Грануй зразумеў, калi ён не завалодае гэтым водарам, яго жыццё не мецьме сэнсу. Ён павiнен спазнаць яго да драбнiц, да самага апошняга найдалiкатнейшага адцення; проста агульнага ўспамiну пра яго мала. Ён хацеў як бы паставiць асабiстае кляймо на гэтым апафеозным водары, удрукаваць яго ў неразбярыху сваёй чорнай душы, даследаваць да тонкасцi i далей ужо мыслiць, жыць, нюхаць свет у адпаведнасцi з унутранымi структурамi гэтай чароўнай формулы.
Ён павольна падступаў да дзяўчыны, блiжэй, яшчэ блiжэй. Вось ён ступiў пад павець i спынiўся за крок у яе за спiнай. Яна яго не чула.
Валасы ў яе былi рыжая, шэрая сукенка без рукавоў агаляла вельмi белыя плечы i рукi, жоўтыя ад соку разрэзаных слiў. Грануй стаяў, схiлiўшыся над ёю i ўдыхаючы яе пах, цяпер ужо без нiякiх дамешак, ён падымаўся ад яе патылiцы, валасоў, выразу ў сукенцы i ўлiваўся ў яго, як свежы вецер. Яму яшчэ нiколi не было так прыемна. Але дзяўчыне зрабiлася холадна.
Яна не бачыла Грануя. Але адчула неўсвядомлены сполах, дзiўную зябкасць, быццам яе раптам агарнуў забыты, даўно пераадолены страх. Ёй здалося, быццам за спiнай у яе пацягнуў халодны, знобкi продзiмень, быцццам нехта адчынiў дзверы ў велiзарны склеп. I яна адклала свой кухонны нож, прыцiснула рукi да грудзей i абярнулася.
Ды так i скамянела ад жаху, угледзеўшы яго, што яму якраз хапiла часу, каб сцiснуць яе рукамi за шыю. Яна не крыкнула, не варухнулася, не спрабавала абаранiцца хоць бы рухам якiм. А ён i не зiрнуў на яе. Ён не бачыў нi яе далiкатнага, усыпанага канапацiнкамi твару, нi чырвонага рота, нi вялiкiх ярка-зялёных вачэй, бо, пакуль ён душыў яе, вочы ў яго былi моцна заплюшчаныя, i ён баяўся толькi аднаго -- страцiць хоць кроплю яе паху.
Калi яна знежывела, ён паклаў яе на зямлю сярод костачак мiрабэлi, садраў з яе сукенку, i струмень водару ператварыўся ў паток, якi захлiснуў яго сваёй раскошай. Ён прынiк тварам да яе скуры i правёў ноздрамi ад жывата да грудзей, да шыi, па твары i па валасах i назад да жывата, унiз па сцёгнах, па лытках, па яе белых нагах. Ён увабраў яе пах з галавы да ног, да кончыкаў пальцаў, ён пазбiраў рэшткi яе паху з падбародка, пупка i са згiнаў яе локцяў.
Калi ён выдабыў усё i яна завяла, ён яшчэ нейкi час сядзеў побач з ёю на кукiшках, каб апамятацца, бо перанасыцiўся ёю. Ён не хацеў расплюхаць нiчога з яе паху. Для пачатку яму трэба было шчыльна задраiць унутраныя пераборкi. Потым ён устаў i патушыў свечку.
А тым часам з песнямi i крыкамi "Вiват!"пачалi вяртацца дамоў на вулiцу Сены ўдзельнiкi гуляння. Грануй нюхам знайшоў у цемры выйсце ў завулак, а адтуль на паралельную вулiцу Птыз-Агюстэн, якая таксама вяла да ракi. Крыху пазней людзi знайшлi мёртвую. Усчаўся крык. Запалiлi паходнi. Прыбыла гарадская варта. Грануй даўно ўжо быў на другiм беразе.
У гэтую ноч яго каморка здалася яму палацам, а нары -- шыкоўным альковам. Дагэтуль ён нiколi за ўсё жыццё не адчуваў шчасця. Хоць i здаралiся рэдкiя хвiлiны тупой задаволенасцi. Але цяпер ён дрыжаў ад шчасця, не мог заснуць ад асалоды. Ён быццам другi раз нарадзiўся, не, не другi, а першы, бо дагэтуль ён проста iснаваў, як жывёлiна, меў вельмi цьмянае ўяўленне пра сябе самога. Сёння яму задалося, што ён нарэшце даведаўся, хто ж ён усё-такi ёсць: а менавiта не хто там якi, а генiй; i што ягонае жыццё мае сэнс, i задачу, i мэту, i вышэйшую наканаванасць; а менавiта -- здзейснiць рэвалюцыю, анiяк не менш, у свеце пахаў; i што на ўсiм свеце толькi ён адзiн мае патрэбныя на гэта сродкi: вытанчаны нюх, фенаменальную памяць i -- смае важнае -- запамятаны пах дзяўчыны з вулiцы Марэ, у якiм у чароўнай формуле змешчана ўсё, з чаго складаецца водарнасць: пяшчота, сiла, трываласць, шматграннасць i вусцiшная неадольная прыгажосць. Ён знайшоў компас свайму будучаму жыццю. I як усе генiяльныя пачвары, зладжаныя так, што праз знешнюю падзею пракладваюцца каляiны ва ўзвiхураны хаос iхнiх душаў, Грануй ужо больш не ўхiляўся ад таго, што ён прымаў i прызнаваў за кiрунак свайго лёсу. Цяпер яму зрабiлася ясна, чаму ён так упарта i зацята чапляецца за жыццё: ён павiнен быў зрабiцца Творцам пахаў. I не абы якiм. А найвялiкшым парфумнiкам усiх часоў.