— Ад бяды зберажэ цябе ды ад няшчасця ўратуе.
З гэтымі словамі надзеў падарунак Зулісі на шыю і пацалаваў руку. Затым паніч правёў яе ў залу, дзе дзяўчыну даўно чакала цётка.
— Расцвіла ты, мая рабінка, у гады ўвайшла, — шчабятала яна. — Іншыя дрэвы рана цвітуць і плады хутчэй даюць, а вось рабіна позна сваю прыгажосць паказвае,быццам баіцца даверыцца каму. Кіслыя ягады толькі зімой можна ў рот пакласці, але ж якая смаката! Паглядзіш, як чырванню на бялюткім снезе гарыць, то аж сэрца радуецца. Ох, свой час ягадзе, свой час баравіку.
Дзяўчына запунсавела і адвярнулася.
— Досыць вам, цётачка.
— Ну, Зуліська, я ўжо даўно пра гэта думала. Буду цяпер партыю шукаць, а то заседзелася ты ў дзеўках.
Сказаўшы тое, яна заспяшалася ў другі канец залы, пакінуўшы пляменніцу са сваімі думкамі. Крыху больш за год прайшло з таго часу, як засталіся яны з Васількам адны на гэтым свеце. Брата прыняў да сябе на працу пан Незабытоўскі, бо той нікуды не хацеў ад’язджаць з дзедавай сядзібы, а цётка ўзяла на сябе апякунства пляменніцы і забрала да сябе. Па законе Княства, калі ў сірот не было родзічаў "па мячы", апекунамі станавіліся родныя "па кудзелі". Праўда, для жанчын у такім выпадку выстаўляліся некаторыя патрабаванні, з якіх галоўнае, каб гэта была замужняя кабета, якая "мела гаспадара цнатлівага і прыстойнага". Муж цёткі Ядвігі, пан Ян Усевіч, быў добрым чалавекам і пагадзіўся прыняць дзяўчыну. За гэта, магчыма, Бог і паспрыяў яму ў заключэнні дамовы аб куплі зямлі, якая была ўдалай для пана. Справы пайшлі ўгору, і Усевіч у хуткім часе папоўніў свой гаманец дукатамі і тынфамі.
Цяпер жыццё неслася перад Зулісяй з незвычайнай хуткасцю. Раней здавалася, што яго плынь такая павольная, але на здзіўленне яна хутка ператварылася ў бурлівую раку са шматлікімі вірамі і камянямі. Пасля балю цётка Ядвіга не на жарт загарэлася думкай пра ўладкаванне яе лёсу. Пачала шляхцянка з выхавання, бо сама дзівілася, як гэта сястра не займалася з дачкой. Танцы, вышыванне сталі неад’емнай часткай дня панначкі, і яна так стамлялася, што заўсёды чакала вечара. Звычайна тады ўся сям’я садзілася перад камінам, каб паслухаць, як чытае ўголас дзядзька Ян. Часам яму надакучвала, і тады чарга пераходзіла да Зулісі.
Маладыя панічы, іх дзеці, пакуль жылі разам з бацькамі. Дзядзька быў чалавекам сармацкіх позіркаў і лічыў, што, пакуль ён жывы, маёнтак будзе непадзельны. Таму дарослыя браты былі цалкам залежныя ад яго волі. Яны не маглі нават ні ў чым пярэчыць, каб бацька, барані Божа, не пазбавіў іх часткі спадчыны. Зуліся дзівілася спачатку, калі гэтыя бэйбусы хадзілі на пэўнай адлегласці ад гаспадара, носячы яго шаблю, альбо станавіліся воддаль пры лаўцы, на якой той сядзеў у касцёле. Пані Ядвіга са свайго боку баялася спачатку, што дзяўчына, не атрымаўшы патрэбнай адукацыі, якую належала мець паненцы, будзе з цяжкасцю ўсяму вучыцца. Але праз нейкі час жанчына ўбачыла, як яе Зуліся пачынае на вачах мяняцца, вельмі лёгка схоплівае ўсё, чаму яе вучаць, і пераймае. Сынаўка, здавалася, атрымала крылы і прасцяг, дзе магла іх расправіць, а гэта не магло не радаваць добрую жанчыну.
***
Ужо зусім развіднела, але снег не пераставаў ісці з ночы. У гэтай снежнай прасторы па полі ехаў вершнік. Снег сыпаў яму за каўнер, наліпаў на валасы, але Офенберг не зважаў на гэта. Перад дзвярыма роднага маёнтка ён спыніў каня, спешыўся і пачаў грукаць у дзверы. Праз нейкі час пачуліся крокі і спужаны голас старой.
— Адчыняй! — закрычаў ён. — Гэта я — Феліцыян.
Дзверы зарыпелі і адчыніліся. Перад ім стаяла збялелая Тэафілія. Яна выпрастала руку, каб дакрануцца да яго, войкнула і павалілася ў ногі.
— Божухна! — галасіла яна. — Жывы! Нам жа ганца прыслалі, што цябе... Стары ад гора другі раз сівым стаў, да ложка жалем прывязаны. Найяснейшая пані, не вытрымае яго сэрца такога!
— Лекара запрашалі?
— А як жа! Той нешта выпісаў, а ён не п’е. Лаецца: "Усё роўна тры чвэрці да смерці, дык нашто гэтае паскудства глытаць?"
Феліцыян зайшоў у пакоі дзядзькі. Там панаваў паўзмрок. Каля ложка на зэдліку гарэла свечка, а на падлозе ляжала міса.
— Што гэта? — незадаволена спытаў Офенберг.
Тэафілія збянтэжылася і нічога не адказала. Феліцыян звёў бровы:
— Прыбяры, і так дыхаць няма чым!
У гэты момант хворы заенчыў і пачаў нешта шаптаць падобнае да малітвы, пасля сцішыўся. Юнак прысеў у крэсла, якое стаяла каля ложка.
— Я пабуду з ім, ідзі.
Жанчына выйшла з пакоя, а Феліцыян прымасціўся каля дзядзькі. Яму было цяжка глядзець на зжаўцелы твар роднага і такога дарагога чалавека, які не раз дзеля яго рызыкаваў уласным жыццём. Раптам стары застагнаў, расплюшчыў вочы і, убачыўшы паніча, заўсміхаўся.