— Штосьці здарылася? — спытала дзяўчына.
— Гурта жарабілася.
— Ой, якая яна малайчына! Дзе жарэбчык? Прыгожы?
— Ляжыць на выдме каля арэшыны.
Зуліся пайшла да кустоўя. Там адпачываў жарэбчык, падсунуўшы пад сябе доўгія і тонкія, як жэрдкі, ногі. Гурта стаяла побач і аблізвала яго сваім шурпатым языком. Малы матляў галавой, незадаволена фыркаў, але не падымаўся.
— Чаго ж ён ляжыць? Вось пястун! Зараз я яго падыму, добра?
Яна пачала казытаць жарабя, потым ціхенька пахлопала па спінцы, паварушыла шэрстку, узяла за вушы, асцярожна іх тузанула. Нарэшце малое не вытрымала і паднялося.
Зрабіўшы першы свой крок, жарэбчык ледзь не ўпаў. Ступіў другі, завагаўся і паглядзеў на Зулісю. Здавалася, тонкія ножкі-жэрдкі вось-вось не вытрымаюць цяжару цельца, і ён упадзе.
Жарэбчык тым часам падышоў да рамонка, тыцнуўся ў яго мордай і чхнуў.
— Расці вялікі, — засмяялася дзяўчына. — Дзеду, ты казаў, што я магу даць яму імя. Няхай ён будзе хуткі — Вецер.
Дзед кіўнуў галавой.
— Добра.
Зуліся выцягнула руку і паклікала:
— Вецер, ідзі сюды!
Стары ўважліва паглядзеў на яе локаць і надзьмуўся.
— Зуліся, што ў цябе з рукой? Яна здзёртая. Зноў з Рукана звалілася?
— Не! — спужалася дзяўчына. — Гэта. Гэта я на яблыню лазіла, бо на верхавіне яблыкі смачнейшыя.
— Глядзі мне! Я цябе ўжо папярэджваў!
Каб перавесці размову, Зуліся спытала:
— А дзе Васілька?
— Вудзіць недзе. Яшчэ з рання пайшоў.
— Я пайду да яго.
І ўскочыла ў чарот, які рос каля ракі, як сцяна паміж ёй і выганам. Там можна было схавацца ад пільных дзедавых вачэй. Спачатку яна ішла па сухім, але чым бліжэй падыходзіла да берага ракі, тым вузейшай станавілася сцежка, і босыя ногі тапіліся ў чорна-зялёнай твані.
Праз густы чарот не было відаць ракі, сцежка часам гублялася, але, ведаючы ўсе хованкі, якім аддаваў перавагу брат, яна хутка знайшла патрэбную. Па ёй выйшла да месца, дзе рака звужалася, а берагі былі злучаны хісткай кладкай, калі яе можна так назваць, бо гэта былі два бервяны, звязаныя аборкай. Месца тое было глыбокае, рыбнае, і Васілька заўсёды кідаў туды падкормку.
Пра гэтую таямніцу не ведаў ніхто, акрамя Зулісі і Жданца, з якім часта Васілька хадзіў па рыбу.
Сёння хлопец вудзіў адзін, і ў торбе ўжо ляжала пяць ладных акунёў ды дзве колюшкі.
Зуліся асцярожна падкралася і хацела напужаць брата, але калі падышла бліжэй, хлопец папярэдзіў:
— Цішэй! Як мядзведзь сюды тупаеш! Зараз яшчэ аднаго злаўлю і пойдзем дахаты.
Зуліся села побач.
— Ты нават не азірнуўся, а пазнаў. Вушы на патыліцы маеш?
— Дык хто, апроч цябе, так гучна крочыць? Як знайшла?
— Ой, то невялікая бяда! Яблыкі хто еў, калі сюды па сцежцы ішоў?
А потым дадала:
— Чаго ў сад да старой Войцехі лазіў? І не аднеквайся, такія ў дзеда не растуць. Сваіх мала?
— Там смачныя, а ў нас адно кіслоцце. Ды і нашто ёй яблыкі — зубоў усё роўна не мае?
— Маці дазнаецца — атрымаеш бярозавай кашы.
— Не твайго носа палоса! Можа, сама раскажаш?
— Ведаеш, што маўчаць буду, — буркнула дзяўчына і зазірнула ў торбу. — Ух, якія ладныя! А колюшкі котцы?
— Угу.
Зуліся асцярожна дакранулася кончыкамі пальцаў да гладзі вады. Халодныя хвалі прыемна казыталі іх сваімі грабеньчыкамі.
— Васілька, дазволь павудзіць.
— Адчапіся! Бачыш, зараз кляваць будзе.
— А я тады рыбу паскрабу.
— Не дам! Ідзі адсюль. Прычапілася, як дзядоўнік!
— Я толькі аднаго злаўлю.
— У той раз цэлы мех налавіла! Можа, забылася, як вуду мне зламала?
— Дык вось ты які? — надзьмулася Зуліся.
Яна падскочыла да брата, спіхнула яго і засмяялася:
— Пакупайся!
Але сама не ўтрымалася і звалілася следам у ваду. Васілька правёў па роўнядзі рукой, каб усе пырскі паляцелі на Зулісю, і зарагатаў. Дзяўчына адказала тым жа. Мокрыя, як пасля дажджу, яны папляліся на бераг. Пясок, сухі і непрыемны, ліпнуў да ног і калоўся. Тонкі шматок засохлай ціны з куклянкамі і водарасцямі ляжаў на беразе. Васілька тузануў яго і пацягнуў да вады.
— Нашто ён табе? — здзівілася Зуліся. — Пакінь.
— Гэта ж вадзянік. Вылез, мусіць, з затоння пагрэцца і заснуў, а сонца прыпякло, вось і засох. Калі ў ваду закіну, то ажыве і дапамагаць мне будзе: рыбу ў сетку загоніць ці патануць ёй не дасць.
— Дурны. З нячысцікамі толькі млынары водзяцца.
— І бортнікі, сама казала.
— Наш дзядуля не такі.
— Адкуль ведаеш? Шмат чаго людзі гавораць.
— А ты слухаеш.
— Ціха, вунь ён ідзе.
Дзед Тарас падышоў бліжэй і, зірнуўшы на ўнукаў, схапіўся за бакі ад смеху.