Выбрать главу

— Хлеб з жалудамі? — спытаў Сцяпан, які таксама пакаштаваў акраец. — Цяжкі год сёлетні?

— З іх. Але ў нас гавораць: "Не бяда, што ў хлебе лебяда, а бяда, калі хлеба няма". А каб цябе! Ледзь цягнешся, воўчае мяса! — прыкрыкнуў ён на каня.

— А коней я добра даглядаю, дык пан Незабытоўскі прыняў да сябе. Пчол трымаю і не галяк. Бочачкі, кашы з лубу раблю, дачка з жонкай дапамагаюць, мне больш і не патрэбна. Сярмяга не знявага, а жупан не вялікі пан. Беднасць не адбярэ ў чалавека ні годнасці, ні розуму.

— Ат, жыццё розных гасцінцаў падкіне. Мяне яно караваямі не частавала. Няўжо няма на свеце праўды?

— Некалі мо і была, але заржавела.

— А чуеш, братку, як наша зямелька енчыць? Мая Айчына далёка, але я палюбіў гэты край, як родны, бо тут так хораша, быццам жыў сам Бог. Жыў, але пакінуў... Нашто? Хіба тут яго не любяць? Паглядзі ўвечары на неба, там убачыш знічкі. Гэта імёны вашых славутых людзей. Калі жыве памяць пра продка, то яго імя зіхаціць на небе, а калі забылі — зорка падае, бо нашчадкі ўжо не ведаюць, кім быў і што зрабіў для Айчыны. Дык ведаеш, братку, кожную ноч бачыў, як падаюць вашы знічкі. Гэта згубіць народ, таму заклінаю: памятайце, рабіце ўсё, каб не знікалі. Хоць лавіце іх на далоні і прыбівайце туды цвікамі. Разумееш? Калі заходжу ў цэрквы, там стаіць безліч свечак. Не магу глядзець на іх, бо здаецца, што гэта капае не воск, а льюцца слёзы.

— Час цяпер іншы, не тое, што ў мае гады. Памятаеш, братэньку, як пры каралі Яне Сабескім жылося? Той быў добрым гаспадаром.

Сцяпан згодна кіўнуў галавой:

— Праўду кажаш. Гэта не Сасы. Адзін быў "нямым д’яблам" — нічога не разумеў і не гаварыў па-нашаму. Другі дурань. Гаспадарства наша ледзь шведам і расейцам не прадаў. А трэці — пудзель у парыку, якога цяпер трываць даводзіцца, са сваімі французскімі выбрыкамі паноў пры двары на вушы паставіў. Упартаму і дурному хоць кол на галаве цяшы, а ён усё сваё.

— Дык гэта не самая вялікая бяда, васпан. Народ яго не хоча ўжо слухацца, а магнаты даўно за роўнага не лічаць. Радзівілы, Агінскія сабе, а Пацы, Вішнявецкія, Сапегі і іншыя, не пералічыш, на сябе цягнуць, рвуць край на кавалкі. А на сеймах што робіцца?! Гэта наша пагібель, чуе маё сэрца.

— Сплюнь, братку, будзем прасіць Пана Бога, каб злітаваўся з нас. Бо калі Айчыну страцім, то ў слязах патонем.

Офенберг уздыхнуў і павярнуўся да хлопчыка.

— Табаку носам важыш? Паспі, ехаць доўга.

Хлопчык зашыўся ў мяккае пахучае сена, і праз некаторы час звёў вочы. Снілася малому лета, водар рамонкаў на лузе і спеў жаўрука. А там, высока-высока ў небе, ляцеў бусел. Зямля пад моцнымі крыламі была поўная жыцця, маладосці, а бусел ляцеў і ляцеў.

***

Данута выйшла на двор і ўзяла ў рукі начоўкі з бялізнай. Вузкая пакручастая сцежка бегла да ракі. Дзяўчына пакрочыла па ёй, уважліва гледзячы пад ногі, каб толькі не наступіць на гадзюку, што любілі выпаўзаць сюды і грэцца на сонейку. Каля ракі сустрэла Зулісю, якая рвала крапіву ў кошык. На шыі ў яе віселі каралі з ягад арабіны, якія, напэўна, зрабіла зусім нядаўна, налыгаўшы на тонкую і моцную травінку чырвоненькія бусінкі.

Недалёка хадзілі дзве дзяўчынкі і збіралі кветкі ў букет. Кожная старалася знайсці прыгажэйшую, чым у сяброўкі, хутка зрывала, падбірала да букету і ішла шукаць новую. Рвалі нават чартапалох, хоць той няшчадна калоў маленькія пальчыкі, але надта ж карцела пахваліцца лепшым букетам.

Зуліся падышла да Дануты і кіўнула ў бок дзяўчынак.

— Як мы, калі былі малыя.

— А ты і цяпер не дужа вялікая, — засмяялася тая.

Зуліся надзьмулася, але раптам штурхнула за руку і прапанавала:

— Давай навыперадкі!

Не дачакаўшыся адказу, яна рванулася ўперад і паляцела да ракі. Па вузкай сцеж­цы праз крапіву, якая парасла на лузе, яны дабеглі да берагу і спыніліся над стромай.

Над Вольсай вісела аблачынка з туману. Яе хвалі павольна каціліся і пеставалі жоўценькі берагавы пясок. Данута ступіла на кладку і азірнулася на сяброўку, але тая і не думала ісці да яе. Тады дзяўчына ўзяла начоўкі з ручнікамі і пачала мыць.

— Халодная вада? — пацікавілася Зуліся.

— Анягож. Сама ведаеш: пасля Іллі заўсёды так. Спускайся да мяне!

— Ну-ну, ужо палезла.

Данута засмяялася і кінула на бераг вымыты ручнік. Дужыя рукі пачырванелі ад холаду, але яна, не зважаючы ні на што, спрытна мыла і разгінала спіну толькі дзеля таго, каб кінуць чысты ручнік на бераг. Зуліся хапала яго і клала назад у начоўкі. Данута часам пазірала і смяялася з таго, як сяброўка ўварочвалася ад пырскаў. Калі засталося толькі два ручнікі, яна ўзяла большы і, размахнуўшыся, кінула Зулісі, але ён не даляцеў і плёхнуўся ў ваду. Данута войкнула і пабегла па беразе за ім.