Выбрать главу

— Не магу сказаць, — усміхнуўся той.

— Як гэта?

— Бо сэрца маё пані даўно ўжо пры сабе мае.

Зуліся адвярнулася, каб шляхціц не бачыў чырвоных шчок і паглядзела ў бок, дзе стаяла рабінка.

— А што сталася з дубам? — спытаў Феліцыян.

— У мінулым годзе Жыжаль удаўся. Даўно такой моцнай навальніцы не было. Маланка рассекла яго на дзве паловы, а пасля полымя зжэрла ўсё.

— Шкада. Прыгожае было дрэва. Моцнае, як наша дзяржава.

Яна адмоўна пакруціла галавой.

— Ён прагніў знутры, таму і змагла маланка адолець, але...Яна паклікала Офенберга за сабой. Той паслухаўся і пакрочыў следам. Дзяўчына падышла да карчагі. Нахіліўшыся, панначка гарэзліва зірнула на юнака:

— Глядзі!

Рукой Зуліся адхінула траву і паказала маленькі расточак, што прадзёўбваўся з жолуда.

— Будзе новы дуб, малады і дужы.

— Тваіх рук справа, чараўніца? — пажартаваў паніч.

Потым зірнуў на яе і шапнуў:

— Не пашанцуе таму, каго пакахаеш. Чарамі прывяжаш.

Яна пакрыўдзілася, ускочыла на ногі і наблізілася да шляхціца. Паміж імі заставаўся адзін крок.

— Не дапамогуць і чары, калі хто каму не да пары! Што ведае пан пра каханне?

Ён усміхнуўся і хацеў было адказаць, але дзяўчо закрыла яму вусны маленькай далонькай.

— Лепш тое не гавары, бо бачу па ўсмешцы. Толькі гэта па-іншаму завецца, не блазнуй, шляхціц.

Ён пасур’ёзнеў.

— А тваё слова якое?

— Хацела б быць з каханым.

— Значыць, некага кахаеш?

Яна паглядзела яму ў вочы і пачырванела. Тады Феліцыян асцярожна дакрануўся да тонкіх плячэй і прыгарнуў да сябе. Стаялі так з хвіліну, а падалося, што праляцелі гады. Юнак гладзіў валасы, якія распляліся з касы і слаліся мяккім россыпам спелага жыта на кволыя плечы.

— Пані едзе са мной, — вымавіў ён.

Яна раптам уздрыгнула і вырвалася з абдымкаў.

— А як жа...

— Я ўжо з імі гаварыў, а цяпер хачу пачуць, што ты скажаш.

Зуліся ўсміхнулася і схіліла галаву яму на плячо.