Выбрать главу

Нават i водгук гэты ад абурэння сам накінуты па-руску.

* * *

Мой колішні часовы сацрэалізм вінаваты яшчэ i ў тым, што напісаў я мала, залішне ходзячы, як кот вакол гарачай місы, каля якое-небудзь новае задумы, — a ці тое? a ці так? — замест таго, каб проста пісаць, «что Бог на душу положит». Як пісалі, скажам, Чэхаў, ці Шолам-Алейхем... Бо якраз чытаючы яго весела жывучыя апавяданні, яшчэ раз падумалася пра мае малапісанне.

* * *

Хай мне даруецца, калі гэта нясціпла, калі памыляюся, аднак i самому мне бачыцца, што каб я з канца 80-х не выдаў шэсць кніг новага, не падрыхтаваў надежным чынам трохтомніка выбраных твораў i некалькі іншых перавыданняў, a праматаў тэты час сякім-такім «палітыкам», было б — не лепш.

А да таго ж яшчэ былі i выступленні на актуальныя тэмы, у друку i на сустрэчах з чытачамі.

Кожнаму — сваё?

* * *

А можа, i варта зайсці неяк куды трэба ды на ўсякі выпадак спытацца:

— Скажыце, а дзе тут у вас запісваюць у чаргу на атрыманне нобелеўскай прэміі?..

Маладзенькая паэтка (прозвішча не запомнілася), у якое бяруць ці не першае ў жыцці інтэрв'ю, з птушынай упэўненасцю ў шчэбеце заяўляе, што цяпер, маўляў, у літаратуры найважней — рэкляма! Націскам на апошнім слове выразна прыглушваецца, проста здымаецца значэнне слова іншага — талент.

Добра, што хоць затоенай самарэкламы ў дзяўчаці менш, чым бывае, дый нярэдка, у некаторых старэйшых.

* * *

— Вашы Талстыя, Купалы, Міцкевічы — усё гэта ўжо безнадзейна састарэла!..

— Ну, вам, малады чалавек, такое, можна думаць, не пагражае.

* * *

Не жывыя пачуцці, не ўзлёты думкі, а нуднае прастарэканне, натужна зарыфмаваныя пераказы даўно вядомага, кульгавыя паўторы літаратурных штампаў. Такое «паэзіі» ў нас — нудная процьма. I ў маладых, i ў пажылых, i ў сямейных ідылічных параў з іхнім хатнім вязаннем вершаў... Пад мурлыкание ката ці кошачкі.

* * *

Ёсць i такія ўдовы, у якіх толькі адно, толькі былое пасцельнае права распараджацца творчаю спадчынай мужа, па прымаўцы польскай — «нібы шэрая гуска». Што ў тых паперах прачытаўшы на свой лад, што прыхаваўшы невядома навошта, а што i спаліўшы, як сямейны інквізітар...

* * *

Бомы-званочкі на лёгкім хамуціку, якія ў нас, на Міршчыне, называюцца не бомы, не шарахаўкі, як у Максіма Танка, а шаламэ. Як жа ix не любіла калісьці за шолам наша быстрая Каштанка! Спачатку проста капрызіла, дарэмна трэсла галавой, а потым дадумалася несці яе на рысях так роўненька, што званочкі змаўкалі. Бялюткі снег, ціхуткі бег...

Тым маўчаннем яны мне i прыгадаліся.

* * *

З грады высокіх, густых бярозак начны буран выгнаў на прылясную дарогу падоўжныя касатыя ахапкі свежазялёнага вецця.

Убачыўшы гэта на ранішняй праходцы, успомніў свята Сёмухі, якое палякі добра назвалі: Zielone Świątki.

* * *

...I думаецца, што ўсё яно не так сабе, a павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты.

* * *

A ці ж гэта не навагоднія падарункі — сынаў званок з Японіі, a ўнукаў з Італіі? З сынам кароткая гутарка, а ад унука праз хрып i трэск у тэлефоннай трубцы, толькі за трэцім званком нарэшце пачулася: «Дзяду-ля!..» На чым сувязь i абарвалася. Але ж мне i такога нямала.

Калі я праз дзень званіў свайму маладзейшаму сябру i расказаў пра тыя званкі, ён, Валодзя Ягоўдзік, засмяяўся, што гэта ў нас, у трох пакаленняў Брылёў, ідзе ад майго бацькі-чыгуначніка, вандроўніка па рэйках.

Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паездзіў, пахадзіў па свеце.

I добра!

2005

СУСТРЭЧЫ З САФІЯЙ

Наваградак i Мір з руінамі ix замкаў я па-зямляцку ведаю з дзён школьнага маленства. A ў Полацк з яго Сафіяй упершыню прыехаў напрадвесні 1965-га. Калі ў Наваградку мне i спачатку i потым астанкі руінаў здаваліся нават i сцішнаватымі ад сваёй старадаўнасці, a ў Міры недаразбуранасць замка даволі выразна захоўвала адзнакі сваёй велічы, то сімвал Полацка, красуня Сафія, расчаравана ўбачылася заплямлена недагледжанай звонку i проста страшнай у сярэдзіне...

Прыехаў я не адзін, у групе сяброў-пісьменнікаў, па дзелавой прычыне. Ад віцебскага начальства ў ЦК партыі паступіў заклапочаны сігнал пра тое, што ў вобласці вельмі дрэнна разыходзяцца беларускія кнігі. I Саюз пісьменнікаў, цераз сваё бюро прапаганды мастацкай літаратуры, паслаў нас на сустрэчы з чытачамі.