— Нездарма я малілася і верыла наперакор людскім словам. Толькі Міласэрны Творца даў мне тваё жыццё, брат, але забірае да сябе дзядзьку.
— Дзякуй, што стаяла пры ім стаянцом гэты час. Але цётка не хоча, каб сябе мучыла, ідзі адпачні.
— Хіба гэта цяжар — клапаціцца пра роднага чалавека?
— А дзіця? Можаш...
Катажына перапыніла:
— На ўсё воля Бога. Пойдзем, яму стала горш. Ты павінен быць побач.
Сцяпан ляжаў на ложку і глядзеў шклянымі затуманенымі вачыма на свечку.
Полымя час ад часу ўздрыгвала ад яго слабога дыхання. Стары Офенберг, здавалася, нічога не бачыў і не разумеў, апроч смерці гэтага агарка. "Ці ж так трэба паміраць? — думаў ён. — Паміраем і плачам". Пачуўшы крокі, ён павярнуў галаву і ўбачыў Катажыну з сынаўцам. Спрабуючы нешта сказаць, хворы заварушыў вуснамі, але замест гукаў пачуўся енк. Маладая жанчына закрыла твар рукамі і схілілася на плячо панічу. Каб не пужаць яе, стары больш не гаварыў, толькі скіраваў позірк на юнака і паказаў вачыма на крыж, а пасля на герб, які вісеў насупраць. Феліцыян зразумеў яго і кіўнуў, тады шляхціц уздыхнуў з палёгкай і заплюшчыў вочы.
***
Перад брамай касцёла вазніца затрымаў коней. Катажына выскачыла на снежны пляц, удыхнула марознае паветра і пайшла па сцежцы да дзвярэй. Сёння прыехала знарок рана, калі тут было няшмат людзей. Панна зайшла ўнутр, агледзелася і, нікога не ўбачыўшы, укленчыла перад распяццем. Тым часам з боку ўваходу пачуліся крокі, і нейкі шляхцюк сеў на лаву непадалёк ад яе. Патрохі зала пачала напаўняцца, і жанчына, прашаптаўшы апошнія словы малітвы, памкнулася да дзвярэй. Якое ж было яе здзіўленне, калі шляхціц таксама падняўся і пайшоў следам. Катажына здзівілася, ды не падала выгляду. Калі ж яна звярнула на сцежачку, пан пацёгся туды ж, але яму было цяжка ісці па гэтай вузкай каляіне. Пані паглядзела на яго смешныя спробы нагнаць яе, засмяялася і накіравалася да саняў. Убачыўшы тое, яснавяльможны праз сумёты паляцеў ёй напярэймы. Галантна схіліўшыся ў паклоне, ён падаў Катажыне руку і дапамог сесці.
— Дзякую, — прамовіла яна.
— Заўсёды рады дапамагчы паненцы. Дазвольце назваць сябе — Яраш Лычкоўскі. Ці магу я спадзявацца на тое, што яшчэ ўбачу шаноўную? Цяпер не змагу без гэтага, як зямля не можа без сонца.
Катажына ўсміхнулася, але нічога не адказала. Вазніца пагнаў коней, пакінуўшы пана стаяць. Ён жа расправіў рукі і паваліўся ў сумёт. Не звяртаючы ўвагі на х мінакоў, пан Яраш ляжаў у снезе і па-блазенску ўсміхаўся.
Ужо вечарэла, калі пані зачынілася ў сваіх пакоях. Ціха патрэсквалі ў маленькай пячурцы з зялёнай кафлі паленцы. Полымя асвятляла ўтульны пакойчык. Катажына сядзела ў крэсле і думала пра ранішняе здарэнне. Яна прыгадала дзіўнага паніча, усміхнулася, але гэтыя думкі былі абарваныя Глэсяй, якая ўбегла без стуку і закрычала:
— Пані, кулігі! Пані!
На двары чулася валтузня і брэх сабак. Катажына падышла да акна і ў свеце паходняў разгледзела шэсць саней.
— Пані, што рабіць будзем? — спытала напужаная служка.
Гаспадыня нават не павярнулася да яе і абыякава адказала:
— Загадай прымаць.
Госці адразу накіраваліся да стала. Нягледзячы на тое, што ўсе былі на добрым падпітку, яны пацягнуліся адразу да келіхаў з віном і гарэлкай. Служкі ледзь паспявалі падносіць гарачае і напоі. Катажына з хвіліну назірала за гэтым, а пасля грэбліва ўсміхнулася і накіравалася да сябе, загадаўшы Глэсі прыглядваць за ўсім. Жанчына села ў крэсла, захутала ногі коўдрай і ўзяла кнігу. Яна заплюшчыла вочы і на імгненне перанеслася ў дом бацькоў. Перад ёю з’явіўся мілы сэрцу вобраз кабінета, дзе былі бацька і брацік...
Жанчына расплюшчыла вочы і ўздыхнула. У пячурцы ўжо смылелі галавешкі. Адтуль цягнула цяплом і пахла паленым. "Зноў Глэся туды смецце выкінула, — падумала пані, злуючыся на дурнаватую служку. — Задам жа я ёй заўтра чапалосу!" Яна разгарнула кнігу, і адтуль выпалі два аркушы з вершамі, якія напісала яшчэ дома. Катажына падабрала іх, і сумная ўсмешка з’явілася на малінавых вуснах. З хвіліну павагаўшыся, шляхцянка ўстала, падышла да каміна, і аркушы павольна апусціліся на дагараючыя вугельчыкі. Успыхнуўшы, агонь хціва пачаў лізаць паперу.