Выбрать главу

— Угу, — згадзіўся Стэфан, хлопаючы сябе па жываце. — Хутчэй бы на вячэру паклікалі.

— А ты як заўсёды. Ні хвіліны ні пра што іншае не думаеш, толькі пра пачастунак.

— У мяне, напэўна, у страўніку дзірка: што туды ні трапляе — усё вывальваецца. Абедаў, а жывот не ведаў.

Раптам у куце, амаль над самай галавой Феліцыяна, нешта зашабурсцела. Паніч толькі цяпер заўважыў гэтую чорную вялізную пляму і ляжаў нерухома, вылупіўшы вочы ад здзіўлення. Калі ж зрэнкі прызвычаіліся да цемрадзі, ён змог разгледзець чорнага гругана, які моцна трымаўся вялізнымі кіпцістымі лапамі за драўляны слуп.

— Во, пра Яшку забыліся! — ускрыкнуў Стэфан.

— Здох, напэўна, твой Яшка. Не варушыцца нават.

— Ды ну цябе! Я Стасі загадаў за ім назіраць. Тлусты ж які стаў! Адкарміла яго малая! Яшка, ляці сюды.

Але груган больш не варушыўся. З твару шляхціца знікла ўсмешка, і ён закрычаў:

— Стася! Зараз я табе ўлуплю!

Затым кінуўся да ложка, ускочыў на яго і таргануў гругана за крыло. У гэтымомант у пакой убегла Стася. Яна зірнула на брата і схавалася за дзвярыма, а пасля вінавата залапатала:

— Стэфан, міленькі, ты мне галаву не адрывай, бо маёй правіны тут нямашака.

Стэфан тым часам зняў птушку і, агледзеўшы, зразумеў, што здарылася. Ён зло-

сна паглядзеў на сястру і прабурчаў:

— Навошта так зрабіла? Зараз цябе...

— Не паб’еш! — перапыніла яна. — Бацька блізка. Твой Яшка ўсім косткай ў горле сядзеў. Два дні лётаў па пакоі, пляскаў крыламі і крычаў, быццам з яго жывога пёры скублі. Вось я і завязала спачатку дзюбу, а пасля крылы.

— Мучыцелька!

— Хто яшчэ каго мучыў! Бацька хацеў застрэліць.

— Як? Без мяне?

— А што рабіць? Мы ж не ведалі, калі прыедзеш.

Хлопец пачаў разблытваць аборкі на лапах птушкі, а потым вызваліў дзюбу. Груган толькі лыпаў чорнымі вугельчыкамі вачэй, але не супраціўляўся. Яго пёркі былі трошкі прымятыя і пацярэбленыя. Увесь час птах паслухмяна чакаў, пакуль паніч разрэжа аборкі, якія заміналі яго свабодзе. Калі ж гаспадар вызваліў яго, той нечакана расправіў крылы і закрычаў:

— Кыр-р-р! Кар-ра! Кар-ра!

Феліцыяна перасмыкнула. Стэфан здзіўлена паглядзеў на сястру.

— Ты навучыла?

— Не. Цяпер разумееш, чаму я так зрабіла?

— Лепш бы якога голуба завёў ці канара. Клопату меней ды і прыгожа, — пачаў кпіць з сябра Феліцыян.

— Я не дзеўка, каб галубоў у пакоі трымаць, — надзьмуўся Стэфан.

Чорны груган зноў заварушыў крыламі. Паніч пасадзіў яго сабе на плячо, і птах сцішыўся. Адной лапай ён моцна ўчапіўся за эпалеты на кунтушы, а абрубкам дру­гой абапіраўся, каб захаваць раўнавагу.

Феліцыян паглядзеў на абрубак і спытаў:

— Што сталася з лапай? Ты пастараўся?

— Скажаш яшчэ! Яшка, чуў што ён вярзе?

Груган ўтаропіўся чорнымі зрэнкамі на Феліцыяна і гучна каркнуў

— Зразумеў? — засмяяўся паніч. — За бацькавымі ботамі пабег. Толькі вось не паспеў заскочыць у дзверы, то дзвярыма лапу і адбіла. Доўга пасля выходжваў.

— Мух лавіў можа яшчэ?

— А што? І такое было. Яшчэ ў дваровых дзяцей чарвякоў на булкі мяняў. Смяешся? Можа, мы з ім як браты родныя, адным арэхам падзелімся.

— З груганом?

— Ён таксама Панам Богам створаны.

Тут дзверы адчыніліся, і ў пакой уваліўся пан Усевіч. З першага погляду можна было зразумець, што ён нешта задумаў. У яго вачах, якія звузіліся з-за ўсмешкі ў дзве шчыліны, скакалі шалёныя чорцікі. Пан трымаў у руцэ келіх з віном.

— Вось, — прамовіў, — не мог дачакацца. Хачу пахваліцца, які келіх мой ганчар зрабіў. Цацачка! З такога і каралю нясорамна піць!

— Дай, татка, паглядзець на тваё дзіва, — падскочыў Стэфан.

Узяў яго з бацькавых рук і пачаў разглядаць. Келіх сапраўды быў зроблены мясцовым майстрам. Тыя, у адрозненні ад ляхаў і еўрапейцаў, выкарыстоўвалі сваю гліну чырвонага колеру, у той час як посуд з Захаду быў з белай ды з маленькімі крупіначкамі-каменьчыкамі. Уверсе былі зроблены вялікія ўзорыстыя шчыліны,выгнутыя ў дугі, або проста трохкутнікі і палоскі. Каля верху ручкі таксама была шчыліна, і, можа, толькі сам ганчар ведаў сакрэт дзіўнага вырабу. Стэфан агледзеў келіх і засмяяўся:

— Што за жартачкі? З такога не вып’еш і глытка, бо ўсё праз дзіркі выл’ецца!

— Не, — пакруціў галавой пан Ян. — Тут таямніца ёсць. Але для тых, хто галаву на плячах носіць, а не качан капусты. Ну, паспрабуй напіцца!

Сын усміхнуўся і абхапіў рукамі келіх. Пальцамі ён паспрабаваў заціснуць большасць шчылін і нахіліў яго, каб адпіць. Але ў гэты момант мноства тоненькіх струменьчыкаў пырснула на яго, і паніч з ног да галавы абліўся віном. Раззлаваўшыся, ён хацеў шпурнуць келіх аб падлогу, але бацька спыніў яго і вымавіў: