Выбрать главу

— Жывы!

— А як жа! Захацеў цябе наведаць.

— Мы думалі...

Ён закірхаў і прастагнаў:

— Піць.

Феліцыян кінуўся да стала і падаў келіх з лекамі. Стары скрывіўся і выплюхнуў зёлкі на падлогу.

— Смерць на носе, а вы гэтую атруту піць прымушаеце. Налі мне добрага віна.

— Табе ж лепш стане... — разгубіўся хлопец.

— На тым свеце, ды і не ад гэтай брыдоты. Рабі, што сказаў, калі хочаш хоць у апошнюю хвіліну зрабіць палёгку. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на свеце.

Тут заўважыў плямы крыві на рукаве ў Філіцыяна.

— Што гэта?

— Ды так, у лесе воўк з Парбусам счапіліся.

— Уратаваў ён, значыць, цябе. Добра, што падарыў яго. Дай мне сваю руку.

Сцяпан намацаў нешта пад падушкай і ўзяў руку сынаўца. На яго далоні блішчэў сігнет.

— Час прыйшоў насіць. Для цябе загадаў зрабіць. Памятай, хто ты, бо кодла наша старое. Гонар і годнасць захоўвай — іх не купіш. Старасць слабая на ногі Феліцыяне, але моцная на розум. Таму слухаць маёй добрай рады табе не зашкодзіць. Памятай, сынку, што ты грамадзянін Рэчы Паспалітай, але найперш усё ж жаўнер Вялікага Княства Літоўскага.

З гэтымі словамі ён паспрабаваў падняцца з ложка, але Феліцыян не дазволіў і паклаў руку на зморшчаную кісць старога. Той паглядзеў на далонь юнака, бы нешта прыгадаў і дакрануўся да шрама каля вялікага пальца.

— Ну і даў жа мне жаху, — прамовіў нарэшце ён.

— Ты пра шрам?

Сцяпан кіўнуў

— Ніяк не загоіцца, а колькі гадоў прайшло. Памятаеш?

— Не вельмі добра. Памятаю гадзюку, як працягнуў да яе руку, а потым... Ты схапіўся за галаву, потым выняў сцізорак, пашырыў ранку і высмактаў кроў.

Сцяпан слаба ўсміхнуўся.

— Доўга кляў сябе, што не дагледзеў. Ты і малечай нічога не баяўся, нават не заплакаў. Каб атрута, барані Пане Езусе, пайшла па жылах, то і я б не жыў! Пакуль сядзеў ды чакаў, калі спадзе жар і скончацца твае трызненні, то з адчаю не ведаў, якім багам маліцца.

Яны некалькі хвілін памаўчалі, і Офенберг загаварыў зноў.

— Што на свеце чуваць?

— Прыкра мне.

— Чаму?

— Спазнаў чалавечую "ласку". Розныя людзі па зямлі ходзяць: адны за грош прадаць могуць, а іншыя за добрае слова ад смерці ўратуюць. Як тут зразумець, хто перад табой стаіць і каму душу адкрываеш?

— А ты ў вочы глядзі. А душу... Яе лепш зусім нікому не паказваць. Не той моцны, хто стрымлівае коней, а той, хто сябе стрымае. А цяпер ідзі, я стаміўся.

— Блаславі, дзядзька.

Феліцыян стаў на калені перад ім, і стары, паклаўшы руку яму на галаву, вымавіў:

— Бласлаўляю на ўсё добрае, а на іншае — сам здагадайся.

Паніч пацалаваў дзядзьку руку і выйшаў. Яго ўжо чакала ў пакоях Тэафілія. Яна загадала, каб сынаўцу падалі вячэру. Пані доўга і ўважліва глядзела на панурага Феліцыяна. Таму нават кавалак у горла не лез з-за горкіх думак. Тады жанчына прычыніла дзверы, падсела да яго і зашаптала:

— Вось што я табе скажу. Можаш называць бязбожніцай, як дзядзька, але паслухай мяне. Каб не мучыца з-за нядобрых думак, зрабі так. Зараз з’еш хлеб, а апошнюю лусту вазьмі з сабой і ідзі на раздарожжа. Калі дойдзеш, прытуліся да зямліцы і ўважліва слухай. Што ў вушы ўвойдзе, тое прыйдзеш і раскажаш.

Феліцыян грэбліва паглядзеў на яе, але паслухаўся. Ішоў доўга па замеценым шляху, з цяжкасцю перастаўляючы ногі ў гурбах снегу. Насустрач яму выў пранізлівы вецер і шпурляў ледзяныя крышталікі ў твар. Мароз прабіраў да костак, і шляхціц пачаў быў клясці старую ды сябе, што згадзіўся патураць. Але, прыгадаўшы хворага, сціснуў зубы і пакрочыў далей. Нарэшце дайшоў да скрыжавання. Стаўшы на калені, Офенберг падняў рукі ўгору і ўпаў у мяккі халодны абрус.

Вецер узвыў, зрабіўся шалёным ды злым. Паніч нават крыху спужаўся. Каля яго, крокаў за пяць, нехта страшна зарагатаў і пачулася конскае іржанне. Пасля недзе завыў сабака ды так сумна, бы жаліўся, але адразу і сцішыўся, як не было. Потым вельмі блізка над ім нехта жаласліва і горка заплакаў. Феліцыяна перасмыкнула, і ён з усіх ног пабег да маёнтка, каб толькі не чуць больш нічога і не думаць пра благое...

Дома пані Тэафілія доўга яго распытвала і паіла медавухай, каб адагрэць і развязаць язык.

— А можа смяяўся той голас, песні спяваў? — пыталася яна і з надзеяй паглядала на сынаўца. — Ой, божухна, нядобры знак. Калі б песню пачуў, то мо б і ачуняў, а так... Маліцца трэба.

Шляхцянка сумна ўздыхнула, паднялася і выйшла з пакоя, пакінуўшы паніча сам-насам з невясёлымі думкамі. Юнак так і сядзеў, абхапіўшы галаву далонямі. Калі ж пачуў крокі, то ўзняў вочы і аслупянеў. Катажына, заўважыўшы яго, таксама пабялела. Зрэнкі яе цёмна-зялёных вачэй пашырыліся, іх затуманіла празрыстая плёнка, якая пагражала ператварыцца ў салёныя кроплі. Але яна пераадолела сябе і зрабіла крок насустрач.Феліцыян стаяў перад ёй разгублены. Шляхцянка знарок выпусціла з рук свеч­ку. Офенберг падняў яе, і калі зноў паглядзеў на сяброўку, то здзівіўся змене, якая з ёй адбылася. Перад ім стаяла ўжо не тое дзяўчо, якое чырванела, калі цалаваў яе ў шчаку на развітанне, а жанчына з праніклівым і гордым позіркам. Яна падышла бліжэй да названага брата і пацалавала яго ў лоб, а пасля дакранулася мяккай халоднай далонькай да шчакі і вымавіла: