Цяпер закачай рукавы, Бальдзiнi! Прасморкайся i нюхай, нюхай без нiякiх сантыментаў! Трэба расшчапiць гэты пах па ўсiх правiлах мастацтва! Сёння падвечар ты павiнен мець формулу!
I ён кiнуўся назад да стала, дастаў паперу, чарнiла i свежую хустачку, расклаў усё гэта ў сябе пад рукамi i прыступiў да аналiтычнай працы. Яна была ў тым, што ён борздзкнька падносiў да носа змочаную духамi хустачку i спрабаваў з лятучага духмянага воблака выхапiць нюхам той цi iншы скдаднiк, стараючыся пры гэтым па магчымасцi ўхiлiцца ад цэласнага ўспрымання, каб потым, трымаючы хустачку далей ад сябе ў выцягнутай руцэ, хуценька запiсаць назву выяўленага iнгрэдыента, пасля чаго зноў правесцi хустачкай пад носам, падчапiць наступны фрагмент паху i так далей...
Ён працаваў без перапынку дзве гадзiны. I яго рухi рабiлiся ўсё больш лiхаманкавымi, рыпенне яго пяра па паперы ўсё больш энергiчнымi, дозы духоў, якiя ён вытрасаў з флакона на сваю хусцiнку i падносiў да носа,-- усё большыя.
Цяпер ён амаль не пазнаваў пахаў, ён даўно быў адурманены эфiрнымi субстанцыямi, якiя ўдыхаў, але ўжо не мог адрознiваць,-- а на пачтку сваiх спробаў ён лiчыў, што беспамылкова iх прааналiзаваў. Ён ведаў, што ўнюхвацца далей не мела сэнсу. Ён нiколi не даведаецца, з чаго складаюцца навамодныя духi, сёння ўжо напэўна нiхто нiчога не ўведае, ды i заўтра нiчога, нават калi яго нос з Божай дапамогай зноў будзе ў норме. Ён так i не навучыўся гэтаму вынюхванню. Яму заўсёды быў агiдны гэты занятак -- раскладанне паху. Расчляняць цэлае, больш-менш удала скампанаванае цэлае на яго простыя кампаненты? Гэта нецiкава. Годзе!
Але рука яго механiчна працягвала тысячакротна адрэпетыраваным далiкатным рухам змочваць духамi карункавую хустачку, страсаць яе i хуценька праносiць мiма твару, i кожнага разу ён механiчна уцягваў у сябе порцыю пранiзанага водарам паветра, каб, затрымаўшы дыханне па ўсiх правiлах мастацтва, зрабiць доўгi выдых. Нарэшце нос сам выбавiў яго ад гэтай пакуты: алергiчна распухлы ўсярэдзiне, ён як бы зкаркаваўся васковым коркам. Цяпер ён наогул нiчога болей не чуў i ледзь дыхаў. Нос быў закладзены як пры цяжкiм насмарку, а ў куточкi вачэй набеглi слёзы. Дзякуй Богу! Цяпер з чыстым сумленнем можна было спынiцца. Цяпер ён выканаў свой абавязак, зрабiў усё, што было яму па сiле, згодна з усiмi правiламi мастацтва i, як бывала ўжо няраз, пацярпеў паразу. Ultra posse nemo obligatur*. Заўтра ранiцай ён пашле да Пелiсье па вялiкi флакон "Амура i Псiхеi", надушыць яго змесцiвам бювар графа Верамона i выканае заказ. А потым возьме свой чамаданчык са старамоднымi памадамi, прыцiркамi, сашэ i навалачкамi мыла i пойдзе ў абход па салонах сваiх старавечных герцагiнь. I аднаго разу апошняя старая герцагiня памрэ, i такiм чынам ён застанецца без апошняй клiенткi. I сам ён тады стане старавечным дзедам, i яму давядзецца прадаць свой дом -- Пелiсье
цi камусьцi яшчэ з гэтых нуварышаў-гандляроў, магчыма ён i возьме за яго тысячу-другую лiўраў. I возьме ён з сабою пару чамаданаў i сваю старую жонку, калi яна да таго часу не памрэ, i выправiцца ў Iталiю. I калi перажыве гэта падарожжа, дык купiць маленькi дамок у вёсцы пад Месiнай, дзе жыццё таннейшае, чым тут. I там ён, Джузэпэ Бальдзiнi, колiсь найвялiкшыпарфумнiк Парыжа, памрэ ў жахлiвай галечы, калi будзе на тое воля Гасподняя. Так што ўсё на лепшае. Ён закаркаваў флакон, адклаў пяро i апошнi раз выцер лоб змочанай хустачкай. Ён адчуў прахалоду алкагольнай пары, i больш нiчога. Потым настаў заход.
Бальдзiнi ўстаў. Ён падняў жалюзi, i яго постаць азарылася вечаровым святлом i заззяла, як абгарэлая паходня, па якой прабягаюць апошнiя iскры агню. Ён глядзеў на барвовую паласу заходу за Луўрам i яго мяккi водблiск на шыферных дахах горада. Пад iм прамянiлася золатам рака, караблi знiклi. Здалося нават, што падняўся вецер, бо водная паверхня зарабiлася, быццам пакрылася лускою, там-тут заззяла, усё блiжэй, блiжэй, здавалася, велiзарная рука рассыпала па вадзе мiльёны луiдораў, i рака на iмгненне як бы павярнула назад: блiскучы паток чыстага золата слiзгаў убок да Бальдзiнi.
Вочы ў Бальдзiнi былi вiльготныя i зажураныя. Нейкi час ён стаяў цiха i азiраў гэты велiчны малюнак. Потым раптам расхiнуў акно, шырока развёў аканiцы i з размаху шпурнуў флакон з духамi Пелiсье. Ён бачыў, як флакон плюхнуўся ў ваду i на нейкае iмгненне разарваў блiскучы водны кiлiм.
У пакой дыхнула свежым паветрам. Бальдзiнi перавёў дух i пачакаў, пакуль распухлы нос не вярнуўся ў норму. Тады ён зачынiў акно. Амаль у тую самую хвiлiну настала ноч, зусiм ратоўна. Блiскучая залатая карцiна горада i ракi застыла ў попельна-шэры сiлуэт. У пакоi адразу зрабiлася змрочна. Бальдзiнi зноў стаяў у той самай паставе, нерухома гледзячы ў акно. "Не буду я заўтра пасылаць да Пелiсье,--сказаў ён, учапiўшыся аберуч за бiлца крэсла. -- Не буду. I не пайду па салонах. Заўтра я пайду да натарыуса i прадам дом i лаўку. Вось што я зраблю."