У гэты момант дзверы зарыпелі, падпіхнутыя нечым плячом, і моцна грукнуліся аб сцяну. У пакоі ўвалілася некалькі п’яных шляхцюкоў. На адным з іх верхам сядзеў Станіслаў з падбітым вокам і ў падзёртым жупане, заляпаным ванітамі і брудам. Ён агледзеўся і, заўважыўшы жонку, зарагатаў.
— Ты павінна выйсці і павітаць гасцей! — закрычаў ён. — Яны чакаюць!
Яна не кранулася.
— Прашу шаноўных пакінуць мае пакоі.
— Калі сама не пойдзеш, то за косы выцягну! Наперад, браткі! Няхай госці павесяляцца!
Яны пасунуліся да шляхцянкі, але тая знянацку павярнулася і паказала мізеркорду. Паны пабялелі і нават трохі працвярэзіліся.
— Хто паспрабуе падысці бліжэй? Няма харобрых?
Станіслаў аж пачырванеў ад злосці. Ён паваліўся на падлогу, паглядзеў на жонку і раптам хітра падміргнуў сваім сябрукам.
— Усё адно пойдзеш. Ды што казаць — пабяжыш! Мы туды Глеба прынеслі. Ідзі, ратуй сына!
— Як прынеслі? — спужалася жанчына.
— У люльцы прынеслі, пані, — гігікнуў лісліва адзін з паноў.
Катажына моцна сціснула дзяржальна мізеркорды.
— Я выйду, — адказала спакойна.
Пан Станіслаў задаволена ашчэрыўся і выпаўз на каленках з пакоя, а за ім гэткім жа чынам накіравалася яго "світа". Калі гаспадыня спусцілася да залы, ніхто нават не звярнуў на яе ўвагі. Шляхцянка агледзелася і заўважыла фамілію Уняхоўскіх. Стары пан нервова круціў адной рукой вус, а другой трымаў палку з дзяржальнаму выглядзе галавы ільва, пастукваючы ёй аб падлогу. "Бедакі, — падумала яна, — мусіць, сілком выцягнулі з маёнтка". Тут былі і старая пані Кежгата з дочкамі, і нават сям’я Паплаўскіх, Учрывічы ды сам Караль Шурта. Асобна сядзелі за сталом тры браты Гаеўскія, вядомыя выпівохі і задзіры, з рукі якіх звычайна і ладзіліся ў гэтай акрузе кулігі.
Наогул, так павялося здаўна. Маладыя людзі дамаўляліся паміж сабой і выязджалі да найбліжэйшага суседа. Гаспадары павінны былі прыняць іх і запрасіць да стала. Што было пасля — вядома. Калі ў склепе сканчалася ежа, а ў піўніцы пусцелі бочкі з напоямі, спадарства забірала гаспадара з сям’ёй і слугамі ды ехалі да наступнага суседа. Пан Станіслаў вельмі любіў такія гульні, таму Катажына не здзівілася, убачыўшы на двары святло паходняў...
Яна назірала за прысутнымі ў зале: відовішча было малапрыемнае. Большасць гасцей выклікалі ў шляхцянкі пагарду. У такім выпадку звычайна прыгадвала словы бацькі, які любіў паўтараць, што жупан годнасці не дадае. Было, канечне, некалькі асоб, якіх рада была бачыць, але такіх пералічыла па пальцах. Гаспадыня ўздыхнула і збіралася пайсці адтуль, калі раптам нешта спыніла. Чамусьці падалося, быццам сярод гэтых постацей яна пазнала пана Яраша. Падумаўшы, што памылілася, шляхцянка перавяла позірк у іншы бок. Але вочы не падманулі... Праз некалькі хвілін пані адчула, што за спінай хтосьці стаіць. Катажына азірнулася і ўбачыла перад сабой мужа, які з прыкрасцю глядзеў на яе. Пан Станіслаў быў на добрым падпітку і ледзь трымаўся на нагах. З двух бакоў яго прытрымлівалі паны Яраш і Караль.
— Вось яна, браткі, — вымавіў ён, ледзь перасоўваючы язык. — Мегера! Бачылі вочы, што бралі, а цяпер плачце, хоць павылазьце.
— Маўчы ты, п’яны дурань! — гаркнуў пан Яраш. — Добрая ў цябе жонка, цнатлівая і гжэчная. Сам не ведаеш, што вярзеш!
— Ты такі ж! Як там хлопы пра гэта гавораць: "Свой свайго пазнаў ды на піва пазваў?"
— Праўду сабакі кажуць.
— Праўду! — зноў закрычаў Станіслаў. — А што мяркуе пан Караль?
Малады паніч хітра прымружыў вочы і ціхенька мрукнуў:
— Госць у дом — пільнуй жонку.
— Блазнуеш, браце, — прасіпеў гаспадар. — Хто ж на такую паквапіцца? Хадзем, браткі, вып’ем. І я разам з вамі, каб заліць сваё гора.
За гэтым усім уважліва назірала Глэся. Яна бачыла, як стрымлівае сябе пані, каб не даць поўхву мужу, і як хітра паглядае пан Караль то на Катажыну, то на Яраша, які ў сваю чаргу не зводзіць вачэй з гаспадыні.
— Нічога добрага з таго не будзе, — шапнула яна сабе пад нос і збіралася пайсці ў людскую, калі заўважыла нейкага чужога служку.
Той круціўся каля стала, дзе ўжо даўно нікога не было, збіраў з талерак аб’едкі і хціва запіхваў сабе ў рот. Яна, мажліва, і не звярнула б увагі, каб не заціснутая пад паху ў шахрая срэбная талерка. Глэся звяла бровы і накіравалася да злыдня, які ледзь паспеў запіхнуць чарговы кавалак, калі ўбачыў яе.
— Мабыць, твой пан сваіх слуг не корміць.