Выбрать главу

— Вазьмі галіну і падчапі яго! Каб ты за Кастусём сваім так бегала, як за гэтым ручніком, дык я б даўно ў дружках на вяселлі сядзела! — крыкнула ёй сяброўка, якая стаяла на беразе і трымалася за бакі ад смеху.

— Лепш дапамажы!

— Сама кідала — то і лаві! Бяда вялікая!

Урэшце Данута падхапіла ручнік, выкруціла апошні і падышла да сяброўкі. Яна ўзяла начоўкі і пакрочыла па сцежцы, якая вяла да хат праз кустоўе.

— Чула, што ўчора дзядзька Антось выбрыкнуў? — запытала Зуліся.

— Не.

— Сказаў сваёй Ганне, што пойдзе паіць каня да ракі, а сам з дзедам Піліпам сівухі налізаўся. Прыцёгся дадому, а цётка аж рукамі плёснула. "Паіў каня? — пытае. "Паіў..." "Дык чаго морда сухая?" А дзядзька не разгубіўся і кажа: "Бо да вады не дастаў!" Пасля, канечне, пашкадаваў, бо Ганна сябе ў крыўду не дасць. Бедная тая дамова, дзе вала бадае карова!

Дзяўчаты засмяяліся.

— Слухай, чаму Змітрок раптам да дзеда прыехаў? — дапытвалася Зуліся.

Данута паціснула плячамі.

— Чорт яго ведае! Можа, да Улляны?

— Ды не, — яна засмяялася. — Бачыла, як замітусіўся Кастусь, калі яго запрыкмеціў? Куды толькі ціхмянасць падзеў? То падсядзе да цябе, кветку сарве, то слаўцо на вушка шапне. Ніколі яго такім не бачыла!

Данута змахнула рукой валасы з твару і пакрочыла шпарчэй. Зуліся дакранулася да начовак:

— Дапамагчы?

— Ды не. Хутка прыйдзем.

Зуліся памаўчала і зноў пачала:

— А каго з іх выбрала б, каб сватоў заслалі?

— Гарбузоў усім хопіць.

— Маніш. Ох, Данутка, разам дзвюх сарок за хвост не ўтрымаеш!

— Ды даліся мне яны! Адзін — вады не замуціць, як мыш пад мятлой сядзіць. Другі — млын пусты, бы вуж круціцца, усё нечага не хапае!

Зуліся зарагатала:

— Прыгледзься лепей! У Кастуся справа гарыць у руках, гаспадар добры і чалавек нядрэнны. За ім не прападзеш.

Дзяўчына нізка схіліла галаву і прыкусіла вусны. Яна прыслухалася да строкату конікаў. Вецер кранаў валасы, спрабаваў шаптаць нешта на вушка і цалаваў дзявочыя вусны. Зуліся глядзела і любавалася прыгажосцю сяброўкі, чакаючы, але тая не адказала.

Калі падышлі да паркана ля хаты Дануты, сяброўка дапамагла адчыніць веснічкі і пакрочыла да сваёй. Маці на двары не было, таму Зуліся хацела ўжо пайсці ў хату, як заўважыла, што засталіся непамытымі ўчарашнія бочкі і гладышкі з-пад заквашаных летась агуркоў, якія вынесла са склепа ўчора і забылася на іх. Дзяўчына падхапіла вядзерца з вадой на заваліне і плюхнула ў кожную бочку, затым адарвала травы і прынялася церці закарэлыя за ноч дошкі. Мыла доўга, пакуль не забалела спіна. У хату ісці ўжо не хацелася, таму пачала шукаць вачамі, дзе б сесці адпачыць.

Недалёка стаяла яблыня. Дзяўчына падышла да яе і легла на капу пад навесам з галля. Уважліва ўглядалася ў халоднае блакітнае неба, па якім ляцелі хмары. Праз прагалы між лісця, што толькі пачало жаўцець, неяк па-восеньску нясмела і сумна ўсміхалася сонца.

Калі прачнулася і расплюшчыла вочы, то заўважыла, што за ноч капы паменшала. Трава пад ёй утапталася і сселася. Дзяўчына вылезла з ямы, пастрасала з сукенкі сухія сцябліны, якія калолі ў спіну, і павольна пакрочыла па траве басанож, адчуваючы прыемную прахалоду ад кропель расы. На полі скуб канюшыну Рукас. Ён заўважыў, што гаспадыня прачнулася і павярнуў галаву ў яе бок, нібы чакаючы, пакуль яна наблізіцца.

— Ну, Рукас, праведаем дзеда?

Сказаўшы, схапіла ў адну далонь лейцы і грыву, другой узялася за хрыбет і лёгка ўскочыла на рысака. Яна ўдарыла босымі пяткамі каня па баках, на што той затрос грывай і перайшоў у галоп.

Ліпень сёлета развітваўся дажджамі. На працягу тыдня яны насыцілі рэкі, і тыя панеслі ваду далей, пазрываўшы кладкі і хісткія масты. Такое няшчодрае на іх лета перад апошнім сваім месяцам, здавалася, вырашыла выліць усё. Зуліся скіравала Рукаса да броду. Цяпер вада спадала, пачалі высыхаць берагі, і непрыемны пах рыбнай лускі ды гнілых водарасцей казытаў нос. Трава была аблеплена цінай, пяском і бітымі ракавінкамі. Хвалі ракі, якія даставалі вешніцы да босых пятак, схавалі частку берага з кветкамі незабудак, і трава, быццам водарасці, абвівала ногі і чаплялася за капыты каня. Між зялёных лістоў трыпутніку плавалі чародкі маленькіх рыбак, нават прапоўз рак. Дзяўчына засмяялася з гэтай недарэчнасці: Васілька з сакам аблазіў усе камяні і затонні, а тут жа трэба толькі руку працягнуць і схапіць рака за вусы.

На выгане яе сустрэў дзед.

— Мы з Васількам ужо думалі, што не прыедзеш, — сказаў ён.

Зуліся саскочыла з каня, зняла лейцы і пусціла пасвіцца разам з табуном.