Духi былi да агiды -- цудоўныя. Гэты нiкчэмнiк Пелiсье, на жаль, петрыў у сваёй справе. Божухны, якi майстар, хай сабе нават тысячу разоў нiчому не вучаны! Бальдзiнi хацеў бы, каб гэтыя духi былi ягоныя--"Амур i Псiхея". У iх не было поцемку вульгарнасцi. Абсалютна класiчны пах, зграбны, завершаны i гарманiчны. I разам з тым дзiвосна новы. Ён быў свежы, але не настырны. Ён быў кветкавы, але не саладжавы. У iм была глыбiня, раскошная, панадная, вабная, цёмна-бурая глыбiня --i пры гэтым нiякай перагружанасцi, нiякай напышлiвай рыторыкi.
Бальдзiнi ледзь не багавейна ўстаў i яшчэ раз паднёс да твару хусцiнку. "Цудоўна, цудоўна...--мармытаў ён, прагна ўнюхваючыся.-- У iм ёсць гарэзлiвасць, ён чароўны, як мелодыя, аж падымае настрой... Якая дрэнь, якое паскудства!" I ён ашалела шпурнуў хусцiнку на стол, адвярнуўся i адышоў у самы далёкi куток кабiнета, быццам засаромеўся свайго захаплення. Смешна ўпадаць у такое недарэчнае красамоўства. "Мелодыя. Гарэзлiвасць. Чароўнасць. Падымае настрой" -- якая лухта! Дзiцячая балбатня. Хвiлiннае ўражанне. Стары грэх. Пытанне тэмпераменту. Хутчэй за ўсё iтальянская спадчынасць. Нiколi не ахiнайся першым уражаннем! Гэта ж залатое правiла, Бальдзiнi, стары ты асёл! Калi нюхаеш -- нюхай, а выракай потым! "Амур i Псiхея" -- духi, канечне. Нават неблагiя. Даволi ўдалы выраб. Спрытна схляпаная халтура. Каб не сказаць падробка. А чаго яшчэ, каб у вас папытацца, акрамя падробкi можна спадзявацца ад чалавека кшталту Пелiсье? Ясна, такая вантробiна, як Пелiсье, не будзе табе фабрыкаваць абы што i абы як. Махляр ён умее напусцiць туману ў вочы, збiць спанталыку нюх дасканалай гарманiчнасцю паху, воўк у авечым руне класiчнага мастацтва, вось хто гэтая пачварына -- адным словам, бестыя з бестый, талентам нават не памазаная. А гэта горш, чым якi-небудзь бяўдарны няўмека, якi не ўсведамляе свайго невуцтва.
Але ж ты, сеньёр Бальдзiнi, не дасiся ў змусту, а такi не дасiся. Цябе толькi ў першую хвiлю збiла з тропу манлiвае ўражанне. Але ж цi падумаў ты, што станецца з тым пахам прах гадзiну, калi лятучыя субстанцыi вычыхаюцца, выперхаюцца i праступiць сэрца з абалонi? Або сёння ўвечары, калi будуць чуцца толькi тыя цяжкiя, цёмныя кампраненты, якiя цяпер як бы хаваюцца ў мораку пад прыемным кветкавым вэлюмам? Пачакай, не бi ў хамут, Бальдзiнi, не мiтусiся!
Другое правiла запавядае: парфума жыве ў часе; у парфумы ёсць свая маладосць, свая сталасць i свая старасць. I толькi калi яна ва ўсiх трох узростах крынiчыць аднолькава прыемна, яе можна лiчыць удалай. Бо ўжо ж колькi разоў так бывала, што прыгатаваная сумесь з першага понюху пахла цудоўнай свежасцю, а ў нядоўгiм часе -- гнiлою капустай i нарэшце, зусiм ужо агiдна -- чыстым цыбетынам, бо перабольшана яго доза. Наогул з цыбетынам трэба быць сабе на ўме! Адна лiшняя кропелька можа прывесцi да катастрофы. Вечная памылка. Хто ведае,--можа, Пелiсье перабраў цыбетыну? Можа, да вечара ад яго амбiцыйных Псiхеяў i Амураў застанецца толькi помазь кашэчай мачы? Пажывём -- пабачым.
А на пачатак панюхаем. Як вострая сякера коле цурбак на дробныя асклабкi i дразкi, так наш нос расколе ягоныя духi на складнiкi. I тады выйдзе на святло, што гэтая нiбыта чарадзейная духмянасць атрымана звычайным, добра вядомым спосабам. Мы, Бальдзiнi, патомныя парфумнiкi, мы заспеем на месцы злачынства гэтага воцатнiка Пелiсье. Мы сарвем маску з яго азызелай храпы i дакажам гэтаму наватару, на што здатнае старое сапраўднае рамсятво. Мы змарголiм яго модныя духi нанава, скапiруем iх нашымi рукамi з такой дасканалай дакладнасцю, што гэты працмыга i сам не пазнае, дзе сваё, дзе чужое. Не! Нам гэтага мала! Мы зробiм iх яшчэ лепш! Мы выявiм ягоныя хiбы i заганы, падправiм iх i такiм чынам дастанем хвiгай да носа i дамо ганьбы! Ты-- тандэтнiк, Пелiсье! Смярдзючы тхор! У парфумстве ты прышч на белым целе, i больш нiчога!
Цяпер закачай рукавы, Бальдзiнi! Прасморкайся i нюхай, нюхай без нiякiх сантыментаў! Трэба расшчапiць гэты пах па ўсiх правiлах мастацтва! Сёння падвечар ты павiнен мець формулу!
I ён кiнуўся назад да стала, дастаў паперу, чарнiла i свежую хустачку, расклаў усё гэта ў сябе пад рукамi i прыступiў да аналiтычнай працы. Яна была ў тым, што ён борздзкнька падносiў да носа змочаную духамi хустачку i спрабаваў з лятучага духмянага воблака выхапiць нюхам той цi iншы скдаднiк, стараючыся пры гэтым па магчымасцi ўхiлiцца ад цэласнага ўспрымання, каб потым, трымаючы хустачку далей ад сябе ў выцягнутай руцэ, хуценька запiсаць назву выяўленага iнгрэдыента, пасля чаго зноў правесцi хустачкай пад носам, падчапiць наступны фрагмент паху i так далей...