Ужо даволі пажылым, адносна інтэлігентным кавалерам Міхась Вікенцьевіч ажаніўся з маладой дзяўчынай з мястэчка Турэц, Таццянай Рыгораўнай Выдрыцкай. Ёсць такая легенда сямейная, што калі яны вянчаліся, у маладой ад свечкі загарэлася фата — нядобрая прыкмета... Яна й нагаравалася пры сваім дабрадушным, вясёлым Міхасю, які то «забастоўшчыкам» быў, за кратамі сядзеў, то нейкім «перпетуум мобілем» займаўся, то кніжкі чытаў, часамі нават коней з плугам у баразне пакінуўшы. Я яго, можна сказаць, i зусім не знаў, раз ці два за жыццё сустракаўся, а нашаму Мішы будучы цесць быў да спадобы. Тут ужо падабенства характараў. Памёр стары вясною 1937-га, маючы добра за семдзесят, — больш дакладна няма ўжо ў каго спытацца. А баба Таня, ціхая, цягавітая гаспадыня, адгадавала сына i чатырох дачок, а потым займалася ўнукамі. То на сваім запушчаным хутарку з дзвюма стромкімі, здалёк бачнымі таполямі, ca старым садком у зацішку вішнёвых абсад, з дагледжаным агародам i духмяна расквечаным шыпшыннікам перад вялікімі вокнамі прасторнай пасівелай хаты. А то жыла бабуля ў нас у Мінску, дзе i памерла, таксама ціха, як i жыла, напрадвесні 1959-га, на сёмым дзесятку.
У тым жандарскім «донесении», на жаль, не згадваецца Чычук Мікалай, яшчэ адзін брат маёй маці, таварыш Клэвуся ў рэвалюцыйных падзеях. Гультаяваты весялун, якім яго называла мая мама. «Усё недзе ходзіш, — кажу тыя разы, калі ён ноччу-апоўначы зойдзе да нас у Загора, — усё шукаеш бяды на сваю галаву. Лепш бы ты працаваў, як людзі!..» Дык ён: «Ладна, ладна, сястра! С понедельнічка начнём!..» I смяецца...» Мікалай спачатку недзе спрытна хаваўся, а потым шмыгануў у Адэсу, да швагра Антона, які зафрахтаваў яго на амерыканскі карабель. Ужо й не памятаю, ці гаварылася пра гэтага дзядзьку больш, ці пісаў ён калі, аднекуль, ці не...
Трэці, апошні раздзел у «Блакітным знічы» прысвечаны памяці маёй Ніны Міхайлаўны, i мне яшчэ ўсё вельмі няпроста вяртацца да нашай разлукі. Маці нашых дзяцей, бабуля нашых унукаў, — яна жыве ў незагойнай памяці. На працягу нашых з ёю многіх гадоў я пісаў пра яе ў лірычных нататках, аднак жа, як мне цяпер відней, мала i не ўсё.
Маімі натуршчыкамі заўсёды былі дзеці, спачатку сясцёр ды братоў, а потым свае, за імі i ўнукі, якія ўжо таксама павырасталі. Калі я ў юнацтве марыў ды рыхтаваўся стаць літаратарам, мне спачатку наогул хацелася стаць пісьменнікам толькі дзіцячым, пісаць перш за ўсё для малых. Аднак i сам я ведаю, i іншыя казалі, што ўсё маё вакол дзяцей — не для ix, а пра ix. Аднак жа i гэтага таксама нямала ў святой пажыццёвай любові, пра што ў мяне гаворыцца i ў творах большых, i ў запісах, сабраных у значны раздзел «Адкуль паэзія», найпаўнейшы ў першым томе «Выбраных твораў у трох тамах».
Дзеці. Унукі. Сям'я. Незаменнае значэнне гэтых слоў я разумеў, здаецца, заўсёды. Аднак, застаўшыся ў адзіноце ды ў старэчых немачах, я разумею ix, чым далей, тым лепш. I калі мы па-святочнаму збіраемся ў мяне, i калі сустракаемся па-будзённаму, i перазвоньваемся.
Лічачы толькі найбліжэйшую радню маю ды Нініну, — братоў, сясцёр, дзяцей, унукаў, пляменнікаў, — дык набіраецца i добрая паўсотня. A які букет прафесіяў! Даяркі, механізатары, рабочыя-майстры, педагогі i настаўнікі, інжынеры, фізікі i энергетыкі, афіцэры, прадпрымальнікі... Жанчыны i мужчыны ўперамежку. А то ж i адзіночкі: заатэхнік, святар, бібліятэкар, стаматолаг, ветэрынар, архітэктар, кравец, ювелір...
Я даволі часта выступаў на розных літаратурных сустрэчах, у Беларусі і, як цяпер гаворыцца, у бліжэйшым i далейшым замежжы. I неаднойчы атрымліваў то вусныя пытаньні, то ў запісках: a ці пайшоў жа хто з вашых дзяцей ці ўнукаў у пісьменнікі? I часам хацелася адказаць, што не, не пайшлі, бо я ix, відаць, нядрэнна выхаваў, — каб не лезлі, куды не трэба. У думках маючы на ўвазе не заўсёды тактоўныя ды плённыя прыклады літаратурнай сямейнасці ў нашым Саюзе пісьменнікаў. Але ніколі я, вядома ж, так не сказаў, a толькі тое, як яно ёсць, як кожнае з маіх дзяцей i ўнукаў самі сабе выбіралі дарогу. Дачка Галіна — старшы выкладчык іспанскай мовы i літаратуры ў тым жа інстытуце (цяпер універсітэце), які паспяхова закончыла. Сын Андрэй i нявестка Ніна Піліпаўна — фізікі, ён — кандыдат фізіка-матэматычных навук. Далей, улічваючы i дачку Наталллю, трэба сказаць i пра бліжэйшае да літаратуры. На беларускую філалогію БДУ па сваёй ахвоце пайшлі спачатку дзве мае пляменніцы: дачка аднаго брата Лідзія Мікалаеўна Брыль, па мужу-пісьменніку Карамазава, заслужаны работнік культуры Беларусі, шматгадовы стыліст у часопісах «Полымя» i «Спадчына», у «Беларускім кнігазборы»; дачка другога брата, Брыль Ганна Міхайлаўна, у замужжы Буй, па службе мужа-земляка, палкоўніка з акадэмічнай адукацыяй, жывучы ў Арле, працавала ў музеі I. С. Тургенева, перад сваёй заўчаснай смерцю выконваючы абавязкі вучонага сакратара; мая малодшая дачка Наташа, па мужу-паэце Семашкевіч, за тры дзесяцігоддзі працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (цяпер вядучы рэдактар), адрэдагавала цэлую бібліятэку кніг, у тым ліку асабліва працаёмкі дзевяцітомнік (у дзесяці кнігах) поўнага збору твораў Купалы, чатырохтомны збор твораў Зарэцкага, шасцітомны Быкава (прыязным аўтографам каторага заслужана ганарыцца), васьмітомны, яшчэ не закончаны выданнем, Шамякіна...