Выбрать главу

Янка Брыль

ПАРАСТАК

Запісы i эсэ

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Парастак. Запісы i эсэ, — Мінск: Про Хрысто. — 2006. — 104 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ЗАЛЕТАСЬ

* * *

Падумалася пра малога ў нейкай страшна складанай сітуацыі партызанскага часу:

«Сыночак, хлопчык мой, з табой адным засталася твая перадсмяротная туга!..»

Пішу гэта, a ў памяці зноў яно, такое ўжо далёкае, з вясны сорак чацвёртага года... Пры ійне сустрэліся два партызаны з адной вёскі. Маладзейшы сказаў старэйшаму штосьці, чаго я не пачуў, а той спачатку моўчкі, вакол самога сябе вусцішна закруціўся на адным месцы — ад пачутага. Гэта яго стары нямоглы бацька i маленькі сын — забітыя!.. Паліцаямі, у белы дзень, каля роднай хаты...

* * *

Што «дробязі» — гэта не дробязі, зноў пераконваешся, правячы новае для публікацыі. Мала слоў — гэта яшчэ не азначае, што ix менш, чым трэба. Нехта такога проста не разумее, а нехта яшчэ i здзіўляецца. А яно ж само па сабе, без належных сумненняў ды пільнасці, не даецца.

* * *

Пасля элегантных томікаў серыі «Беларуская паэзія XX стагоддзя» — Танк, Куляшоў, Панчанка, — якія з прыемнасцю пагартаў, зрэдку перачытваючы любімае, мне прынеслі й прыстойна падрыхтаваны томік Броўкі. Зубаскальскае «піша лоўка», што ўжо абрыдзела ад танных паўтораў, аспрэчваецца вершамі, i добрымі, i неблагімі, якіх не абавязкова павінна быць многа.

А яшчэ ж i тое ўспамінаецца, што наша першая энцыклапедыя яму, паэту Броўку, залічваецца ў неаспрэчнае на роднай службе.

* * *

«Ну добра, ты вялікі, слаўны, але ж дай жыць, дыхаць, хоць дух перавесці побач з табой i камусьці другому, хоць бы i меншаму!..»

Цераз Талстога, у запісе Макавіцкага, рускае народнае: «Сокрой чужой грех — два своих простится».

I самому думаецца: няўжо недасказанасць нечага — грэх? Павінна ж нешта i ў нябыт пайсці.

* * *

«Не дергайся!» — гавораць рускія таму, хто залішне мітусіцца, нервуецца... I сабе трэба так гаварыць, калі здаецца, што неабходна нешта рабіць, кудысьці паспець, пра штосьці не забыцца... А ты вось стары ды нямоглы, ты толькі чытаеш ды чытаеш, балазе сёе-тое знаходзіш сам або табе яго падсоўваюць...

Доўга не засынаў. A прачнуўся з прымаўкай, хутчэй за ўсё мамінай: «Доля — як стадоля, а шчасце — як заезджая карчма». Тут яшчэ трэба думаць, што да чаго...

Аў «Слоўніку гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча», i ў Насовіча, і ў тлумачальным гэтага няма.

* * *

Як баяўся Купала — пры Сталіне, i як баяўся Дубоўка — пасля Сталіна, пра што яшчэ як трэба не напісана.

Наведаўшы мяне пазаўчора, інтэлігентная зямлячка ўспомніла між іншым, як у іхняй местачковай школе былі ў модзе альбомчыкі, куды яны адно аднаму сёе-тое ўпісвалі, намалёўвалі, уклейвалі. Адзін з хлопцаў напісаў ёй вершам:

Пішу пісьмо — рука дрыжыць,

Гляджу ў акно — свіння бяжыць.

Ёй тым часам ужо шэсцьдзесят сёмы, а вось успомнілася зноў, бог ведама каторы раз. I смяецца.

А мне пазней падумалася пра тыя творчыя пакуты, чаго добрага, ужо й закаханага смаркача, i рамантыка, i рэаліста адразу.

* * *

«Я буду маліцца за вас», — кажа i Папа Рымскі, больш істотна не могучы дапамагчы ў бядзе.

Браты i сёстры пяцідзесятнікі, якія па суботах наведваюць з горада ў вёсцы адзінокую бабулю, іхнюю духоўную сястру, моляцца за яе, дапамагаюць ёй, паднімаючы настрой.

А моляцца яны яшчэ, па падказцы ці просьбе старое, i за ўсю яе вёску, дзе ўжо дашчэнту паспіваліся i бабы.

Памаліўшыся, браты i сёстры лічаць, што яны зрабілі ўсё, што змаглі, што тут трэба, каб няверуючых павярнуць на правільны шлях, ажывіць яе няшчасныя Бабунічы.

* * *

I раптам зноў нешта знойдзеш, як цяпер — успаміны пра Прышвіна. Кніга разумна, удала складзена, з каментарамі патрэбнымі i прасторнымі, пад успамінамі кожнага, хто ведаў гэтага пісьменніка i чалавека, каму ёсць што пра яго сказаць.

Трэба ж яно i так, такому здарыцца, — i гэтая кніга прастаяла ў шафе з 1991-га (дата выдання), i гэтую, набыўшы, меў намер прачытаць неўзабаве, а потым забыўся i вось — адкрыццё!..

* * *

У вёсцы яго недалюблівалі за брыдкае ўменне з рознай вады выходзіць сухім. Але ж i дажыванне ў яго было па прыказцы: не бойся смерці, бойся старасці. Даседжваў, далежваў на сваім хутары адзін, усімі пакінуты, нямыты, нястрыжаны, барада па калені. Hi накарміць, хоць раз на дзень, ужо толькі з лыжкі, ні памыць, хоць раз на месяц у цэбры якім ці ў балеі, не было каму.