Выбрать главу
* * *

Да леташняй вясны пачынаўся ён, мой радавод, з двух дзядоў, — па бацьку, у нашым Загоры, быў дзед Даніла Брыль, а па матцы, у найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, дзед Іван Чычук.

Дзякуючы свайму, на шмат маладзейшаму, вясковаму суседу, акадэміку Мікалаю Ламану, я пабагацеў на бацькавых ранейшых продкаў — прадзеда Ёсіпа i прапрадзеда Яську, як ён значыцца ў няпыльных хартыях Нацыянальнага гістарычнага архіва. Запіс той датуецца 1795 годам, калі, пасля разгрому паўстання Касцюшкі i трэцяга падзелу Польшчы, беларусаў пачалі перапісваць з польскай мовы на рускую. Яська Сямёнаў сын Брыль. Без нейкіх там, модных апошнім часам буйнейшых, а то хоць дробненькіх прэтэнзіяў на шляхецтва, проста дваровы хлоп пана Судзя ў недалёкім маёнтку «Уцеха». Калі Яська памёр, батрацтва прышлося ў спадчыну яго сыну, майму прадзеду Ёсіпу Брылю. I толькі пасля адмены паншчыны, дый то не адразу, Яськаваму ўнуку, а майму дзеду Данілу з ягоным братам, зноў жа Ёсіпам, пашэнціла купіць пяць дзесяцін зямлі на двух. У дружных братоў было па адным сыне, у Данілы мой будучы бацька Антон, a ў Ёсіпа Павел. Пасталеўшы, абодва не захацелі заставацца на гаспадарачцы, падаліся ў Адэсу на чыгунку.

Мне ўжо прыйшлося, дый не аднойчы, пісаць пра гэтае i ў «Птушках i гнёздах», i ў «Муштуку i папцы», i ў аўтабіяграфічным нарысе «Думы ў дарозе», i ў некаторых іншых творах, аднак жа вось i зноў трэба паўтарацца з пэўнымі асаблівасцямі свайго жыццяпісу.

Калі бацькі мае пажаніліся, Антон Данілавіч працягваў працу на чыгунцы, спакваля даслужыўшыся да прыбытковай пасады правадніка вагонаў першага класа, a маці, Анастасія Іванаўна, гаспадарыла ў вёсцы, балазе ўласнай зямлі пакрысе прыбывала. Спачатку бацька бываў у Загоры наездамі. Абедзвюх дачок, Ганну i Уліту, па-вясковаму Віліту, удала выдалі замуж, а двух старэйшых сыноў, Уладзіміра i Ігната, пасля заканчэння імі гарадскога вучылішча ў Міры, бацька забраў у Адэсу, у гімназію. Энергічная, працавітая i талковая маці з двума хлопчыкамі, Мікалаем i Міхасём, заставалася ў вёсцы. Спачатку дапамагаў ёй дужы ды цягавіты свёкар Даніла, а пасля яго раптоўнай смерці наймала парабка, а то яшчэ i наймічку, a ў пільніцу касцоў ды жанцоў, i ў думках не маючы, што ў не так i далёкай будучыні гэта стане для сям'і класавай небяспекай... Так жылося да пачатку Першай сусветнай вайны. А потым бацька забраў жонку i хлопчыкаў у Адэсу, гаспадарку пакінуўшы на Віліту i зяця Юстына Брылевіча, бо яна была замужам у Загоры.

Апошні з дзесяці дзяцей Антося i Настулі, як пра ix гаварылася ў вёсцы, я нарадзіўся ў Адэсе. Калі, пакінуўшы Валодзю ды Ігната там, бацькі з трыма малымі хлопцам! вярталіся ў Загора, мне было няпоўных пяць гадоў, Міхасю восьмы, Колі дванаццаты — такія памочнікі. У горадзе перад ад'ездам бацька перахварэў тыфам, брушным i зваротным, a ў сакавіку 1924-га, прастудзіўшыся ў лесе, не вытрымаў запалення лёгкіх. На сваім пяцьдзесят чацвёртым годзе. А мама — на тры гады маладзейшая.

Маленства маё, апошняга пястуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але i справядліва добрай.

Пра ўсё гэта, асабліва пра вобраз бацькі, я напісаў у «Птушках i гнёздах» з той непасрэднай шчырасцю, якую тут мне цяжка, а то й немагчыма паўтарыць. Зрэшты, як i пра ўсё маё за доўгі час пражыта-перажытае. Лепш пагаворым пра радню.

Бабуляў у мяне нібы й наогул не было — толькі чуў ад мамы, што свякроў яе, жонку дзеда Данілы, звалі Ульянай, a маміну маму, жонку дзеда Івана, Анэтай. Дзяўчом яна была пакаёўкай у пані Анцўтавай i да смерці малілася па кантычцы. Не больш магу сказаць i пра сваіх дзядоў, пазабываўшыся нават i шмат чаго з апавяданняў матчыных i сёстраў Ганны ды Віліты, што ім з маленства памяталася.

У бацькі была адна сястра, па маці Ульяна, замужам за Янкам Свірыдам у вёсцы Рап'ёва, за сем вёрст ад нашай, што тады было няблізка. Яшчэ перад «мікалаеўскай» вайной яна памерла, асіраціўшы двух сыноў, падлеткаў. Меншага з ix, байчэйшага Федзю, наш папа, як гаварылася ў сям'і, забраў у Адэсу, дзе той падвучыўся на вагоннага афіцыянта, а старэйшы, прастадушны, цялюкаваты Сцяпан, застаўся пры бацьку i мачасе. Калі мы вярнуліся з горада на разбураную войнамі ды «свабодамі» гаспадарку, ён прыязджаў дапамагаць свайму добраму дзядзьку Антосю, пра што я ўдзячна згадваю ў апавяданні «Коею мой, коею...».

З Федзем у маіх малечых успамінах спалучаны бацькаў рогат, калі яго спрытны выхаванец прыехаў прасіць «дядю и тётю» праз тыдзень пасля вяселля на хрысціны, якія ў вёсцы называліся радзінамі.