У перадсвітанні няясным
Балкон. Вяршаліны дрэў.
Цяжка дыхае ясень —
Не ў час састарэў.
Без цябе цяпер. А ты б параіў,
Ад горычы засцярог?
Нашто ўранку абрысы згараюць
Маіх дарог?
* * *
Ад слова пакутую, што і не сказана,
Ад ггогляду, што не было.
Навошта так моцна і чуйна я звязана
З табою нябачным сілом?
Прадбачу усё, што табе і няведама,
Разводжу рукой туманы.
Нашто не святлом, мой каханы, а верадам
Прыходзіш ты нават у сны?
Спарыш мой, крывінка, другое крыло маё,
Цябе адпускаю без слоў,
Як толькі захочаш — нібы я нязломная!
Навошта вяртаешся зноў?
Як наша планета імкліва вярцелася!
Падзенне, узлёт, перабой...
Я іншаю стала, якой не хацелася,—
Навошта, каханы, з табой?
ЛЯ ПАЛЯРНАГА КРУГА
Няма начы... Ружоваю палоскай
Глядзіць апоўначы ў акно зара.
Адблісквае жывым, я к цела, лоскам
Лістоўніц звільгатнелая кара.
Дзявочы голас весела шчабеча,
Над трасай уладарныя дымы.
Сава на пень сядае па-старэчы
Пушыста-белай згадкаю зімы.
Няма начы... Нядоўгая дрымота
Зашчыпле вочы. Толькі не да сноў:
I колкія пясчаныя сумёты —
Віхром з-пад верталётавых вінтоў...
Гудуць басамі каля вокнаў КРАЗы,
Рыпяць барты, і трубы — як камлі.
I ўвінчваецца неадступна траса
У нетры перамерзлыя зямлі...
* * *
Патароча прыйдзе такая —
У віры закружыць рака,
I шчака мая апякае
Ледзь знаёмага хлапчука.
А калі над вячэрнім полем
Перакружыцца белы свет —
Як ускрыкне раптоўным болем
Зацярушаны часам след!
Перад восенню — золка лоззю.
Серабрыста-вільготны дах.
Як прапахла з а ноч бярозай
Ля калодзежаў цэбры вада!
Як скрозь шчыліны у адрыне
Ружавеюць абрысы дня!
Хай пакіне мяне, пакіне
Тая добрая цішыня!
Так хавала яе ў дарогах,
Так без памяці берагла!
Што дрыжыш ля майго парога
Апярэннем чорным, страла?
У МІРЫ
Ацяжэлыя бэзу гронкі.
Дзікіх руж буянне. Смуга...
Адліснецца жыцця старонка —
I крысом ахіне туга.
Немагчыма — каб так заўсёды,
На ўзляценні, на вышыні,
Каб былі на паўнеба ўсходы,
Залатыя ад сонца дні.
Толькі схібіш — і як адкіне!
Перарэжацца свет мяжой.
Немагчыма, калі загіне
Адпакутаванае душой!
Немагчыма — самкнецца раска.
Немагчыма — спаліць агонь.
Па шляхах камяніста-гразкіх
За сабой іду наўздагон!
ТАЯМНІЦА
Скрозь сон прабіўся голас тонкі.
Я да малога падышла
I, расхінаючы пялёнкі,
Яго на рукі падняла.
I — скрыжаваліся пагляды,
I — мне вачэй не апусціць.
О, як трывожна і зацята
Мой сын у вочы мне глядзіць!
Яшчэ прыкметы не адталі
Яго няіснасці, але
Ён — пасланец нязнанай далі,
Якая мне пытанне шле.
Ён, што пакуль не мае дома,—
Яшчэ вакольнаму чужы! —
Перад жыццём... Яму вядомы
Загадкі праўды і ілжы,
Што у жыцці нас мучаць гэтак!
Імгненне раптам перайшло
У рэчаіснасць. Вокны... Ветах...
Кватэра... Сынава цяпло.
Але — скрозь кожнае світанне
Далёкі боль, нібы імгла...
Але — якое мне пытанне
Праз сына вечнасць задала?
РАЗВІТАЛЬНАЕ
Нашто нам лісты? Не пішы!
Хай ветрам, сумётам, сусветам
Прыходзіць жывая абвестка
Тваёй незмаўкальнай душы!
Нам зорную мець блізіню:
Каметавым стане свячэннем
Тлумачыцца свету значэнне...
Лістом я, мой дружа, зманю.
Зманю, што мне добра — сцілом,
Паперай і гоманам зычных,
Фасоўкаю вестак сталічных...
Хай — ветрам, завеяй, імглой...