Выбрать главу

Шляхціц пачырванеў ад злосці. "Бач ты яго: есць, п’е, а добра не думае!"

— вылаяўся ён сам сабе. Ён ведаў пра грэблівую мянушку "пан", якой расейцы клікалі шляхту. Відаць, той позірк, якім адарыў гаспадар пасла, меў свае вынікі, бо здзеклівая ўсмешка раптам знікла з вуснаў госця, і ён, заплюшчыўшы вочы, схіліў перад ім галаву. Гэты паклон, зразумелы абодвум, быў як прабачэнне. Шляхціц у адказ звёў бровы і зноў загаварыў.

— У нас пан пану брат, і гэта Рэспубліка, князь.

Стральцоў не змог стрымаць з’едлівай усмешкі.

— Рэспубліка? Я не настолькі дурны, каб не разумець сэнс падзей, што адбываюцца у вашым панстве. Яно раздробленае, праз кожныя сто вёрст можна неспадзёўкі апынуцца ў каралеўстве якога-небудзь заможнага пана, ды і бяднейшыя ад іх стараюцца не адставаць. Пазачыняліся ў сваіх маёнтках і жывуць дзеля сябе, а кароль... — ён уважліва паглядзеў на Феліцыяна. — Не, здаецца я разгаварыўся.

— Ды вы, князь!.. — захлынаўся ад гневу Стэфан.

Князь спыніў яго:

— Раю вам супакоіцца, спадар. Мне не варта было распускаць язык, але і вы не забывайце, кім я з’яўляюся. Лепш здыміце шаблю і адкладзіце ўбок, бо не ўтрымаецеся. У маладых людзей пачуцці замінаюць розуму. Забіць не здолееце, але за абразу пасла... Мая дзяржава маўчаць не будзе.

— Безумоўна, ёй якраз можа спатрэбіцца падстава, — раптам умяшаўся Феліцыян. — Толькі вы забыліся, што калі свае б’юцца, чужому не трэба ўмешвацца.

Князь здзіўлена паглядзеў на яго.

— Але калі падумаць, то можна сказаць, што Рэспубліка пакуль не патрэбна ёй, — працягваў Офенберг. — Рэч Паспалітая павінна з’есці сябе знутры, тады...

— Вам не перашкодзіць быць крыху больш асцярожным і падбіраць выразы, шаноўны, — перапыніў князь.

— Буду памятаць тое.

На момант іх вочы сустрэліся. Усевіч паспрабаваў змяніць тэму размовы.

— Якая місія вашага візіту? Раскажыце нам, князь, калі толькі...

Князь перапыніў.

— Яна не з’яўляецца сакрэтнай. Я мушу мець размову з каралём пра нашых халопаў, якія збягаюць на тэрыторыю вашага гаспадарства і ў Ліфляндыю. Гэта сапраўдны здзек. Імператар спрабаваў нават пасылаць атрады, але і яны часам на вярталіся.

— Можна паспрабаваць вырашыць тое, што прымушае іх уцякаць. Зрабіце мякчэйшым рэкруцкі набор і супакойце баяр.

— Не думаю, што гэта іх спыніць. А ў вас цяпер нават паўз мяжу стаяць вартавыя фарпосты ад сямі да дзесяці вёрст, але, — ён пасміхнуўся, — там навучыліся зарабляць грошы і прапускаюць уцекачоў за плату, а памешчыкаў, якія едуць вяртаць сваіх халопаў — толькі па пашпартах. Каб іх халера! Вашы паны і рады — ім працоўныя рукі патрэбны. Рэдка хто вяртае беглых, ды і за такі кошт, што залатыя халопы нам атрымліваюцца. Хоць бывае — самі, сабакі, вяртаюцца. Дык тады ад іх наогул няма паратунку: альбо падбухторваюць іншых уцякаць, альбо пеўня былым гаспадарам пускаюць. Былі і такія, што кідалі свае гаспадаркі, рабавалі памешчыка, а пасля яшчэ вярталіся, ды не адны, а з бандамі, ды чынілі разбой і крадзяжы ад чаго нашы дваране ў вялікай небяспецы знаходзяцца. Больш за тое, вера праваслаўная з-за вас, паны-католікі, крыўды церпіць. Мужыкі, гледзячы на вашых, перахрышчваюцца і дзяцей сваіх робяць ці католікамі, ці ўніятамі, бо на гэта іх тутэйшыя святары падбухторваюць.

— Я чуў, што вяліся перамовы вашага пасла Гроса і памочнікаў. У Варшаве быў выдадзены каралеўскі ўніверсал, які забараняе прымаць на пасяленне ўцекачоў з Расеі і абавязвае выдаваць тых, хто пераходзіць мяжу, для расправы.

— Г эта толькі словы!

— Гэта каралеўскі ўніверсал!

— Каралеўскі?! Я ж гаварыў, пан, што ў вас кожны дзясяты — кароль.

— Ды як ты!.. Каб так сабака плакаў, як гэта праўда! — закрычаў Стэфан.

Ён выхапіў шаблю і кінуўся на пасла. Той спакойна глядзеў на паніча і накіраваў у яго бок дула невялікай крамянёвай стрэльбы. Але і гэта не спыніла яго, і, каб не Феліцыян і бацька, якія схапілі хлопца пад рукі і моцна трымалі, была б бяда. Стары гаспадар павярнуўся да госця і прамовіў:

— Гэтымі словамі вы закранаеце не толькі мой гонар, а і годнасць маёй Айчыны.

Князь паглядзеў на яго:

— Загадайце рыхтаваць мне карэту.

— Я хацеў пачуць іншае.

— Не разумею.

Усевіч зароў і схапіўся за шаблю.

— Нехта забыўся папрасіць прабачэння, чорт! Я ненавіджу вашу дзяржаву, як і вы маю, але захоўваю пачцівасць, а спадар кожным словам гадзіць у душу.

Князь схіліў галаву.