ВЯРТАННЕ
Мяне ніхто з дарогі не чакаў.
Дзе захачу — заўжды магла застацца.
I я люблю па сёння уцякаць,
I я па сёння не люблю вяртацца.
Вяртацца, каб ізноўку абжываць
Кусты пустыя. Праганяць дарадцаў.
I звязваць тое, што так лёгка рваць...
Вяртаюся, а — не люблю вяртацца.
* * *
Ад грымот дрыжалі аканіцы.
Ліпнуў брук — пякучая смала.
Што з таго, што будзе навальніца?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Хмара, як бугрыстая пачвара,
На галовы гмахаў налягла.
Што з таго, што летам — град па твары?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Нам прадвесцем стаўся гэты ліпень —
То пагода, то дажджыць імгла.
Што з таго, што розныя былі мы?
Ты ішоў. I я к табе ішла!
ПАРАСТКІ
Хацела б мармуровымі калонамі,
А трэба толькі ўласнымі далонямі
Вас агароджваць і цяплом туліць...
А сэрца несціханае баліць
За будучую тую злагаду,
Якую, божа крый, не адвяду,
За нечаканы той мароз і снег,
Што кволых вас знарок не абміне...
За час, які дарэмна нам маліць...
Але найбольш душа мая баліць,
Што ты — што ты! — у вечнай барацьбе
Супроць мяне, і свету, і сябе.
I парасткі кахання зноў і зноў
За нас дваіх мне берагчы адной.
...Спакусна стане — прэч, не дараваць!
Няхай іх вецер будзе вырываць
I ледзяніць бязлітасна зіма!
...Няўжо наш плён, каханы мой, дарма?
МАГІЛА БАГДАНОВІЧА
Мой прытулак — не гэты магільнік стары,
Кіпарысам навекі прапдхлы і лаўрам,
У жалезе штыкецін, у горкай кары,
Што збірае мае пасмяротныя лаўры.
Гляньце — хмара па небе спакойна плыве!
Гляньце — кропля дажджу на бярозу упала!
Хіба мог я ўляжаць? Хай магіле-ўдаве
Мяне клікаць назад! Толькі ж вечнасці мала,
Каб шаптаць, грукацець, каб расказваць наўкол,
Кім ні буду — маланкаю, кропляй, раслінай,—
Ад любві і вернасці, без якой
Мы не можам людзьмі сябе зваць, не павінны!
Мой прытулак — не там, дзе помнік, як цень,
I на камені надпіс, нібыта пячатка!
Я лячу ў Беларусь то світаннем, то ўдзень,
I штодзённа жыццё пачынаю спачатку...
* * *
Званок абрынуўся, як вадаспад.
За што ўчапіцца? Плынь імгненна зносіць!
Мяне ён толькі аб спатканні просіць,
А просьба — нечакана — як загад.
Як прыстань — яго цвёрдая далонь.
Мая насмешка — як выратаванне.
Я не пайду на гэтае спатканне!
Я не хачу трапляць у твой палон!
Каб зноў, даверыўшыся дабрыні,
Аддаўшы сэрца і цяпло той веры,
Упасці некалі ў пустыя дні
Бязлітасна пакінутай кватэры...
Я не хачу трапляць у твой палон!
Ды толькі, заінелая ад сцюжы,
Вясной бяроза ў карагодзе кружыць,
I непазбежны той жыцця закон!
* * *
Перад снегам — трывожна і нізка—
Зграя хмар... Той часінай, відаць,
Нахілілася над калыскай
Побач з Радасцю і Бяда.
Радасць, Радасць! Ты многа маеш
Залатога свайго агню!
А Бяда навошта трымае
Тое ж — Вернасць і Дабрыню?
Тых дарункаў не трэба замнога...
Іх нялёгка несці ў жыцці...
Ды паклала... I за парогам...
Загудзела шалёна ў лісці...
КАНІКУЛЫ Ў ЗАБЕЛЛІ
Такое новае маё вядро!
I дужы я каромысла абдымкі.
А я іду даўнейшым тым зазімкам
I запавольваю таропкі крок.
Крыніца сустракае м і ж снягоў
I звонка б'ецца ў чысціню вядзерца.
Няўжо ісці дамоў мне давядзецца,
I толькі рэха крыкне наўздагон?
Ды напярэймы скрозь : «О-о, пачака-ай!»
Ужо бяжыць! А я — не азірнуцца,
Прайсці недатыкальнаю і гнуткай
I не адчуць, што шчасця — цераз край.
Так хутка нам сталелася з табой!
Чаму ж не пасталелася шчасліва,
Чаму набытак гэтакі тужлівы,
А набліжэнне сталася бядой?
Імкненне быць... А «быць» яшчэ няма.
Блішчыць прастора сонечнаю беллю...
Каханы мой! Журботна нездарма
I незгасальна помніцца Забелле...