Прыступкі цымантовага ганка. Адчыненыя на веранду дзверы. Шырока-высокі шыферны дах.
Над гэтым — бяздонна прасторыцца чыстае неба i ледзь не над самым домам няспешна плыве зніжана недатыкальна-пуховы ахапачак воблака.
Зноў бачу гэта з крэсла ў садовым цяньку. I нібы ўпершыню так свежа ды ўдзячна падумалася пра шчаслівае спалучэнне блакіту i белі.
Белыя галубы — як анёлы.
Калі забыцца пра помнікі, якія яны прастадушна «апрацоўваюць». Успомніўся абляпаны манумент Аляксандра II у маіх Хельсінках 1973-га i процьма белых анёлаў у Севіллі года наступнага. Праўда, там можна было сказаць i пра іхняе стыхійнае, масава гарэзнае нахабства.
Падумалася так, чытаючы пра белую крылатую красу ў Славацкага, у яго па настроі проста евангельскім «Ангэллі».
«Хлопчыка нарадзіла ўдалага. Яшчэ й двух месяцаў нямашака, a ўжо тоўсценькі, насмокчацца дый ляжыць сабе, як бурвэлак!..»
Аберуч узяўшы збан ці збанок, гаспадыня спачатку абавязкова крутане яго сюды-туды ў далонях, каб малако, ужо не сырадой, змяшалася са смятанкай, а тады i налівае, куды трэба.
Гэты прывычны жэст прыгадаўся мне даўнім-прадаўнім матчыным апавяданнем пра тое, як яна была маладой, а найстарэйшая мая сястра малою дзяўчынкай-першынкай.
— Карова адна, дый тая на цяленні, ужо не даілася. А яно кавэнчыць: «Дай маляка! Дай маляка!» — «Дзе я табе вазьму яго? » — «А ты, мама, збанок пакруці! Во так!»I ручкам! паказвае, як гэта трэба рабіць. А самой жа трэці гадок!..
I маці бачыцца мне маладою, i сястра з маленькімі далонькамі... Годнаю рымскаю лічбай пазначу ў памяці — канец XIX стагоддзя!.. Нібы й гісторыя, i ледзь не сцішната — колькі пражылося! Да мяне, са мною, без ix...
Піцца, лазанья, паста i іншая італьянская смаката... А хлопец-паляшучок падышоў да кіраўніцы іхняй «чарнобыльскай» групы дый кажа:
— Дадому хочацца. Мамка дасць тоўчанкі, селядца!..
Наш малец, з-пад Міра, сазаў бы: «Дасць камяку».
Мне ж прыгадаўся Пімен Панчанка-франтавік:
Так яно з настальгіяй.
Старая вясковая маці пасля памінак па сястры непакоіцца:
— Ой, сынок, ужо мне на аўтобус трэба. Хаця б не спазніцца...
А той сынок, аблыселы мінчанін на пеней, сама разгаварыўся з жанчынамі. Супакойвае старую, як маленькую:
— Яшчэ паспеем. Сядзі сабе роўненька.
Евангелле ад Мацвея па-польску. Цікава было параўноўваць гучанне пэўных мясцін у тэксце — польскае з царкоўна-рускім, што даўно засела ў памяці ўзнёслай красою. «Довлеет дневи злоба его». «От избытка сердца говорят уста ». «Рахиль плачет о детях своих и не может утешиться, ибо их нет».... Хораша гэта гучыць i па-польску.
Толькі ж залішне часта паўтараецца то «плач и скрежет зубов», тo «płacz i zgrzytanie zębów»... Ажно падумалася весела, што не здарма ж набожна гжэчныя паны-католікі дазваляюць сабе тут часамі i на вядомы фрывольны дадатак...
Ва «Успамінах Сапліцы» Генрыка Жавускага, добра перакладзеных i адрэдагаваных:
«Ён не прапусціў ніводнай судовай справы, меў з ix карысць для сябе. Ягоны продак за дванаццаць сярэбраннікаў прадаў Хрыста, а ён за шэсць быў гатовы прадаць усю Святую Троицу».
Адукаваны шляхціц, патомны католік — ды так напісаць! Толькі ж чаму дванаццаць i шэсць, а не трыццаць i пятнаццаць?.. Пазней i перакладчык, Міхась Кенька, паціснуў плячыма — так яно ў арыгінале...
«Ён ідзе ў яе, любое ўлады, на повадзе», — гаворыцца пра агульна знаёмага. Адзін сказаў, a другі папраўляе: «Можа ён i без повада, — сам подбегам ззаду за ёю...»
У мэра павінен жа быць i падмэрак.
«Истерический хлюпик» мог на дзевятым дзесятку гадоў молада гарцаваць на быстрым кані, у штодзённых праездках шукаючы новых ды новых уражанняў ад палявога ды ляснога бездарожжа. Можна сабе ўявіць, як бы гэта ўслед за ім, на другім кані, для госця рахманейшым, a ўсё ж учапіўшыся за грыву, тросся, сяк-так падскокваючы на страмёнах, а потым зляцеў з сядла са сваёй гістарычнай кепачкай, камізэлькай ды гальштукам той порсткі мужчынка сярэдніх гадоў, што бэштаў на паперы старога, нястомнага генія «хлюпикам»!..
Сон пад раніцу. На нейкім пленуме, як бывала раней у Маскве, сустрэўся з армянскім паэтам Эмінам. Абодва радыя, бо вельмі ж даўно не бачыліся. Пра што гаварылі — не помніцца, a пасядзелі, у перапынку адышоўшыся ад разгудзелай таўкатні, даволі-такі доўга. Таленавіты, разумны, дасціпны Геворг. Калі ж сабраліся развітвацца — я раптам убачыў, што стаю ў адной бялізне, толькі пад гальштукам. I ўжо ні Эміна пры мне, ні другіх навокал, нікога... A нейкія дзеўкі тым часам паскладалі ў тым холе ўсю вопратку ўдзельнікаў сходу ў вялізныя кубы, усе адной шэрай масці...