Выбрать главу

— Шчыра прашу прабачыць за крыўду і... ад’язджаю сёння.

Ян супакоіўся і панура адказаў:

— Ваша пажаданне будзе выканана.

Князь пакланіўся і накіраваўся да дзвярэй. Стэфан, паглядаючы ў яго бок, не ўтрымаўшыся, ляпнуў:

— Які госць, такое і частаванне.

Князь запаволіў хаду, але раздумаў і, стукнуўшы з усяе моцы абцасам аб пад­логу, выйшаў на двор. Калі ўсе разышліся, Феліцыян вырашыў прагуляцца па парку. Ад халоднага вясенняга паветра па целе прабеглі дрыжыкі. З боку двара даносіласяся квахтанне курэй, але з халопаў там нікога не было. Мусіць, сабраліся ў людской даядаць тое, што засталося пасля панскай вячэры. Офенберг крочыў па сцежцы і падкалупваў ботамі мінулагодняе апалае лісце. Яму падабаўся прэлы пах, але цяпер да яго далучаўся водар яшчэ чагосьці, што ніяк не мог разгадаць. Недалёка пад голымі шатамі старога клёна паніч заўважыў Стральцова. Той стаяў і назіраў за двума хлапчукамі, якія біліся на кіях. Адзін з іх, хударлявы і бледны, ніяк не мог даць належнага адпору свайму праціўніку і атрымліваў балючыя ўдары за сваю слабасць. Другі хлапчук злаваў на таварыша, думаючы, што ён знарок паддаецца, бо не хоча вучыцца біцца.

— Змітрок! — крычаў ён на малога. — Ну чаго ты, як няеўшы? Абараняйся годна, смярдзюк!

Зміцер аж пачырванеў ад натугі ці, можа, ад старання, але не мог перамагчы старэйшага брата. Буйныя кроплі поту выступілі ў яго на ілбе, вусны былі сціснуты ў тоненькую лінію, хлопчык плакаў ад крыўды. Пасол уважліва сачыў за кожным рухам малога, якому, было бачна, ён вельмі спачувае, таму Феліцыян змог падысці да яго бліжэй незаўважаным. З хвіліну ён стаяў за спінай Стральцова і бачыў, як той напружыўся і сціскае эфес шпагі тонкімі ўчэпістымі пальцамі далікатных рук. Раптам малы паслізнуўся, а брат засмяяўся і адкінуў кій.

— Ты як баба, — сказаў ён. — Што з цябе будзе? Лепш бы дзеўкай нарадзіўся, маці б падмога была, а то...

Хлопчык паглядзеў на яго і змахнуў слёзы рукавом.

— Я...

— Нават дровы калоць не пасіліш!

Сказаўшы такія словы, пайшоў, пакінуўшы брата аднаго. Князь стаяў і са шкадобай пазіраў на Змітрака, які, не зважаючы ні на каго, сядзеў і глытаў слёзы. Нарэшце, заўважыўшы пана, ён падскочыў і схіліўся ў паклоне.

— Ты чый? — спытаў князь.

— Панскі.

— Хочаш, каб твой брат пашкадаваў аб сваіх словах?

Змітрок кіўнуў галавой.

— Я куплю цябе і забяру з сабой, — раптам сказаў ён.

Хлопчык стаяў і разгублена пазіраў на князя. Гэта было так нечакана і страшна, што ён спачатку разгубіўся і не мог вымавіць ні слова. Слёзы адразу высахлі, і малы, ачомаўшыся, нарэшце ўцяміў, што яго чакае, паваліўся ў ногі князя:

— Паночку, пашкадуй. Не трэба нікуды везці. Я тут... — голас хлопчыка задрыжэў.

Князь Дзмітры задуменна паглядзеў на яго і вымавіў:

— Ідзі прэч.

Расеец адвярнуўся і заўважыў Офенберга. Феліцыян збіраўся пайсці, калі Стральцоў спыніў яго.

— Пачакайце, Офенберг. Я якраз хацеў пагаварыць з вамі.

Шляхціц здзівіўся, а пасол раптам адвёў вочы.

— Не пазірайце на мяне так. Вам не гаварылі, што маеце цяжкі позірк, быццам выцягваеце душу?

— А вы, князь, словамі за душу бераце.

— Словамі? Я звычайна гавару няшмат, бо з языковага мліва мука нерадзіва. Шчыра кажучы, не хацеў бы цямніць, шаноўны. Запрашаю і вас перайсці на службу майму гаспадару. Разумею, што такая прапанова падасца дзіўнай, але прашу падумаць грунтоўна. Мне няварта пускаць лёстачкі, апісваючы сучасны стан вашага панства...

— Няварта, — перапыніў Феліцыян. — А то мы можам не зразумець адзін адна­го, і справа дойдзе да дуэлі.

Але Стральцова ўжо нішто не магло спыніць.

— У вас завязаны вочы, Офенберг. Тут справа не абыдзецца закідваннем шапкамі. Як можна не бачыць, што яшчэ падчас вайны са Швецыяй, калі Рэч Паспалітая была ў хаўрусе з нашым Пятром Аляксандравічам, паны ваявалі не са сваімі ворагамі, а грызліся паміж сабой. Дзяржава, створаная гвалтоўна, можна сказаць, з прымяненнем вайсковай сілы, не будзе доўга існаваць. Упэўнены, Офенберг, вы яшчэ будзеце жыць у тыя часы, калі спраўдзяцца мае словы. Агонь у паперу не загорнеш.

— Толькі ўдод смярдзючы ў сваё гняздо плюе!

— Вы няправільна зразумелі. Гэта не...

— Здрада? А я думаю, якраз гэта вы і мелі на ўвазе! Лёс перабежчыка, князь, незайздросны: здраду прымаюць, а здраднікаў вешаюць.

Князь павярнуўся да яго бокам.

— Ведаў, што пачую такі адказ. Але вы пашкадуеце.

— Магчыма.

— Тады скажыце, чаму менавіта так? У чым соль зямлі?

Феліцыян зірнуў на яго, моўчкі апусціўся на калені і пацалаваў рудую глебу. Князь згодна кіўнуў і пакрочыў у бок маёнтка.