Выбрать главу

Катажына дастала аркуш паперы і ўзяла пяро, але раптам прыгадала нешта і выняла іншы. Падышоўшы да акна, яна падставіла іх да святла. Цяпер было заўважна, якія вадзяныя знакі былі на іх. На першым вылучалася кветка ружы. Скончыўшы пісаць, гаспадыня паклікала Глэсю і аддала ліст.

— Аднясі і больш ніколі не бяры ад яго канверты.

Служка згодна кіўнула і пайшла, а гаспадыня села за стол, падпёршы гала­ву рукамі, і дала волю слязам. Нечакана яна пачула валтузню на калідоры і крык. Жанчына выйшла з кабінета і ўбачыла, як дваровыя трымаюць Глэсю, а Станіслаў, размахваючы лістом, нешта гаворыць сваім таварышам.

— Так вось адплаціла за маю дабрыню! — закрычаў ён. — Цяпер з ганьбай да бацькоў выганю! Глядзіце, шаноўныя, што жонка за маёй спінай робіць! Палюбоўніка сабе знайшла, лісты яму піша.

Катажыну перасмыкнула. Вось што, значыцца, ён задумаў: пры сведках узвесці на яе паклёп і развесціся. Шляхцянка не падала выгляду і спакойна падышла да паноў.

— Дзень добры, яснавяльможныя. Даруйце майму мужу гэтыя словы, бо ведаю, як вам непрыемна стаць сведкамі такога.

Яна паглядзела на Станіслава.

— Думаю, ён так робіць, бо занадта кахае мяне і не можа перажыць, што яго жонка магла напісаць іншаму ліст. Але я прашу прачытаць пры яснавяльможных тое, што запячатана. Няхай усе ўпэўняцца ў маёй чысціні перад мужам і Богам.

Станіслаў аж пабялеў, пачуўшы такое. Ён доўга глядзеў на жонку, пасля раптам ачомаўся і пачаў распячатваць канверт. Па меры таго, як лотр чытаў напісанае, голас яго падаў, а на твары з’явілася разгубленасць. Шляхцянка дачакалася, пакуль ён скончыць і дадала:

— А цяпер паглядзіце, шаноўныя, які аркуш з малюнкам я выбрала для адказу.

Панам стала цікава. Караль выхапіў ліст і паднёс да святла на якім прасвечвалася выява блазна. Шляхцюк кракнуў:

— Здаецца, гэта ўжо для цябе, Станіслаў.

Ён выкінуў паперу ды зарагатаў, не саромеючыся нікога з прысутных. Катажына адвярнулася і пайшла да кабінета. Цяпер усё было скончана. Вырашыўшы, што заўтра ж паедзе да бацькоў, шляхцянка загадала Глэсі абвесціць гэта гаспадару. Увечары ён сам з’явіўся да жонкі і не змог падняць галавы, каб паглядзець у вочы.

— Напішам "лісты расстання". Я больш не вярнуся сюды, але патрабую аддаць тое, што належыць мне па вене.

Станіслаў кіўнуў і выйшаў, а на наступны дзень яна загадала запрэгчы коней і без аніякага шкадавання пакінула сядзібу Жывіцкіх. Калі сані пад’ехалі да роднага маёнтка, яе сэрца радасна забілася ў грудзях. А як толькі вазніца спыніў коней, жанчына выскачыла і пабегла да брам. У доме было цёмна і ціха, быццам там усе вымерлі. Бацька сядзеў у сваім кабінеце ды глядзеў на полымя, калі дзверы адчыніліся і ў пакой увайшла Катажына. Ён уздыхнуў

— Заходзь.

Дачка падышла да яго і села каля ног, схіліўшы сваю галаву яму на калені.

— Тата, я стамілася.

— Ведаю.

Пан Юзаф пагладзіў яе па галаве.

— Ты не павінна быць такой, не трэба. Моцным заўсёды цяжка. Бачу, што даўно не плакала, а хавала ўсё ў сабе. Што гэта пад вачыма? Не ведаеш?

Яна, як маленькая, пакруціла галавой.

— Гэта нявыплаканыя слёзы, дачушка. Паплач, бо яны не дадаюць прыгажосці.

Тая не вытрымала і сапраўды заплакала, а бацька сумна спытаў:

— Ужо вырашыла, што будзеш далей рабіць?

— Пострыг прыму, — яна рашуча паглядзела на яго.

Як ні балюча было чуць тое, пан Юзаф уздыхнуў і адказаў:

— Гэта твой выбар.

***

Раніца была цудоўная. Промні сонца асыпалі горад боскім бласлаўленнем і сагравалі душы яго жыхароў. Мінулагодняе лісце клёну вецер шпурляў пад ногі нешматлікім мінакам, забыўшыся, што яшчэ хвіліну таму ашчадна збіраў і кружыў яго ў сваім дзікунскім танцы. Шляхцянка паспрабавала было адхінуцца, але жоўтае, аранжавае, чырвонае лісце пасыпалася на яе з нябёсаў.