МАЦІ
Прыйшла нячутна. На ложак прысела.
«Ну вось я. Так клікала ты мяне,
Што адпусцілі адтуль. Ненадоўга.
Што ў цябе, дачушка, такое?»
«Я... ведаеш...»
Мамай яе назваць
Язык не паднімаецца — такая маладая!
«Сын мой... без бацькі.
Дурэе... Не слухаецца...
Не ведаю, што рабіць!»
«Спытай што іншае. Бачыш, дачка,
Яму ж хутка ўжо сем гадоў.
А табе ж і чатырох не было,
Як пайшла я ад вас у дарогу далёкую...»
* * *
На бераг Нёмана прыйду апоўначы
I, кінуўшы адзенне на траву,
Свабодная, мінулага не помнячы,
Вадой празрыста-цёмнай паплыву.
Імгненнай плынню сцягнены, схаваецца
Зямлі прасцяг, і знікнуць берагі...
Узнікне боль... Няхай не развітаецца
Душа з тваім абліччам дарагім!
Бо не крыніца, што спякотай выпіта,
Бо не святло, што гасне пры начы,
Бо мне аднойчы ўжо на долю выпала
Згубіць ад шчасця звонкія ключы...
* * *
Мой незвычайны горад, дзе была
Такою я шчаслівай — і няшчаснай!
Навошта ад цябе тады ўцякла?
Не уцячы ж нам ад душы уласнай!
Пад ноч, калі вясеннія кусты,
Ажыўшы, заварушацца пад снегам,
I ахіне крысом туман густы,
I блізкім-блізкім стане раптам неба,
Цябе я ўспамінаю... Назаўжды
Я буду там хадзіць па вулках струнных
I ў ціхай плыні нёманскай вады
Яшчэ не раз знайду свой воблік юны.
Прыехала... Стаю ў тваёй начы...
Нікога на аўтобусным прыпынку.
Адно лятуць каштаны, я к мячы,
I ліхтары высвечваюць іх спінкі.
Саслізгваюць хвіліны, нібы ртуць,
Гамоніць вуліца пра нешта ціха...
I толькі дываны нязмоўчна ткуць
На трэцяй змене рупныя ткачыхі...
ДОЖДЖ
З сяброўкаю пад ліўнем мы —
Нібы ў той першы раз.
А дождж змывае лініі,
Змывае клопат з нас.
Шчаслівыя адсутнасцю
Штодзённых спраў, сям'і,
Становімся мы сутнасцю
Расы, травы, зямлі.
Расе туманам прарасці,
Жарству праб'е трава.
Прароцтвам неўміручасці
Хмялее галава...
* * *
Такою цішаю дзень адзначаны!
Сутонне памяці — першы крок.
Яшчэ не ведаю, чым заплачана
За ўсё, што зведана незнарок.
Якою мерай, якой пакутаю
За незвычайнасць, за пачуццё?
За тую веру, якою скутае
З тваім навечна маё жыццё...
У ЛЕСЕ
Нагайсаў паскок ласіны
Па траве і па галлю.
Перамлелыя маліны
Лена каплюць на зямлю.
Над ліловым, жоўтым, сінім —
Сонца ліпеньскі пажар,
I апошнія расіны
Ад кустоў ляцяць у твар.
Сойка-маці мітусліва
Ад гняздоўя павяла...
Я даўно такой шчаслівай,
Бесклапотнай не была...
ЗАЛАТОЕ РУНО
У тым вечна зялёным краі
Нават вецер салёны — лізні!
На дасвецці ў моры згараюць
Дзіўна зваблівыя агні.
Неўміруча пяюць сірэны...
Праз салодкі бачыцца сон:
Адпраўляецца зноў — нязменна! —
За руном залатым Ясон.
У Ясона тваё аблічча...
О, я ведаю — далячынь
Несціхана мужчыну кліча
Ад найлюбых яго жанчын.
Разабрацца. Знайсці прычыну.
Невядомага вынайсці знак
I вярнуцца ізноў да жанчыны
Пераможцам. I толькі так.
Ды ў легендах сівой завеяй
Ёсць яшчэ адна даўніна:
Як пракляццем лягло на Медэю
Злое ззянне таго руна...
ХРЫСТОФ ШЭЙНЕР
Хрыстоф Шэйнер значна
раней за Галілея адкрыў
плямы на Сонцы.
На Сонцы адкрытыя плямы.
Праверыць! Яшчэ і яшчэ!
Які нечуванейшы лямант
Вось-вось назаўжды апячэ!