Выбрать главу
11

Джузэпэ Бальдзiнi хоць i зняў свой пахучы каптан, але толькi па старой звычцы. Пах вады Франжыпанi даўно ўжо не дакучаў яго носу: за некалькi дзесяткаў гадоў ён так да яго прывык, што ўжо ўвогуле не заўважаў. Ён i дзверы ў кабiнет зачынiў i цiшынi запатрабаваў, але не прысеў да пiсьмовага стала, каб мыслiць i чакаць азарэння, бо ведаў лепей, чым Шэнье, што натхненне яго не наведае. А ўсё ў тым, што яно нiколi яго i не наведвала. Так, слушна, ён быў стары, i зношаны, i перастаў быць вялiкiм парфумнiкам, але ён ведаў, што нiколi ў жыццi i не быў iм. "Паўднёвую ружу" ён успадкаваў ад бацькi, а рэцэпт "Галантнага букета Бальдзiнi" купiў у заезнага гандляра каланiяльнымi пахошчамi з Генуi. Усе астатнiя ягоныя духi былi даўно вядомыя сумесi. Ён яшчэ нiколi нiчога не вынайшаў. Ён не быў вынаходца. Ён не быў педантычны выробшчык дабраякасных пахаў -- накшталт кухара, якi выдатна гатуе па добрых рэцэптах, але нiколi не прыдумае свайго варыва. Усю гэту камедыю з лабарторыяй, i эксперыментамi, i натхненнем, i таямнiчасцю ён напусцiў толькi таму, што яна падтрымлiвала яго рэнамэ майстра -- парфумнiка i пальчатнiка. Парфумнiк стварае цуды, ён напалову алхiмiк, лiчаць людзi) тым лепей! Пра тое, што яго мастацтва --рамяство, як i любое iншае, ведаў толькi ён, i ў гэтым быў ягоны гонар. Ён i не хацеў быць вынаходцам. Вынаходнiцтва даволi падазронае, лiчыў ён, бо яно заўсёды азначае парушэнне правiлаў. Ён зусiм не збiраўся выдумваць новыя духi графу Верамону. Прынамсi, Шанье не будзе нi ўмаўляць яго, нi даставаць "Амура i Псiхею" ў Пелiсье. Ён ужо дастаў гэтыя духi. Вось яны на стале каля акна, у маленькiм шкляным флаконе з гранёным коркам. Ён купiў iх некалькi дзён назад. Ясна, не асабiста сам. Не можа ж ён жывой пярсонай заявiцца да Пелiсье па духi! Ён дзейнiчаў праз пасярэднiка, а той таксама праз пасярэднiка... Асцярожнасць нiколi не залiшнiцца. Бо Бальдзiнi збiраўся не толькi скарыстацца гэтымi духамi для араматызацыi гiшпанскай скуры, ды i не хапiла б яму аднаго флакона. Ён намыслiў нешта горшае: скапiраваць iх.

Зрэшты, гэта не было забаронена. Гэта было толькi ў найвышэйшай ступенi невысакародна. Таемна ўзнавiць духi канкурэнта i прадаваць пад сваiм iмем было страх як непрыстойна. Але яшчэ больш непрыстойна, калi цябе зловяць за руку, а таму Шанье не павiнен нiчога ведаць, бо ў Шанье не язык, а памяло.

Ах, як яно нядобра, што прыстойны чалавек павiнен так выкручвацца! Як цяжка ахвяраваць самым каштоўным, што маеш -- так ганебна плацiць за свой гонар. А што рабiць? Як нi павярнi, а граф Верамон такi клiент, якога грэх страцiць. Апрача графа клiентаў амаль не засталося. Зноў бегаеш за заказчыкам, як на пачатку дваццатых гадоў, калi ён толькi пачынаў кар'еру, цягаючыся з латкамi па вулiцах. Богу вядома, што ён, Джузэпэ Бальдзiнi, уласнiк самай вялiкай i найбольш удала размешчанай парфумнай лаўкi ў Парыжы, фiнансава вярнуўся на кругi свае, бо ўжо наведвае клiентаў у iх дома з чамаданчыкам у руках. А гэта яму зусiм не падабалася: яму ж было ўжо за шэсцьдзесят, i ён не пераварваў чакаць у халодных прыхожых i расхвальваць старым маркiзам туалетную ваду, настоеную на крываўнiку, воцат "Чатыры разбойнiкi" або мазь ад мiгрэняў. Акрамя таго, у прыхожых панавала проста мярзотная канкурэнцыя. Напрыклад, гэты выскачка Бурэ з вулiцы Дафiна, якi божыцца, што ў яго самы багаты выбар памад у Еўропе; або Кальто з вулiцы Макансей, якi працерабiўся ў асабiстыя пастаўшчыкi графiнi д'Артуа; або вось зусiм непрадказальны Антуан Пелiсье з вулiцы Сэнт-Андрэ-дэз-Ар, якi кожнага сезону ўводзiў у моду новыя духi, за якiмi цэлы свет прападаў.