Выбрать главу

— Эх, браткі, не будзем сумаваць, — махнуў рукой пан Завалька, парушыўшы ўсеагульнае маўчанне. — Я вось таксама хачу, каб мяне з гонарам да ўсіх святых адправілі. Калі жывыя будзеце, так і зрабіце. І не горш, чым пана гетмана Патоцкага!

— Блазнуеш, браце.

— Чаму б і не?

— Гэта шаноўныя пра што распавядаюць? — спытаў адзін малады паніч.

— От, моладзь, нічога не ведаюць! З гады чатыры таму тое было ці крыху болей. Ну і відовішча! Чатыры дні хаўтуры пана Патоцкага доўжыліся. За труной ішоў конь гетмана, накрыты доўгай коўдрай, а за імі неслі меч. Людзі гаварылі, што ўжо перад самым касцёлам выехаў рыцар на кані, зламаў аб гэтую труну кап’ё і зваліўся з каня.

— Усё праўда, — падтрымаў яго іншы пан. — Тое каб ведалі — слаўны рыцар памёр, сын і абаронца сваёй Айчыны.

— Слова — свята! Мне бацька, дарэчы, расказваў, як пахавалі нашага караля Стэфана, — падхапіў Суднік.

— Баторыя? Гэтага венгра?

— А каго ж яшчэ? Што там было! Знайшлі падобнага да яго чалавека, апранулі ў каралеўскае адзенне і пасадзілі на Баторавага каня. Уперадзе служкі неслі труну, а за ёй ішоў конь з двайніком. Відовішча, скажу вам! А ўсё каб людзі бачылі, што сам кароль і вялікі князь сябе на той свет праводзіў!

— Вох, і не такое вочы ўбачаць!

— Я ж папрашу, каб мяне мой любімы сабака праводзіў, — выдыхнуў пан Рафал.

— Ой, у цябе іх процьма, палова жыцця спатрэбіцца, каб вызначыць, які ўлюбёны. Нашто табе столькі?

— Паляванне.

Паны засмяяліся:

— Калі ў апошні раз там быў?

— Сусед мой, пан Рыгор Дамбоўскі, дык наогул, ледзь не спіць з імі, — уставіў Завалька.

— Ага. А на двары ў пана Рыгора сабак больш, чым курэй і гусей.

— І я чуў Усе грошы на гэтых бестый звёў. Іх і купіць, і карміць, і лячыць... Вялікія грошы! Ды яшчэ наняў служку, каб правільна даглядаў.

— Ведаў я гэткага ж наглядчыка. Добры прыбытак такая служба дае. Казалі, пан Рыгор свайму столькі заплаціў, што ён з’ехаў у іншыя краі ды купіў сабе маёнтак.

— Лёгка паверу! Эх, шэльма! Заўсёды гаварыў, што Рыгор — дурань!

Тут зайграла музыка, і ўсе пайшлі ў агульную залу. Катажына стаяла пабач з вазай з засушанымі ружамі. Гэтыя кветкі пані вельмі любіла, а каб і зімой любавацца іх прыгажосцю, загадала высушыць для сябе. Цяпер яна гулялася, асцярожна датыкаючыся тонкімі пальчыкамі да шыпоў, сціскала іх і хутка адпускала. Бавілася так доўга, пакуль не заўважыла, што за ёй назірае пан Яраш. Жанчына збянтэжылася, а шляхціц усміхнуўся і накіраваўся да яе. Калі ён пацалаваў руку, Катажына апусціла вочы, аднак рукі не адняла.

— Пані падабаюцца гэтыя кветкі?

— Так. Іх нельга не любіць. А чаму пан не танчыць?

Яраш спакойна зірнуў на яе і прамовіў.

— А я не выношу, пані, красак, бо паважаю толькі пах пораху. Не іду скакаць, бо ведаю толькі танцы з ворагамі маёй Бацькаўшчыны.

Катажына схіліла галаву.

— Але для гаспадыні гэтага дому я зраблю выключэнне, — хутка дадаў ён.

Шляхціц падхапіў кабету за тонкі стан і вывеў у цэнтр залы. Яго вочы п’янілі, і

Катажына, зразумеўшы, што гэта прорва, не вагаючыся ступіла на яе край.

* * *

Вясна не спяшалася прыходзіць у гэты край. Снег ніяк не мог растаць і вызваліць зямлю ад палону доўгай зімы. Яшчэ дзе-нідзе трапляліся брудныя, шэраватарудыя гурбы, што псавалі настрой.

Перад акном сядзібы Жывіцкіх гарэлі гронкі рабіны, якія нейкім дзівам яшчэ не былі з’едзены за зіму птушкамі. Гледзячы на гэты цуд, хацелася адчыніць аканіцы і пакласці на іх далоні, каб сагрэць халодныя рукі. Гаспадыня сядзела каля пячуркі і пазірала ў вакно. На гук яе званочка прыбегла запыханая Глэся, уся ў попеле, з расплеценай касой.

— Пані клікала? — спытала.

— А то не! Ты дзе так доўга была? Спала зноў?!

Глэся вінавата апусціла вочы.

— Загадаю ў наступны раз высекчы. Адарві мне арабіны!

— Нашто?

— Што за дурніца! Ідзі і не марудзь!

Служка выйшла, а калі вярнулася, то прынесла ў сподачку чырвоныя ягады з белымі ільдзінкамі на іх, якія патроху таялі ў цёплым пакоі. Яна пачала выбіраць лёд, але Катажына спыніла і загадала:

— Я сама. Паглядзі лепш, як нянька спраўляецца з Глебам.

Яна знікла, а Катажына ўселася ў крэсла і паклала сподачак сабе на калені. Жанчына любавалася чырвонымі агеньчыкамі, ад якіх яшчэ цягнула зімовым холадам. Шляхцянка адшчыкнула ягадку і кінула ў рот разам з ільдзінкай. Прыемная слодыч халодных ягад надавала бадзёрасці ўсяму целу. У пакой увайшла Глэся і спынілася каля дзвярэй.

— Пані, — паклікала яна.

— Чаго?

— Пані, там... — яна зніякавела.

— Г авары, ці табе мову заняло? Нешта здарылася?