Выбрать главу

Бялявы толькі кіўнуў, праглытваючы тое, што напхаў без разбору. Хлопец чмякнуў і, зірнуўшы на яе, папярхнуўся. Ён паказаў на спіну, каб Глэся дапамагла яму, але адразу ж пашкадаваў, бо дзяўчына мела моцны кулак.

— Вой! — завішчаў злыдзень. — Цяпер спіну склейваць давядзецца.

— Тое за справу!

— Вось табе і маеш! За якую?

— Ах, гад печаны, яшчэ пытаеш! А хто талерку са стала скраў?

У хлопца аж твар выцягнуўся.

— Не браў я! Гэта так... патрымаў, працёр...

З гэтымі словамі ён пачаў змахваць рукавом з талеркі тлушч і крошкі.

— Ды і наогул, гэта талерка майго пана. Ён заўсёды з сабой возіць ды толькі з такой есць.

Для доказу служка абхапіў яе дзвюма рукамі і пацалаваў.

— Ну, я пайшоў!

— Куды?! Кінь! А то зараз варту паклічу!

Служка жаласліва паглядзеў на Глэсю і выпусціў з рук здабычу. Талерка бразнулася аб падлогу, адкаціўшыся пад стол.

— Злая дзеўка. Свайго ж брата... Ат! У тваіх гаспадароў іх столькі... А ты мне спачатку да вока прыйшлася!

Хлопец панура пакандыбаў у людскую, а яна падскочыла да Грышкі, які ішоў з падносам на кухню, і шапнула, каб сачыў за ім.

— А чым аддзячыш? — пацікавіўся той.

— Каб цябе, Грышка! Даўся ж мне ў косці з дурнымі залётамі!

Той зрабіў важную міну і падсунуў свае вусны.

Глэся засмяялася і схапіла яго за нос.

— Можа, потым і пацалую, калі справу зробіш. Будзе пара, вырасце трава!

Дзяўчына паказала язык і знікла, пакінуўшы разгубленага юнака аднаго. Грышка правёў яе позіркам, няшчасна ўздыхнуў і паплёўся следам за злодзеем.

***

Раніцай наваколля было не пазнаць. Ноччу разгулялася завіруха і заслала ўсё бялюткай коўдрай. Снег блішчаў пад сонечнымі промнямі. Яны пранікалі праз шыбы ў пакой і бегалі па твары Катажыны. Яна паморшчылася і падскочыла, скінуўшы на падлогу коўдру з воўчай скуры. На гук яе званочка прыбегла Глэся.

— Прынясі вады, — загадала ёй гаспадыня.

Тая прынесла місу з цёплай вадой і чакала.

— Пані сёння ў добрым настроі. Можа, прысніла чаго?

— Адкуль ты ўсё ведаеш? — здзівілася Катажына. — Я сапраўды бачыла дзіўны сон.

— Магу растлумачыць, калі пані пажадае.

Жанчына ўсміхнулася.

— Ну, паспрабуй. Я бачыла двух мужчын. Адзін быў з кветкай лілеі, а другі з мячом. Ён падышоў да мяне, узяў за руку і павёў за сабой.

Служка звяла бровы.

— Хто з іх?

— Як хто? Той, што з мячом. Чаму ты спахмурнела?

— Няхай пані не злуе на мяне, але гэта дрэнны знак. Чалавек з лілеяй — святы Габрыіл, які з’яўляецца, каб пра нешта папярэдзіць. А вось пан з мячом падобны да святога Міхала. Ён прыходзіць да людзей, калі трэба быць асцярожным. Бараніцеся, пані.

Катажына надзьмулася і адвярнулася ад яе.

— Там усе ўжо прачнуліся, — паведаміла служка.

— Што робяць?

— Ведама што — п’юць. Як толькі які пан ачомваецца — адразу сівухі патрабуе. Хутка ўсё са склепу выжруць, а гарэлка наогул сёння нават можа скончыцца.

— Хутчэй бы!

Глэся здзіўлена паглядзела на яе. Катажына заўважыла гэты позірк, усміхнулася і патлумачыла:

— Калі ўбачаць, што тут няма чаго піць, то з’едуць самі.

— Дык перад гэтым нас давядуць да галечы!

— Хай сабе! Няхай ужо так, чым бачыць іх тут яшчэ тыдзень.

— Тое праўда. З мінулай нядзелі сядзяць. Я сёння, дарэчы, чула, як пан Караль падгаворваў гаспадара ехаць да нашага суседа Наліма.

— А ён?

— Згадзіўся. А вось пану Ярашу гэта не спадабалася.

— Адкуль такія думкі? Ты іх чытаеш?

— Дык жа па чалавеку бачна, пані...

Яна ўважліва паглядзела на Катажыну, якая адвярнулася, каб служка не заўважыла лёгкую чырвань на шчоках.

— Бачна? Я не разумею, пра што ты гаворыш.

— Ды так. Няхай пані не бярэ да галавы. Зараз патрэбна спусціцца, а то зноў прыпаўзуць сюды па вас.

Катажына кіўнула ў знак згоды і пайшла першая.

У зале чуўся рогат і грымела музыка.

Мужчыны сядзелі асобна, і яна, абмінуўшы іх кампанію, накіравалася да іншай залы, дзе звычайна знаходзіліся дамы. Па дарозе, міжволі зірнуўшы на Яраша, яна злавіла яго позірк і запунсавела. У гурце паноў гаворка ішла не толькі пра справы дзяржавы. Абмяркоўвалі ўсё: палітыку, законы, ураджай, дайшло нават да гаворкі пра жонак, але хутка прымоўклі, бо тыя былі ў суседнім пакоі. Тады загаварылі пра ўласныя справы...

— А дзе ж пан Сосна? Няўжо не захацеў прыехаць? — спытаў раптам Альшэўскі.

— Зараз у Абраама на піве наш Сосна, — адказаў нехта.

— Божухна, а такі малады быў! Шкада слаўнага рыцара. Калі тое сталася?

— Можа, гэтай вясной. Пахавалі з годнасцю, як і належыць.