Дзе хацела я спазнаць няўтольна
Слодыч будняў і гаркавасць свята,
Дзе жыву бязладна і бяздольна...
А яна ж у тым не вінавата...
* * *
За гаманлівасць звонкіх завушніц,
За пыху каляровае сукенкі
Плачу святлом, што пакідае зрэнкі...
Але і мілых мне шкада дурніц,
Што лашчацца да шыі, да плячэй
I цешацца надзеяй шчабятлівай
Зрабіць мяне прыгожай і шчаслівай...
Прыгожай, праўда, толькі для вачэй!
Я іх люблю. Крыўдлівым галаскам
Адказваю маўчаннем і тугою.
Ды за святлом дарогаю другою
Спяшаюся. У ім — мой скарб і скам.
Усё ж падчас адчайна я крычу:
«Ці мне спазнаць гармонію рамонкі,
Калі нямеюць вусны без гамонкі
I без пяшчоты холадна плячу?!»
* * *
Згаладнелая вавёрка
Скача ў гушчы сасняку.
Абірае, быццам пёркі,
З шышак хрумсткую луску.
Чырвань-гронкаю каліны,
Першы промень лёг на шкло.
След бяссонны і павінны
Каля ганка замяло...
ЛІПЕНЬ
Пахне кменам. Пахне цёплым сенам.
Травамі прапахла ўся зямля.
Ліпень, пасадзі мяне ў калені,
Як малую, ціха палюляй.
Раскажы мне ў прыцемку паўшэрым
Казку — каляровае кіно.
Я табе паверу! Я паверу
Усяму адрынутаму — зноў!
На шляхі пазнання ляжа ветам
Вецер у нектаравай расе.
Раскажы мне казку — па-за светам
Шэры воўк царэўну ўдаль нясе...
ЧУЙНАЕ
Недзе дзверы бразнулі,
Рыпнула сасна...
У асеннім Браславе
Цёмна да відна.
Над бальнічкай соннаю,
Ціхай ды старой,
Над трызненнем, стогнамі —
Дождж — Ілля-прарок —
Мокраю і рэдкаю
Барадой трасе.
А губам парэпаным —
Мроіць аб расе,
А гарачай скроняю —
Уціскацца ў сталь...
Будзе як старонняе
Для мяне: «Устань!»
Ды пайду, няўцямная,
У заглухлы лог,
Дзе пад поўнач сцягнуцца
Петлі трох дарог,
Слухаць хмары дольнія,
Возера, траву...
I ўсё гэта доляю
Потым назаву...
* * *
Пакідаю цябе — хай магма
Спапяляе спусцелы схіл.
Пакідаю цябе — хай марна
Будзеш сон выклікаць без сіл.
Пакідаю — няхай паводка
Б'е карэнне ў сляпой барацьбе,
Адзінокая, стыые лодка...
Пакідаю цябе — табе.
ДРУГАЯ ВЯСНА
Тэлефонны абяцаў эфір:
«Вылечыць цябе мая Сібір!
Пражыла ты гэтую вясну?
Я наноў табе яе вярну!»
Санраўды: ізноў перажываю
Я вясну — з сакавіка да маю.
Смагу не спатоліла на сок?
Плешчацца ля ганка туясок.
Не нарвала красак? Ля ракі —
Першыя таежныя жаркі.
I ў другой спакуслівай вясне —
Словы, там не сказаныя мне.
Галаве кружыцца б без віна!
Толькі гэта — не мая вясна.
Хоць пазшося на адно імгненне,
Рвецца сувязь часу і імкнення:
Вусны сок гаркотаю пячэ,
Вянуць кветкі на стале хутчэй.
Адпусці мяне і не віні,
Што не ў гэтай глебе карані!
* * *
Падалі зоры ў аўтобусны люк,
Пругка ірваўся карычневы змрок.
Крыкнула ў тысячны раз: «Не люблю!»
I адхіснулася даллю дарог.
Ды прарастае у ятраным сне
Корань пакрыўлены плакуну.
Зноўку таго, хто сурочыў мяне,
Плачучы, пракляну.
I да лясной я вярнуся ракі:
Там, можа, выняты любага след?
Ціха. Тлусцеюць зялёна імхі,
Жоўта ільсніцца вакол кураслеп.
Нашто нам, сцяжынка, мяккай была?
Нашто кружыліся сойкамі дні?
З яліны нагрэтая капле смала,
I нешта знікае ў рачной глыбіні...
* * *
Трымценне раптоўным грузам
Зрушыцца. Пачую ўва сне.
Гэта ты на другім канцы Беларусі
Клічаш мяне.
Прабілася скрозь бетонныя сцены
Бязважкае, як прамень,
Адчуванне нябачных ценяў
Будучых перамен.