Паволі сталі вочы прывыкаць,
Свядомасць заімглёная яснела...
Вось выпляла кашчавая рука,
Вось выразала ноч абрысы цела,
Міткалевую кофту, андарак,
На фартуху якоесь вышыванне...
«Бабуля, Вы адкуль?» «Відно і так».
Але ізноў я задала пытанне.
«Павер, дачушка, часу нестае
Сюды прыйсці — такія скрозь аблогі!
Радні ж не дабудзіцца ўсё твае,
А мне яшчэ назад патрэбны ногі».
«Я зэдлік Вам прысесці прынясу».
«Не трэба. Дзядзьку падкажы Антосю,
Што дах налета ветры абтрасуць,
Што шашалю ў той сценцы завялося.
Я ў гэтай хаце некалі жыла,
Яе сама складала па бярвенцу.
Ці мне ўляжаць, калі, нібы піла,
Па мне шкрабе той шашаль —
не па сценцы?»
Задумалася... Ціха плавіў цень
Яе маршчыны, хустку і аблічча.
«Шкада прасіць мне грошы у дзяцей,
Назад купіла б хату я... Баліць мне,
Што лехі пустазеллем зараслі,
Што ўнукі адцураліся зямелькі,
Што болей не вазьму я на зямлі
Малінаў пераспелых хоць бы жменьку.
Каб дыхаць! Каб прысесці на мяжы!
Гаротна мне ў раі, бо там не робяць».
«Ты заслужыла, цётачка, ляжы!»
«I пасміхаюцца, і мне не собяць.
А як балюча спачываць рукам!»
Ды — нешта ціха ценькнула пад дахам,
Пранеслася: «Скажы ты сваякам...»
Ужо здалёку азалелай птахай.
...Але расказ раўніва прынялі.
Разважыла нервовая залоўка:
«А пенсіі б назад ёй не далі!
А дзе б яна набрала на налогі?
Бярвенні, дзякуй, глянем у куце.
Але сюды ёй болей не пралезці!»
Яе маліла я аб дабраце,
Успамінаючы — чакае дзесьці...
Успамінаючы — спявала столь,
Аб ногі церлася, як кот, масніца...
Я ведала, што развітання боль
Яшчэ ў аконнай скроні будзе біцца!
...Аттыргнутая крыжам і вадой,
Бабуля спачывае пад бярозай.
Дом гасцяваць мяне не просіць той,
А сваякі, чуваць, мой ганяць розум...
ТОЙ ДЗЕНЬ
З табой упоравень кашу
Ячмень, ужо васковы.
I вёдры поўныя нашу
Для лазенькі вясковай.
Прылазнік вузенькі прапах
Распаранай бярозай,
I атулілі дымны дах
Галінкі вербалозу.
Бліжэй душою, як калі,
Мы ў гэтых ціхіх нетрах.
Агонь у грубцы запалі!
Я ж — атулю ад ветру.
Нам гаспадарыць удваіх
Нязвыкла, ды так згодна.
I дотык цёплых рук тваіх —
Нібы адвеку — родны.
Шапоча на двары лісцё,
I дзень складае крылы,
Адзін з тых дзён, што нам жыццё
Так шчодра падарыла...
ФРЭСКА
Трапяткою юнаю жанчынай —
Праз вякі! Ды там, на жорсткім зрэзе,
Тросся дол... Там падалі мужчыны,
Плавіліся камень і жалеззе.
Водбліск фарбы, пэндзаль, прасвятленне,
Што вы прад вайны тупой хадою,
Прагай чужаземнага імкнення,
Прад усенароднаю бядою?!
Як бязлітасна гулі над краем
Навальніц грымотных пералівы!
Непахіснасць ад чаго такая
У вачах бяздонных і тужлівых?
Хто, і паміраючы, ад латаў
Захіліў цябе — адчайна, рэзка?
Не кажы, як зроблена была ты.
Раскажы, як ты ўцалела, фрэска!
ВЫХАВАЦЕЛЬКА
Гэты горад, дзе згінае спіны
Аркам даўніны цяжар прарочы...
Дзе фантаны — белыя паўліны —
Пер'ямі струменнымі зіхочуць...
Горад на вячэрнім акаёме
Матрыцай адціснуты срабрыстай...
О, як вуснам вулачак знаёмы
Голас яго, крышку ганарысты!
Там — жанчына. Яблыняй на полі.
I ўмясціліся ў кватэрцы чыстай
Скарб яе, бязладнасць і бяздолле,
Свет яе — па-царску размаісты.
Неба, ты за што яе дарыла
Літасцю спакою і прымання?
Нездарма прыязні нашай сіла
Ад яе патрабавала: «Мама!»
Хоць саміх паіла, як атрутай,
Да сям'і сляпое непрычасце...
Што ж, сябры, вас знадзіла парука
Падзяліцца пошукамі шчасця?
Я не еду з вамі ў горад мілы,
Каб знянацку не ўпікнуць жанчыну,
Што яна калісьці адпусціла
Нічыю мяне у свет нічыйны,