З тым пісьмом у руках мне так прыемна было зноў адчуць тыя радасці, сынаву i маю, a ў дадатку радасць i такую — знайшлося яшчэ адно пісьмо — другу!..
Ціхан Кісялёў, i мне сімпатычны сваёй натуральнай беларускасцю, быўшы прэм'ерам, вёў доўгую i нудна мудрагелістую нараду рэспубліканскага актыву пра неабходнасць карэннага павышэння надояў малака. A закончыў яе так:
— Словам, паважаныя таварышы, каб малака было больш, карову трэба карміць, паіць i даіць.
Расказваў мне гэта ў бальніцы адзін з пажылых, спакойна інтэлігентных супалатнікаў.
Весела гаваркая настаўніца па тэлефоне з вёскі пытаецца ў старога шаноўнага земляка пра яго пажылую дачку:
— А як там мая дарагая равесніца? Божа, як мы, малыя, гулялі тут у нас, у бабуляў!.. Недзе згубіўся ў мяне яе нумарок. Дайце мне, калі ласачка, запішу. I ёй таксама пазваню — во палялякаем!..
I слова вясёлае, зусім жа блізкае да рускага покалякать, а такое ж, ну свежа сваё, як быццам упершыню яго пачуў.
«Спадзяваўся мядзведзь на мёд, дый так спаць лёг!»
Якая падзея, падумалася, i якая карціна, каб у кіно!..
Пра талент i так:
Ca слоў яго адчувальна капае духмяная жывіца, якая ў вечнасць увойдзе бурштынам.
«Яны жывуць у грамадзянскім шлюбе». Дзіўным, амаль недарэчным здаецца мне гэта, падкрэсленае. Веска кажа прасцей, дакладней: «Яны жывуць напавер».
Многія таксама ж сядзяць доўгімі вечарамі дома, адны самі, i чакаюць, каб нехта ім пазваніў...
Так падумалася, нават i весела, з такім дадаткам: замест таго, каб самому ці самой узяць ды пазваніць камусьці блізкаму.
У тэлефоннай гутарцы з Валодзем Васілевічам пасмяяліся зноў жа з народнага, грубавата мудрага ў сваёй прастаце: «Ногі кажуць: «Хадзем!», а с...: «Сядзем!»
Пачутае ўпершыню, яно i мне пасуе ў штодзённых бульварных праходках.
Не памятаю, ці чытаў гэта дзе-небудзь, або запісана яно ў мяне, ці памяць вось сама прынесла:
«Не канешня папў яешня».
Як i такое, матчына, калі яна пачынала нейкую важную справу, перахрысціўшыся:
«Дай, Божа, час добры, гадзіну шчаслівую!»
Або i такое яшчэ, зноў жа ад мамы пачутае:
«Благі, як з крыжа зняты». «Маўчыць, i шчылінкі прыняўшы».
Ад недахопу цікавейшага зноў узяўся за таўшчэзны том «Собрания рассказов» Фолкнера, куплены ў канцы 70-х, да якога я прыступаўся некалькі разоў i ўсё адкладваў на далей... I вось на тэты раз аж некалькі апавяданняў прачытаў з цікавасцю. Вялікія, няспешна грунтоўныя, аднак i чытачу ў ix застаецца нямала для дадумвання, удзячнага разгадвання глыбінна значнай недагаворанасці.
Прачытаў тры аповесці Адольфа Дыгаciньскага: «As», «Zając», «Gody życia» (клічка сабакі «Туз», «Заяц», «Свята жыця»). Зноў жа i ён, куплены даўно, дачакаўся ў мяне свайго часу, яшчэ адной чытацкай удзячнасці. I належнага разумення пісьменніка, якога я так доўга i легка лічыў толькі дзіцячым, ca школьнага часу цьмяна памятаючы мілыя апавяданнейкі пра свойскіх жывёлінак i дзікіх звяркоў.
Чытаю кнігу незнаёмага Сяргея Пінаева пра Максіміліяна Валошына з надзеяй займець, нарэшце, правільнае ўяўленне пра яго жыццё i творчасць. Прачытаў палавіну тоўстага тома, больш за трыста старонак, i не шкадую, што нырнуў i ў гэтую азярыну, — многа цікавага i патрэбнага. Хоць ёсць i нудота, асабліва ў літаратуразнаўчых лабірынтых аўтара манаграфіі.
...Кніга адгэтуль, з дачы, адаслана ў Мінск, i нельга праверыць, ці правільна мне падумалася, што ў грамадзянскую вайну ён, Валошын, заступаўся перад белымі за чырвоных i наадварот з пазіцый больш агульнарасійскіх, а не агульналюдскіх, ці тут было ў яго i адно, i другое?..
Так ці інакш, аднак жа як гэта жахліва — масавыя растрэлы нядаўніх студэнтаў, маладзенькіх урангелеўскіх афіцэраў, якім чырвонымі за здачу паабяцана было амністыя...
А яшчэ i тое, як Бэла Кун, ці нехта іншы з чырвоных камісараў, як сумняваецца аўтар кнігі, даў Валошыну вялікі спіс тых, каго павінны былі зусім неўзабаве расстраляць, i прапанаваў — паэту, мастаку, філосафу — выкрасліць па сваім меркаванні кожнага дзесятага... Во сітуацыя!..
Самога Валошына тэты венгр выкрасліў раней.
Игорь Бунич, «Операция «Гроза». Ошибка Сталина».
Надоело мне общество этих особей, грузина и немца!.. После четырёхсот страниц. А ещё сверх двухсот недочитанных к чёрту отбросил.