць хто жывы сярод гэтай белай пустэчы. Пад вечар, калі прабіраўся праз поле, ён наперадзе ўбачыў святло. Зразумеўшы, што натрапіў на жытло, ён ледзь не звар’яцеў ад радасці. У галаве круцілася толькі адно: "Уратаваўся! Дзякуй, пане Езусе!" Ён дакандыбаў да брамы сядзібы і пачаў грукаць. Адчынілі не адразу, нягледзячы на тое, што адразу назваў гаспадарам сваё імя. Ад полымя паходні слеплі вочы, і ён стаяў некалькі хвілін нерухома, засланіўшы іх рукавом. Пасля, калі служка адышоў трохі далей, каб не сляпіць госця, той змог нарэшце разгледзець людзей, якія сабраліся вакол.