Выбрать главу

Наташына дачка Данута — па ўласнаму выбару настаўніца пачатковых класаў, а муж яе, Мікалай Мадзярскі, талковы прадпрымальнік. Галінін сын, Міхаіл Лунеўскі, пасля школы i службы ў арміі таксама прадпрымальнік i студэнт-завочнік політэхнічнага універсітэта, а ягоная Маша закончыла геафак БДУ i засталася там лабаранткай. Андрэевы дзеці, матэматыкі-праграмісты, Волечка з мужам Аляксандрам Біруковым i Антон з жонкай Кацяй займаюцца ў аспірантуры, у Італіі.

A літаратарамі, кожны па сабе дый нехалтурным шляхам сталі двое — я i Ігнатава ўнучка Таццяна Аляксандраўна Лейка, рускамоўная паэтэса, аўтарка зборніка вершаў «Сентябрь обетованный» i перакладчыца беларускай паэзіі. Што ж, калі ў мяне — празаіка, папярэднікаў у нашым родзе не было, дык у яе дзед, пратаірэй айцец Ігнацій, i студэнтам, i ў тайзе ды на Беламорканале, дзе адбываў «перавыхаванне » як малады сельскі святар з Адэшчыны, i пасля, калі быў выкладчыкам рабфака, а затым па здароўі выйшаў на пенсію i зноў вярнуўся да святарства, i завочна вучачыся ў Ленінградскай духоўнай акадэміі, — заўсёды ён вершы пісаў, як гаворыцца, для душы, калі ў шуфляду стала, a калі толькі ў зэкаўскай памяці. I заўсёды любіў літаратуру, асабліва Дастаеўскага.

I ўсе ў нас заўсёды многа чыталі. I чым далей, то ўсе на большай колькасці моў. У гэтым рэй вядзе наша мама-бабуля Ніна ca сваімі лацінскай, англійскай, нямецкай, польскай. Тады ідзе Андрэй з англійскай i польскай, якую вывучыў самастойна. Дануся, пры школьнай ды педінстытуцкай англійскай, закончыла адпаведныя курсы італьянскай, ужо з дзесятак разоў наведала гэтую краіну з групамі «чарнобыльскіх» дзяцей. Аспіранты-матэматыкі добра трымаюцца англійскай, Волечка — праходзячы яшчэ i курсы французскай, а Антось — жыва цікавячыся ірландскай мовай, літаратурай, краінай. A ў сваім паўночна-італьянскім Трэнта цяпер яны ахвотна ўжываюцца ў яшчэ адну мову.

...Калі прапрадзеда Яську перапісвалі з панятоўскай Польшчы ў кацярынінскую Расію, яму было сорак шэсць гадоў. У 1799-м ён памёр, пражыўшы пяцьдзесят. A ў яго ж былі бацькі, дзяды, трэба думаць, i прадзеды, — яшчэ на стагоддзе далей...

Акадэмік Ламан, батанік з абуджаным у душы гісторыкам, не толькі марыць, але i мае намер прадоўжыць свае пошукі ў архівах Польшчы.

Хацелася б i мне дачакацца яго новых знаходак, жадаючы паважанаму земляку як найболей поспехаў у гэтай важнай патрыятычнай рабоце.

* * *

Вясёлы пастскрыптум.

10 красавіка, калі ўжо гэты нарыс быў здадзены ў рэдакцыю «Роднага слова» i прыняты да выхаду ў чэрвені, я на шарай гадзіне, не ўключаючы святла, у адзіноце спяваў сам сабе, у нейкія моманты нават i ў слёзнай асалодзе ад музыкі i слоў — родных, рускіх, украінскіх, польскіх. I тут нечаканы i доўгачаканы званок ад Галі, што вось i яна ўжо бабуля, а я — такім чынам, прадзед!.. У Мішы з Машай — дачушка, імя якой падрыхтавана бацькамі загадзя — Даша, Дар'я, a ў нас па-загорску — Адарка, Адара. Зноў жа высокае хваляванне, святочная навіна, пра якую мне захацелася дапісаць, бо яна ж i да месца ў размове пра мой, пра наш радавод.

2005; 2006.