Выбрать главу

***

Раніцай, калі сонечныя промні ледзь-ледзь прабіваліся праз хмаркі і абуджалі наваколле, панначка прачнулася і ўсміхнулася ад думкі, што закралася ў галаву. Зуліся салодка пазяхнула і скінула коўдру. Яна ступіла босымі ножкамі на падлогу і пабегла да вакна. Адчуўшы ступнямі прыемную цеплыню, дзяўчо заплюшчыла вочы і стаяла так некалькі хвілін, але калі і гэта ёй надакучыла, яна вырашыла збірацца. Зуліся адкрыла куфар, дзе ляжала яе амазонка — вопратка для верхавой язды. Панна апранулася і ціхенька адчыніла дзверы. Прабіраючыся на дыбачках па калідоры, спынілася каля пакоя нянькі і прыслухалася. Адтуль даносілася пасопванне, што супакоіла панначку, і яна пакрочыла далей.

На двары ля стайні яе чакаў Васілька.

— Рана ты, — кінуў ён сястры.

— Няма дзіва! Я яшчэ не развучылася з сонцам уставаць. Чаго ўтрапеніўся?

— Ды ўсё прыглядаюся да цябе.

— Даўно не бачыў? Змянілася?

— Ага! Бы і свая, і адначасова чужая.

— Скажы калі ласка! — здзівілася дзяўчо. — Паедзем мо?

Васілька кіўнуў і пашыбаваў за коньмі. Праз хвіліну ён вывеў двух рысакоў. Зуліся выцягнула руку да Рукаса, той матнуў галавой ды сам пайшоў да гаспадыні. Прыхіліўшы морду да яе далоні, конь ціхенька захроп.

Хлопец глядзеў на іх і не пераставаў здзіўляцца.

— Пан Матэвуш сказаў, што падорыць табе каня.

— Праўда?

— А то! У яго такіх да гібелі. А калі заўпарціцца, то дзядзька сам выкупіць, грошай хопіць. Ну, падмагчы?

— Сама сяду. Хопіць з мяне кепікі строіць. Забыўся, як верхам езджу?

— Бы чорт у спадніцы.

— Памятаеш. То даганяй!

Яна тузанула за лейцы, і Рукас адразу перайшоў у галоп. Каля броду яны спыніліся і далі ўволю напіцца коням. Васілька паглядзеў на сястру і прамовіў:

— Я тады паеду... Ці правесці?

Зуліся засмяялася:

— Ды не заблукаю. Добра, што паехалі разам, бо нянька адной не дазволіла б. Нашто толькі цётачка да мяне яе прыставіла? А ты да Васіліны збіраешся? І не адмаўляйся, бо пачырванеў! Можа, ажэнішся?

— Ажанюся. Вось дзедаву сядзібу адбудую, гаспадарку завяду, тады і жонку ў хату прывесці трэба. Бачыў гэтай вясной першы раз двух буслоў у гняздзе — то знак, што ажанюся.

— А я лятучага, — засмяялася. — Значыць, не абгоніш мяне!

Дзяўчына павярнула Рукаса і пагнала галопам. На ўзгорку, дзе рос стары дуб, цяпер адзінока стаяла рабінка. Зуліся прылегла адпачыць каля дрэўца, паклала на траву накідку, заплюшчыла вочы і сама не заўважыла, як правалілася ў дрымоту...

...Яркае святло заслала вочы, але хутка знікла. На ўзгорку стаяў дуб, ціха шапацела лісце. Зуліся падабрала ногі пад сябе і адчула нечую руку на плячы.

— Добры дзень, мая ясачка, — пачула яна голас дзядулі.

Панна не спужалася, а ўскочыла і абняла старога.

— Я прыйшла да цябе, дзеду.

— Ведаю, але дарэмна клікала.

— Мне патрэбна парада.

— Ты сама ўжо можаш сабе раду даваць.

— Баюся, дзеду. Латвей камусь парадзіць, чым сабе.

— Добра, ідзі за мной.

Як толькі ён гэта прамовіў, яны апынуліся на лясной выжарыне каля борцяў, дзе прыемны ветрык разносіў наўкола пах меданосаў. Дзед усміхнуўся і паказаў унучцы на вырванае з карэннем дрэва.

— Прысядзем, каб пчолкі садзіліся.

— Дзеду...

— Усё ведаю. Нявеста ты ўжо. Але сказаць, што мне бацька заўсёды гаварыў? "Ажаніцца, як і паміраць, не спяшайся". То і дзяўчына: замуж ідзе — песні пяе, а калі выйшла, то слёзкі лье.

Зуліся апусціла галаву.

— Дзядзька кажа...

— Здагадваюся. А сама як?

— Лепей чэмер піці, чым з нялюбым жытку жыці.

— Як бабка, за тое і люблю цябе. Яна так сваім бацькам калісьці сказала. Гордасць таксама, мабыць, жаночае хараство, унучачка. Рабі, што сэрца кажа.

— А калі яно памыліцца?

— Хто ж без памылкі?

Ён уважліва паглядзеў на яе.

— Адказаў я на тваё пытанне?

Яна схіліла галаву:

— Адказаў.

— Тады час вяртацца. Памятай, Зуліся, сваю зямлю і памятай, адкуль род твой. Прамовіўшы, знік. Панна адчула, як нехта засланіў над ёй сонца і расплюшчыла вочы. Каля яе сядзеў Феліцыян і ўсміхаўся...

— Ты жывы! Жывы. Жывы... — загучала рэха над абшарамі Вольсы светлай сонечнай раніцай.

— Ведала! Ведала. Ведала... — звінеў у бары галасок птаха.

— Верыла! Верыла. Верыла... — адказваў яму другі.

— Памятай, — шаптала лісце.

Дзве постаці павольна крочылі па беразе, блакітным ад квецені незабудак.

— Гляджу на пані, не магу налюбавацца: з кожным днём усё больш расцвітае яе краса.

Дзяўчына запунсавела.

— Словы яснавяльможнага як мёд, але хачу ведаць, што ў сэрцы.