Выбрать главу

Дзікі лямант падняўся ў хаце, быццам там сядзела не адна котка, а сто звар’яцелых чарцей. Мех пачаў падскокваць і вішчаць. Спуджаныя дзеці адхінуліся, а ён зваліўся з печы на падлогу. Падбегла маці і развязала аборку, а спалоханая котка выскачыла і знікла ў падпечку.

— Зуліся! Я цябе ў казіны рог скручу! — закрычала жанчына. — Чаго цябе чэрці дрэньчаць?

Дзед з госцем рагаталі, а малыя спужаліся і сядзелі ў кутку, як мышы пад мятлой.

— Глядзі мне ў наступны раз! — пагразіла ёй маці. — Зачыню цябе ў склепе з пацукамі, пашкадуеш тады.

— Ніколечкі! Яна мяне драпае ды шыпіць, — апраўдвалася дзяўчынка.

— Цётка Адарка, гэта я, — стаяў гарой за сяброўку шляхціц, — не лайцеся на Зулісю.

— Бог бацька, ведаю, хто шкоднік. Яна кожны раз ёй на хвост становіцца, а тут з мехам выдумала!

— Не, гэта я! — настойваў хлопчык.

— Хопіць, лепш кладзіцеся спаць. Сіл маіх не стае на гэтае дзіцё!

Зуліся ледзь не плакала. Феліцыян падсеў да яе і пачаў супакойваць:

— Што гэта вы тут шэпчацеся? — пачуўся голас старэйшага Офенберга, які, крэкчучы, поўз на печ.

— Справы ў вас швах. Ну і выдумалі сабе забаву!

Феліцыян узрадаваўся яго з’яўленню.

— Татка, раскажы Зулісі байку. Толькі смешную, каб больш не плакала, — папрасіў хлопчык.

— А думаеце, нашто я сюды залез? Пра што хочаце пачуць?

— Я пра ведзьмакоў люблю, — шморгнула носікам малая.

— От, якая спрытная! А слёзкі твае дзе? Ужо згубіла? Што б вам такое пра ведзьмакоў? Во, ведаю! Дык слухайце...

***

Феліцыян прачнуўся, бо нехта тармасіў за плячо.

— Падымайся хутчэй, толькі не пабудзі Зулісю — шаптаў Сцяпан малому, які сонна лыпаў вачыма. — Едзем.

Сані стаялі запрэжаныя, і дзед Тарас аглядаў папругу. Каля яго сноўдаўся госць, якога зацікавіла распісаная дуга.

— Садзіцеся ўжо ў сані, паедзем, — запрасіў гаспадар.

Цётка Адарка падскочыла да яго з вярэнькай.

— Бацька, гэта на дарогу. Там хлеба паклала, вяндліны ды цыбулі, а малому сушаных чарніц — не еў жа з ранку.

Стары ўзяў лубяны кораб і паклаў пад сена.

— Прынясі бараніцу, няхай ногі закрыюць.

Жанчына прынесла вялікае аўчынае пакрывала і захутала ім хлопчыка.

— Цёпла?

Той кіўнуў галавой.

— Грэйся, доўга ехаць.

Дзед развярнуў каня на двары і павёў да брам.

— А каб цябе воўк, дарогі не бачыш?! — вылаяўся ён, калі сані зачапілі слуп ад паркана.

Калі сані мінулі брамы і выехалі на гасцінец, стары заскочыў у іх і тузануў лейцы:

— Но-о, косю! Каб цябе!

Праз нейкі час яны заехалі ў лес. У гэтым некранутым каралеўстве марозу гулялася сонейка. Быццам россып дыяментаў, бліскацеў снег, а вакол стаяла такая цішыня, што можна было пачуць, як рыпяць пад капытамі мільярды сняжынак. Усё навокал: дрэвы, кустоўе, імшастыя пні ды бугры спалі моцным вусцішным сном.

Раптам елкі і сосны расступіліся, і вялізная паляна адкрылася вачам. Пасярод, як напамін пра штосьці страшнае, стаяў крыж.

— Што гэта? Могілкі? — спытаў Сцяпан.

— Ды не, вёска раней тут была, якую шведы спалілі, — адказаў дзед.

А потым дадаў:

— А можа, расейцы, бо палілі і рабавалі не горш. Старыя людзі казалі, што так яны шышоў вынішчалі.

Ён трохі памаўчаў і зноў пачаў распавядаць:

— А колькі расейцы пазганялі нашых халопаў і рамеснікаў да сябе. Яны нават пасля падпісання міру люд не вярнулі: вёскі пустыя стаялі. Кажуць, сталі нашы мужыкі халопамі іх халопаў.

Стары плюнуў і працягваў далей:

— Я гэтую вайну не памятаю, бацька ўсё расказваў. А вось іншую, калі ў хаўрусе разам з расейцамі супраць шведаў ваявалі, добра ведаю. Гэтыя шведы трохі дзіўныя. Ніколі не чуў, каб нашы жаўнеры з сабой жонак у войска бралі. Хіба нельга самому порткі памыць? Мы аднойчы да лагера з хлопцамі падкраліся, каб паглядзець на іх жанчын. Аж бачым — ідуць да рэчкі з бялізнай, сакочуць па-свойму, а як убачылі нас — завішчалі. Ну, мы лахі пад пахі і дадому.

Дзед пачасаў бараду.

— Шмат курганоў у нас пасля засталося. Кажуць, там шведы пахаваны. Хто пасмялей, нават капалі, ды нічога не знайшлі. Старыя шапталіся, што шведы былі чараўнікамі. Нашы мужыкі куды збожжа ні закапаюць, каб ім не аддаваць, усё роўна знаходзілі. Ай, цьфу ты, каб іх! Ну, чаго маўчыш, вазьмі вярэньку і пакармі сына.

Сцяпан дастаў хлеб, адламаўшы кавалак і падаў Феліцыяну. Хлопчык адкусіў і адчуў у роце гаркаваты прысмак.