Выбрать главу

— Пра забабоны ў гандлі?

— А-а-а. Адным вухам дзесьці чула. І не такое яшчэ ёсць!

— Праўда?

— А то! Напрыклад, ніхто не купіць быдла, калі ў яго бок вышчыпаны, бо будзе хварэць. Яшчэ яно павінна прадавацца з пастронкам, а то ці весціся не будзе, ці здохне, каб іх. Ой, пані, вунь лаўка, туды таксама хацелі зайсці?

У краме было пуста, а каля расчыненых дзвярэй стаялі два купцы і размаўлялі паміж сабой.

— Пан нейкі не так даўно быў, — уздыхнуў адзін. — Сказаў паказаць сукно, а калі я адрэзаў кавалак, то пачаў прасіць, каб пазычыў.

— А ты? Няўжо згадзіўся?

— Не, зразумела. Дык ведаеш, што ён учыніў? Адразу схапіўся за шаблю!

Ён зноў уздыхнуў. Другі купец махнуў галавой і пагадзіўся:

— Шмат крыўды чыняць нам паны.

Раптам ён агледзеўся па баках і, прыглушыўшы голас, зашаптаў:

— Няма ў іх аніякай шкадобы і павагі да нас. Яны ж яснавяльможныя! Прыязджаюць на таргі, робяць, што ў галаву заскочыць! Купцоў і мяшчан за людзей не прызнаюць, а карчмароў за бараду шкуматаюць, стрэльбай і шабляй пагражаючы. Гора адно!

— Праўду кажаш. А чуў, што тры панічы, браты, дарэчы, на мінулым кірмашы паміж сабой нешта не падзялілі. Старэйшы малодшага застрэліў, а сярэдні за гэта на старэйшага паскардзіўся гродскаму енералу.

— Не па-хрысціянску то, на брата...

Другі кіўнуў.

— А ты думаў як? Кажуць, падстрэлілі цішком, у спіну.

— Во табе і вяльможныя...

Ён не дагаварыў, бо ўбачыў Зулісю. Абодва схіліліся ў паклоне і змоўклі, але панначка не захацела заход зіць і пайшла прэч адтуль. Служка здзівілася, не разумеючы, чаму гаспадыня перадумала купляць тканіну, але паслухмяна пацёглася следам.

***

Маёнтак Усевічаў быў невялікі. Каля галоўнага ўваходу месцілася стайня з вазоўнямі і лямус, а ў цэнтры падвор’я ўзвышаўся высокі слуп, да якога прывязвалі коней заезджыя госці. За гумнішчам месцілася некалькі хлявоў, і вяндлярня, якая стаяла асобна, бліжэй да студні. За ёй жа пачынаўся сад, які вёў да сажалкі, дзе разводзілі рыбу.

Дазнаўшыся пра прыезд Стэфана з госцем, уся дворня высыпала з людской, каб паглядзець хоць краем вока на паніча, які ўжо так доўга не з’яўляўся ў бацькоўскім кутку. Пані Ядвіга не хавала слёз, калі цалавала сына, жалілася на здароўе і ўсё баялася самлець на яго руках. Пан Ян слухаў словы вітання і задаволена лыпаў вачыма ды ўсміхаўся, круцячы левай рукой доўгія вусы. Стэфан першы падышоў да бацькі, паваліўся на калені перад ім і дакрануўся вуснамі да ботаў. Пасля падняўся і пацалаваў у жывот, руку і, калі збіраўся схіліцца да ілба, той не вытрымаў такога цырыманіялу і сам схапіў сына ў жалезныя абдымкі. Феліцыян таксама пацалаваў руку пану і схіліўся перад гаспадыняй, выслухаўшы іх шчырыя словы. Толькі пасля гэтага ён заўважыў, што з дзвярэй, не маючы адвагі выйсці насустрач, выглядаебялявая галоўка Стасі. Панначка, злавіўшы яго позірк, раптам пачырванела і хуценька зачыніла дзверы, а Феліцыян засмяяўся і спытаў:

— Я бачу, пані Ядвіга, у вас дзве дачкі на выданне.

— Ды куды там, — махнула рукой гаспадыня. — Стася яшчэ дзіцё, хоць мы з мужам пачынаем і ёй шукаць добрага кавалера.

— Ці не рана?

— Наадварот! Баімся, што можам спазніцца з пошукамі. Дзевак цяпер — плот гарадзі, а вось з хлопцамі — бяда.

Яна паглядзела на мужа.

— Ды пра тое пасля пагаворым. Цяпер ідзіце са Стэфанам у яго пакоі, а я паклапачуся пра вячэру.

— Маці праўду кажа, — падхапіў пан Усевіч. — Ідзіце, а я разбяруся тут з дваровымі і прыйду да вас. Дарэчы, у нас яшчэ адзін госць спыніўся.

— Хто такі?

— Потым раскажу, сынку... Далікатнай псярні цюцька, самі ўбачыце, да нас з Расеі паслом едзе.

Так сказаўшы, пайшоў, а юнакі пацягнуліся да пакоя Стэфана. Ён быў невялікі, абстаўлены простай мэбляй, але ўтульны і сонечны. На гэта не магла не паўплываць старая сармацкая ўпартасць яго бацькі, які не прызнаваў новага і жыў пустымі трызненнямі ды захапленнем часамі былой велічы. Пасярод пакоя стаяў дубовы стол, а каля яго — вялікае крэсла з тоўстымі парэнчамі і ножкамі ў выглядзе ільвіных лап. На стале былі ахайна складзены аркушы пергамену, гусіныя пёры, стаяла чарнільніца, што нагадвала галаву ястраба. На самым краі, перавёрнутыя дагары, ляжалі кнігі ў старых пераплётах на ножках-падстаўках, са спражкамі. Сцяна каля ложка была ўвешана зброяй: шаблі, сцізорыкі рознай даўжыні і формы ляза, нават крыжацкі меч з выкшталцоным дзяржальнам, што нагадвала скручаную змяю.

Феліцыян адшпіліў шаблю, каб не замінала, і ўсцёгся разам з ботамі на ложак, усланы воўчай скурай. Заплюшчыў вочы і адчуў, як занылі ад стомы ногі.

— Я так сябе адчуваю, быццам каменне на Крэўскі замак цягаў, — пажартаваў шляхціц.