Выбрать главу

Вузенькая вулачка Гародні вяла ад цэнтра ўглыб старых камянічак і халуп мяшчан. Смярдзела памыямі і тухлай капустай. На раскіданай саломе каля хаты цырульніка, бездапаможна лыпаючы зялёнымі вочкамі, мяўкала рудое кацянё. Зуліся схілілася над ім і паспрабавала пагладзіць. Тое не спужалася і нават само пасунулася да яе. Гэта здзівіла панначку, і дзяўчына ўзяла яго на рукі. Кацяня ўдзячна замурчэла, а шляхцянка пакрочыла далей. Вулачка пятляла, звівалася і зноў выпроствалася, але дзяўчына ішла, забыўшыся, і не заўважала на час. Раптам яна пачула чароўныя гукі дзвюх скрыпак. Дзіўная мелодыя, якую стваралі два сэрцы, заваражыла панен­ку і прымусіла яе спыніцца. Напачатку музыка гучала ціха, пасля набірала моц ды зноў сціхала, час ад часу перарываючыся, быццам бы на ўздыху.

— Я так даўно хацеў табе сказаць, — пачала адна скрыпка. — Я кахаю цябе...

— І я цябе кахаю, — загаварыла другая.

Ноткі першай скрыпкі сталі мажорнымі:

— Праўда?! Гэта і ёсць шчасце, любая. Няўжо так змагу называць цябе!

— Праўда!

Другая скрыпка засмяялася і працягвала зноў:

— А ведаеш, ноччу...

Яна не паспела скончыць, бо другая перахапіла яе словы і мякка запела:

— ...бачу сон, а ў ім ты мне ўсміхаешся.

— О, гэта так. Я заўсёды прыгадваю гэта, калі днём бачу цябе і...

— ...я хачу...

— ...сказаць табе...

— Любы!

— Любая!

— Я цябе кахаю, — загучала суладна, гучна, радасна, шчасліва.

Зуліся сумна ўсміхнулася і падумала: "Наіўныя. Яны яшчэ не ведаюць, што такое жыццё, не разумеюць, з чым давядзецца сутыкнуцца іх пачуццям... Але можа... Дай Бог!" Вулачка бегла далей, клікала за сабой, і шляхцянка паволі крочыла, напяваючы сабе пад нос ціхую мелодыю. Старая служка, якая цягнулася ззаду, пачала незадаволена буркатаць:

— Пані, досыць ужо. Не паспеем жа на таргі.

Зуліся павярнулася да яе і кіўнула:

— Зараз пойдзем. Вось пагляджу на горад, тады і вернемся.

Служка нешта сказала сабе пад нос, але пярэчыць гаспадыні не стала. Яны блукалі па Гародні яшчэ доўга, пакуль нарэшце панначка спынілася і павярнулася да халопкі.

— Усё, хадзем да гандлёвых радоў.

Таргі праходзілі адзін раз на тыдні і, канечне, не збіралі столькі народу, як кірмашы. Калісьці іх рабілі найчасцей перад набажэнствам у нядзелю альбо крыху пазней пасля яго. Толькі гэта выклікала незадавальненне клерыкаў, таму ў Гародні, як і ў большасці гарадоў Рэчы Паспалітай, іх тэрмін перанеслі на іншыя дні — панядзелак, аўторак ці сераду. Таргі адбываліся на гандлёвай плошчы, але і на ўзбочных вуліцах можна было пабачыць сялян, якія прадавалі з вазоў прывезенае збожжа ці гародніну. На ўскрайку вясковыя цёткі трымалі ў кошыках малако, свойскую птушку, мёд, воск і сушаныя грыбы. За горадам жа на вызначаным месцы прадавалі быдла.

У камянічках купцы раскладвалі свой тавар для заможных пакупнікоў. Г эта рабілася, каб панам было "лягчэй дыхаць", бо халопы не наважваліся сюды заходзіць. Каля адной такой крамы з тканінай Зуліся спынілася і пачала разглядваць стужкі. Служка стаяла за ёй і чакала. Да іх падышоў купец з кіслым тварам і без аніякага імпэту.

— У які кошт гэтыя? — спытала шляхцянка, паказваючы на дзве, што выбрала.

Купец гэтак жа вяла адказаў.

— Ты смяешся, — здзівілася яна. — Гэта занадта для простых стужак!

— То няхай панначка да майго суседа падыдзе. У яго і танна, і тавар лепшы.

— А гузікі ў цябе ёсць?

Той пакруціў адмоўна галавой.

— Як то? Вунь жа ляжаць за рулонам.

— Гэта дрэнь. Не для вяльможнай тавар, — пачаў апраўдвацца гаспадар. — Прашу, няхай панначка паглядзіць у суседа.

Зуліся незадаволена фыркнула і выйшла на вуліцу, але яе спыніла служка.

— Панна, паслухай мяне. Сёння гэты купец не змог яшчэ нічога прадаць, таму так і гаварыў.

— Чаму ж на сябе нагаворваў?

— Тут благая прыкмета, калі першай нешта купіць жанчына. Таму пачакайце пакуль ён вунь з тым мешчанінам паразмаўляе, і той што-небудзь набудзе. Добры тавар у яго, не ідзіце да суседа.

Шляхцянка так і зрабіла. Калі яна зайшла ў краму ў другі раз, купец аж падскочыў, убачыўшы дзяўчыну.

— Ах, шаноўная, — вохкнуў ён, — як я рады!

Ён замахаў рукамі і вываліў перад ёй стужкі і гузікі.

— Выбірай, панначка.

Служка паглядзела на яго і плюнула, а Зуліся засмяялася і падышла бліжэй. Купіўшы ўсё, што хацела, яна выйшла з крамы і пачала распытваць старую.

— Адкуль ведаеш гэта?

— Што?