Выбрать главу

Ён часта спыняўся, прыхiляўся да сцяны якога-небудзь дома або затоўкшыся ў цёмны закутак, i стаяў там, заплюшчыўшы вочы, крыху разявiўшы рот i раздзiмаючы ноздры, нерухомы, як драпежная рыбiна ў глыбокай, цёмнай, спавольненай вадзе. I калi нарэшце рух паветра падкiдваў яму кончык тоненькай духмянай нiтачкi, ён накiдваўся на гэты адзiн пашок, не чуючы больш нiчога навокал, хапаў яго, чапляўся за яго, уцягваў яго ў сябе i пакiдаў у сабе назаўсёды. Гэта мог быць даўно знаёмы пах або яго разнавiднасць, а мог быць i зусiм новы, амаль або зусiм не падобны на ўсё, што яму дагэтуль даводзiлася чуць, а тым болей бачыць; напрыклад, пах прасаванага шоўку; пах чабаровай гарбаты, пах кавалка вышыванай срэбрам парчы, пах каранца да бутэлькi з рэдкiм вiном, пах чарапахавага грэбеня. Грануй угоньваўся за такiмi яшчэ не знаёмымi яму пахамi, лавiў iх заўзята i цярплiва, як рыбак, i назапашваў у сабе.

Удосыць нанюхаўшыся густога паху завулкаў, ён iшоў у мясцiны, дзе пахi былi танчэйшыя, змешвалiся з ветрам i разносiлiся амаль як парфума: скажам, на рыначны пляц, дзе ўвечары моцна трымалiся пахi дня -- нябачныя, але ў той самы час такiя яўныя, быццам у натоўпе ўсё яшчэ кiшэлi гандляры, стаялi кашы з гароднiнай i яйцамi, бочкi з вiном i воцатам, мяхi з прыправамi i бульбай i мукою, скрынкi з цвiкамi i гайкамi, рыбныя сталы, сталы, заваленыя тканiнай, i посудам, i падэшвамi, i сотнямi iншых рэчаў, якiя прадавалiся ўдзень... увесь гэты вэрхал i гармiдар стаяў у паветры i ўвечары. Грануй, можна сказаць, носам бачыў увесь рынак. I носам бачыў яго дакладней, чым iншы вачыма, бо Грануй успрымаў яго "следам" i таму больш узвышана: як эсэнцыю, як дух чагосьцi мiнулага, не парушанага звычнымi атрыбутамi цяпершчыны -- такiмi, як шум, яркасць, гнюсотная штурхатня жывых людзей.

Альбо ж ён iшоў туды, дзе каралi ягоную мацi, на Грэўскi пляц -- якi велiзарным языком высалопваўся ў раку. Тут стаялi караблi i лодкi, выцягнутыя на бераг або прышвартаваныя да тумбаў, тут пахла вугалем, i збожжам, i сенам, i мокрымi пяньковымi канатамi.

А з захаду, па тым адзiным трыбе, якi рака прасекла ў горадзе, плыў шырокi паток ветру i прыносiў пахi палёў, лугоў пад Нэi, лясоў памiж Сэн-Жармэнам i Версалем, далёкiх гарадоў Руана i Каэна, а часам нават i мора. Мора пахла як надзьмуты ветразь, у якiм заблыталiся вада, соль i халоднае сонца. Яно пахла проста, гэтае мора, але пах быў адразу вялiкi i своеасаблiвы, так што Грануй не асмельваўся расшчапiць яго на рыбнае, салёнае, вадзянiстае, водарасцi, свежасць i так далей. Ён лепей сабе не разбiваў яго, трымаў у памяцi цалкам i цешыўся iм на поўную поўнiцу. Пах мора яму так падабаўся, што ён хацеў калi-небудзь атрымаць яго чыстым, без дамешак i ў такой колькасцi, каб iм можна было ўпiцца. I калi пазней з расказаў ён даведаўся, што мора вялiкае i па iм можна цэлымi днямi плысцi на караблi, i нiдзе нiякае зямлi, ён звычайна ўяўляў сябе на такiм караблi, высока ўгары, сядзiць сабе на мачце ў кашы, i ляцiць, ляцiць кудысьцi далёка па бясконцым паху мора, якi нiякi нават не пах, а дыханне, выдых, подых, канец усiх пахаў, i ад асалоды ён быццам раствараецца ў гэтым дыханнi. Але гэтаму не наканавана было збыцца, бо Граную, якi стаяў на Грэўскiм пляцы на беразе Сены i раз за разам удыхаў маленькi абрывак марскога ветру, што раптам прыбiўся да ягонага носа, не наканавана было нiколi ў жыццi ўбачыць мора, сапраўднае мора, вялiкi акiян на захадзе, не дадзена было акунуцца ў яго пах.

Квартал памiж царквою Св. Яўстахiя i гарадской ратушай ён неўзабаве вывучыў на нюх так дасканал, што не заблудзiўся б там i ў самую цёмную ноч. I тады ён пашырыў поле свайго палявання--спачатку на захад да прадмесця Сэнт-Анарэ, потым уверх па вулiцы Сэнт-Антуан да Бастылii i, нарэшце, нават на па-той бераг ракi да квартала Сарбоны i прадмесця Сэн-Жармэн, дзе жылi багатыя людзi. Праз чыгунныя краты брамы пахла скурай ад карэт i пудрай з пахолкавых парыкоў, а цераз высокiя сцены з садоў пералiваўся водар жаўтазелю i ружаў i толькi што пасаджанай бiручыны. I сама тут Грануй упершыню пачуў пах парфумы -- у сама гэтым сэнсе слова. Гэта была простая лавандавая цi ружовая вада, якую ва ўрачыстых выпадках дамешвалi ў садовыя фантаны, i больш складаныя, больш каштоўныя духмянасцi мускуснай настойкi, змяшанай з алеем нарцыса i туберозы, танкiлiй, язмену або карынкi, якiя вечарамi, як цяжкi шлейф, цягнулiся за экiпажамi. Ён запамiнаў гэтыя духмянасцi, як запамiнаў вульгарныя пахi, з цiкаўнасцю, але без асаблiвага здзiўлення. Зрэшты, ён заўважыў, што парфумы наўмысна старалiся адурманiць i прывабiць яго нюх, i ён прызнаў вартасцi асобных эсэнцый, з якiх яны складалiся. Але ў цэлым яны здавалiся яму ўсё ж грубымi i пошлымi, разбаўленымi, а не скампанаванымi, i ён ведаў, што мог бы скласцi зусiм iншыя пахошчы, калi б меў такiя самыя зыходныя матэрыялы.