Выбрать главу

* * *

«Што ж няма ў цябе Анікога?» Лёг у ногі Пакорлівы цень. Усміхнуся. Кахаць бы такога, Што не любіць хатні Агмень! Хто душу не аддасць За ўдачу. Хто апошняй травінцы — Брат. Хто, калі пайду, Не заплача, А пакіне — Не прыйдзе назад. Ноч у росах Палошча плацце, А туга Крыніцай сплыла... У жанчыны — Праўда зярняці. У мужчыны — Праўда крыла.

ЧАС СПЕЛАСЦІ

Сцябліны абабіты на валокны, Перабуяла завязь у плады. Час спеласці! Пахаладзела ў вокны Глядзіць на золку месяц малады.
Планет зеленаватае мігценне, А на шчацэ — світальны подых дня. Час выспявання — тлумнасць летуценняў. Час спеласці — нібыта цішыня.
Успомняцца з паблажлівай усмешкай Юнацтва неразважлівыя дні, Часіны страт... Але віецца сцежка I нікне ў невядомай глыбіні!
I яблыні, і што развінаюць плечы, З палёгкай аглядаючы абшар, Не ведаюць, што лёс іх — чалавечы: За годам год наноў прымаць цяжар. Усё наноў... Прымаць працяг нясцерпна: Ад кораня у кроне слабізна! Час спеласці вядзе цябе па цернях Шукаць прастор без столі і без дна,
Не ашчаджаючы ні час, ні сілы... Як б'ецца і трапеча вышыня! Планет мігценне... Утрымайце, крылы! А на шчацэ — світальны подых дня...