Выбрать главу

Як жа мне тут знайсці сваю?!

Ад поўнай тупіковасці прачнуўся.

* * *

У слове «наркомаўка » мне чуецца штосьці ад корму, кормніка, падкормкі казённым аброкам... Крытыка — маладым да спадобы?

А вось у 12-м «Дзеяслове» зусім яшчэ нестары Валянцін Акудовіч так піша пра яе, «наркомаўку»:

«...Ha гэтай мове была створана вялікая беларуская літаратура».

* * *

Санеты пісалі не толькі Пятрарка, Шэкспір, Міцкевіч, ix пішуць i пасрэднасці. Ды не толькі проста санеты, але i вянкі санетаў, i вянкі вянкоў!.. Тады ўжо нейкія прыблізныя словы, нейкія спробы думак, намёкі пачуццяў на аўтарскіх жорнах не толькі арыфметычна перамолваюцца, але яшчэ й пытлююцца на пацяруху, якую лепш не чапаць, каб вашы вочы не запыліліся нудотай.

* * *

Сябраву жонку ён, жаданы госць на сяброўскім застоллі, угаворваў быць не такою раўнівай:

— Што ж гэта ты — усё сабе ды сабе, трэба ж i з другімі жанчынамі падзяліцца!..

Дзяцей за сталом не было, а бацькам было весела.

* * *

«А Божачка, а што ж гэта я гавару!» — жахнулася бабуля, няхай сабе i справядліва, але механічна ды груба ляпнуўшы пра кагосьці.

* * *

Веска Мосар на Глыбоччыне. Дзень святога Яна Хрысціцеля. Ксёндз-пробашч асвячае вогнішча ў карагодзе. Дазволена танцаваць i манашкам.

Здавалася б, а што да гэтага табе, старому ды нямогламу? A ўсё ж над газетнай старонкай i мне прыемна за тых сурова абзаконенных дзяўчат.

* * *

Г. К. Ліхтэнберг, «Афарызмы».

«Тое, што вы пішаце, праціўна, як піліканне на адной струне! Чалавек складаецца не з адных палавых органаў!»

A колькі ж у нас такога пілікання! Адзін перад адным, адна перад адной.

* * *

«Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча».

З мноства вёсак, якія неяк ведаю i я, у запісах найчасцей сустракаюцца дзве. Гэта Лісна ў азёрнай Віцебшчыне, звязаная з пошукамі людзей для кнігі, i назва якое з тых мясцін — «Я з вогненнай вёскі...» Гэта яшчэ i Міратычы на роднай Наваградчыне, успамін пра першую ў жыцці школьную «выцёчку», калі мне было дванаццаць. Доўгая, доўгая веска, убок ад якое, праз два апошнія з сарака кіламетры, мне назаўсёды адкрылася мілае возера Свіцязь.

Словы i прыклады.

Абрэзак. Кавалак (матэрыі). Абрэзак вазьмі, сшый ляльцы што-небудзь. Чуецца голас маці або людскай свекрыві. Бачыцца маладзенькая мама, якая штукуе з таго абрэзка i сама тым часам цешыцца, нібы малое, якое пакуль што спіць.

Адзін. Адзінокі. Лепш няхай будзе ў полі камень адзін, як чалавек адзін, звер i той не хоча адзін быць. Прачытаў i як быццам адкрылася, што так яны i нараджаюцца, афарызмы. Нехта ж убачыў той валун, ад некага ж бачу яго i я.

Афяра. Ахвяра. Прынашэнне ў дар бажаству, царкве. Дзве бабы ішлі на афяру, пачулі — гармонік іграіць, — на, падзяржы афяру, а я лявоніху аджару.

Нямала падобнага ў разнавіднасці, i вядомага, i новага. А гэта ж толькі ў першай кнізе пяцітомніка, першая сотня старонак, на літару «а».

* * *

«Спыніўшы машыну, мы патупалі да ix», — піша Кастусь Цвірка. I на колькі ж гэта лепш, чым банальнае пакрочыць (як на парадзе), або пашыбаваць (як на брыючым палёце), слоў, якіх я з-за прыкрасці пазбягаю.

* * *

«Не ажаніўся, як людзі, так i ўсцярвеў ад пустое старасці».

* * *

Спрытная медсястрычка, наладзіўшы кропельніцу, ветліва шчабеча мне: — Когда вы вполне откапаетесь... I захацелася адказаць ёй на той самай мове, што пасля чатырох сеансаў «УЗИ » — сэрца, жывот, шчытападобная залоза, ногі — я ўжо, мілая, i отузился.

* * *

«У ix ідзе ўсё з-пад нажа». Жывуць без запасу. Калі па прыказцы, дык i «гінуць без часу». Або так сабе целяпаюцца.

* * *

Спачатку два словы: перакасіць, пераараць, а тады ўявіўся памяркоўны дзядзька, які талкова гаворыць суседу:

— Ну чаго ты наскакваеш на мяне, што ты крычыш? Ці я табе перакасіў, ці я табе пераараў? Трэба ж па-людску, спакайней.

Гэта — з даўняга, заходнебеларускага. Тады граніцы на лузе перад касьбой адбрыдаліся ад тычкі да тычкі па ранішняй расе выразныя, a ў полі, дзе няма мяжы, бо былі ж яны даволі рэдка, сталай граніцай паміж палосамі служыла баразна. I «брод», i баразну можна было i парушыць у сваю карысць, як быццам незнарок на простай лініі зрабіўшы лукатку... Такая прычына для суседскай варажнечы.