Выбрать главу

— Паночку маленькаму блага.

Жанчына спалатнела, падхапілася з крэсла і выскачыла з пакоя. Прабегшы па калідоры да пакойчыка Глеба, шляхцянка спынілася каб аддыхацца і з болем у сэрцы адчыніла дзверы. Каля ложка маленькага паніча мітусілася нянька. Убачыўшы гаспадыню, яна ўздрыгнула і развярнула місу з гарачай вадой. Служка ўскрыкнула, пачала выціраць, ды Катажына, не звярнуўшы на яе ўвагі, кінулася да сына. Глеб, ухутаны ў коўдру, ляжаў нерухома. Твар яго быў чырвоны, а на ім выступалі маленькія кропелькі поту. Немаўля цяжка пасопвала носікам, і здавалася, што яно пачынае задыхацца, бо час ад часу хціва хапала паветра і кашляла. Катажына нахілілася над дзіцём, але баялася нават дакрануцца. Нарэшце яна ўзяла Глеба на рукі і памацала лобік. У хлопчыка была ліхаманка.

— Чаму не сказала? — запытала ў нянькі, ледзь стрымліваючы сябе, каб не закрычаць.

— Баялася, — паспрабавала апраўдацца тая.

— Што ты вярзеш!

— Гаспадыня, я думала, што пройдзе...

Яна моцна ўдарыла служку. Тая заплакала і павалілася на калені, але шляхцянка адштурхнула яе.

— Даўно заснуў?

— Не, во толькі. Плакаў шмат.

— Еў?

— Не.

— Бачыш, як высыпала на твары? Змазаць настойкай.

— А што гэта?

— Воспа. Хварэла на яе?

— Не, у дзяцінстве памятаю, сястра захварэла, дык праз тыдзень памерла. І браты два... Аднаму і месяца не было!

— Тады прэч адсюль, каб вочы мае цябе не бачылі!

Служка хацела яшчэ нешта сказаць, але Катажына зірнула на яе так, што тая вылецела за дзверы без аніякіх роспытаў. Пані прысела на ложак і пяшчотна пацалавала малечу. Глэся зашоргала нагой па падлозе, чакаючы, пакуль гаспадыня паглядзіць на яе.

— Пані, мне застацца?

Катажына кіўнула. Дзяўчына падышла бліжэй, уважліва паглядзела на хворага хлопчыка і сказала:

— Я зараз настойкі прынясу.

Катажына махнула рукой у знак згоды, і Глэся знікла. У гэты час малы заварушыўся і расплюшчыў вочы. Пазнаўшы матулю, дзіцё працягнула да яе маленькія ручкі і заплакала. Жанчына абняла яго і пачала спяваць песеньку, а ў самой балюча зашчымела сэрца. Прыгадала, як чакала яго, калі яшчэ была цяжарная. Кожны дзень тады падыходзіла да люстэрка і любавалася жывоцікам, з заміраннем адчувала, як варушыцца і б’е ножкамі ў яе пад сэрцам. Калі ж пасля народзінаў ёй у першы раз паклалі дзіця на грудзі, яго маленькія пальчыкі схапіліся за яе мезенец і не адпускалі. У той момант сэрца гатова было выскачыць з грудзей, а цела ахоплівала хваля захаплення. Хрэсьбіны Глеба правялі, як і належыць, з пышнасцю. На іх запрасілі ўсё наваколле, учыніўшы сапраўдны баль. Колькі тады з’ехалася гасцей! Каля іх тады праходзілі людзі, віншавалі, усміхаліся, а яна не бачыла нікога, акрамя сына. Пасля гэтага яна нават са свякроўю магла гаварыць смялей, бо стала паўнапраўнай гаспадыняй і маці нашчадка.

...Яна прачнулася, пачуўшы плач Глеба. Падхапіўшыся, жанчына падскочыла да ложка. Праўду кажуць, што калі хто жадае схапіць за сэрца маці, то няхай дакранецца да яе дзіцяці. Тут жа было яшчэ горш. Катажына не магла бараніць і кінуцца на крыўдзіцеля, каб выдрапаць яму вочы ці засланіць сабой сына. "Міласцівы Творца, гэта самае цяжкае выпрабаванне! За якія грахі так мяне пакараў?" — зляцела ў яе з вуснаў. Ды, засаромеўшыся тых слоў, сказаных у гневе, пані ўпала на калені і пача­ла маліцца. Глеб зноў заплакаў. Катажына паднялася, накіравалася да люлькі, але не дайшла і зноў укленчыла перад абразам. Слёзы цяклі па шчоках, а яна шаптала малітву і захлыналася імі. На вуснах выступіла пена, у грудзях шчымела ад плачу, але маці ўсё паўтарала пра сябе: "Гэта ён мяне выпрабоўвае! Ён добры! Ён не дазволіць..." Праз некаторы час хлопчык сапраўды сцішыўся. Жанчына, падумаўшы, што яму стала лепш, змоўкла і павалілася ў непрытомнасці на падлогу.

За месяц шляхцянка выплакала ўсе слёзы. Смерць Глеба была цяжкім ударам. Калі нарэшце яна, стрымліваючы слёзы, усё ж магла выходзіць з пакоя, іншая вестка забрала пад нагамі зямлю.

Глэся мела рацыю. З кахання да пана Яраша нічога добрага не атрымалася. Спачатку, калі шляхціц навадзіўся прыязджаць ледзь не праз кожныя тры дні, яна чакала гэтых візітаў. Але раптам вочы самі пачалі адкрывацца. Пан Станіслаў заўсёды рады быў прыняць госця ды вось аднойчы, вельмі ўважліва паглядзеўшы ў час размовы на Катажыну і Яраша, ён спахмурнеў і доўга не выходзіў з задумення, носячы пры сабе нейкія не дужа добрыя думкі. Пасля гэтага гаспадар часцей пакідаў іх адных, што непакоіла жанчыну.

Скончылася ўсё гэтак жа раптоўна, як і завязалася. Справа ў тым, што Глэся ўпала ў вока служцы пана Лычкоўскага. Бедны Грышка рабіў немагчымае, каб падчас візітаў гасцей не згубіць з вачэй вяртлявага Марка. Той жа цікаваў каля людской ды не даваў праходу Глэсі. Аднойчы, каб ён хоць трохі адчапіўся, дзяўчына напаіла Марка сівухай. Служка дзябнуў няслаба, але не заснуў, а разгаварыўся, ды зноў залё­ты пачаў строіць. Дзеўка вазьмі і ляпні, што пан Яраш так часта наведваецца, што хутка паселіцца ў іх маёнтку. Марка быў на добрым падпітку, таму за язык і чорту не прыйшлося цягнуць — сам усё расказаў, а Глэся, хоць і шкадавала сваю пані, слова ў слова ўсё ёй далажыла. Высветлілася, што на самай справе Лычкоўскі проста быў добрым акцёрам. Задумка развесціся з жонкай круцілася ў пана Станіслава ў гала-ве з першага імгнення іх сумеснага жыцця, але як гэта зрабіць, не ведаў. Такі план падказаў яму адзін з сяброў, а пану засталося толькі знайсці кандыдатуру. Такой "кандыдатурай" і стаў Яраш, ад якога ў гэты вечар даставіў ліст Марка і перадаў яго праз Глэсю.