Дзiця, якое не мела паху, бессаромна яго абнюхвала, вось што. Дзiця яго адчувала! I раптам Тэр'е здалося, што ён смярдзiць -- потам i воцатам, кiслай капустай i нямытай вопраткай. Здаўся сабе голым i выродлiвым, быццам на яго тапырыўся нехта, i гэты нехта нiчым сябе не выдаў. Здавалася, ён пранюхваў яго наскрозь нават праз скуру, пранiкаў усярэдзiну, у самае нутро. Самыя пяшчотныя пачуццi, самыя брудныя думкi агалялiся перад гэтым маленькiм прагным носам, якi нават яшчэ i не быў сапраўдным носам, а ўсяго толькi нейкiм пупсiкам, якi рытмiчна моршчыўся, нейкiм маленькiм дзюркаватым органам, якi раздуваўся i трымцеў. Тэр'е адчуў мароз. Яму рабiлася млосна. Цяпер i ён тасама шмаргануў носам, быццам перад iм было нешта смярдзючае, з чым не хацелася заводзiцца. Бывай, iлюзiя, што тут ягоная плоць i кроў. Растаптана сентыментальная iлюзiя пра бацьку, сына i духмяную мацi. Быццам абарваны мяккi шлейф лагодных думак, якi ён нафантазiраваў вакол самога сябе i гэтага дзiцяцi: чужая, халодная iстота ляжала ў яго на каленях, варожая жывёлiна, i калi б не самавалоданне i багабаязнасць, калi б не разумныя погляды, уласцiвыя характару Тэр'е, ён у прыступе агiды атрос бы яго з сябе як нейкага павука. Тэр'е ўскочыў i паставiў кош на стол. Ён хацеў пазбавiцца ад гэтага дзiцяцi i ад гэтай справы як мага хутчэй, цяпер, неадкладна.
I тут дзiця заяглiла. Яно прыплюшчыла вочы, раззявiла чырвоны рот i заверашчала так звяглiва i агiдна, што ў Тэр'е кроў застыла. Ён трос кош на выцягнутай руцэ i крычаў "у-цю-цю-лю!", каб дзiця замоўкла, але тое раўло i раўло, тварык пасiнеў, i яму, здавалася, вось-вось зарве ад крыку.
Прэч яго, прэч!-- думаў Тэр'е, зараз жа прэч гэтага... "д'ябла" хацеў ён сказаць, але спахапiўся i закусiў язык... прэч гэту пачвару, гэта чортава дзiця! Але куды? Ён ведаў тузiн жанчын, якiя кармiлi, i з сiроцкiх прыютаў у квартале, але яны былi зусiм блiзка, амаль удотык з iм, а гэта стварэнне трэба было запраторыць далей, так далёка, каб яго нельга было ў любую хвiлiну падкiнуць у дзверы, лепей яго пераправiць у iншую парафiю, а яшчэ лепей -- на па-той бераг Сены, няблага ж было б -- за горад, у прадмесце Сэнт-Антуан, вось куды! Вось куды мы адправiм гэтага гарлапана, далёка на ўсход ад горада, па той бок Бастылii, дзе нанач зачыняюць браму.
Падабраўшы крыссе сваёй сутаны, ён схапiў крыклiвы кош i кiнуўся бегчы, бегчы па лабiрынце завулкаў да Сэнт-Антуанскага прадмесця, бегчы ўздоўж Сены, на ўсход, прэч з горада, далей да вулiцы Шарон i ўздоўж гэтай вулiцы амаль да канца, дзе непадалёк ад кляштара Магдалiны ён ведаў адрас мадам Гаяр, якая прымала на поўны пансiён дзяцей любога ўзросту i любога паходжання, абы каб плацiлi, i там ён аддаў дзiця, якое ўсё яшчэ не пераставала плакаць, заплацiў за год наперад i пабег назад у горад, скiнуў, дастаўшыся да кляштара, сваё адзенне, быццам нешта запэцканае, вымыўся з галавы да ног i залез у келлi ў пасцель, перахрысцiўся шмат разоў, доўга малiўся i нарэшце заснуў.
Мадам Гаяр, хоць ёй не было яшчэ i трыццацi, ужо сваё жыццё аджыла. Выглядам яна адпавядала свайму веку, але тым часам здавалася ў два, у тры, у сто разоў старэйшаю, як мумiя дзяўчыны; унутрана ж даўно была мёртвая. Колiсь, малую, бацька выцяў яе кацубою па лобе, якраз над пераноссем, i з таго часу яна перастала адчуваць пах, i чалавечае цяпло, i чалавечы холад, i ўвогуле ўсякiя моцныя пачуццi. Адным гэтым ударам у ёй былi забiтыя i пяшчотлiвасць, i агiда, i радасць, i роспач. Пазней, у спалуцы з мужчынам i калi нараджала дзяцей, яна гэтак сама не адчувала нiчога, ну проста зусiм анiчагуткi. Не засмучалася, як памiралi, не радавалася, як i выжывалi. Калi муж лупцаваў яе, яна не ўздрыгвала, i не адчула палёгкi, калi той памёр ад халеры ў Гатэль-Д'ё. Адзiныя адчуваннi, якiя яна ведала, -- гэта ледзь-ледзь прыкметная запамрочанасць душы, калi разгуляецца штомесячная мiгрэнь, i ледзь улоўная прасветленасць душы, калi мiгрэнь адступiцца. I больш нiчога не адчувала гэтая жанчына, што памерла жывою.
З iншага боку... а можа якраз ад поўнай безэмацыйнасцi мадам Гаяр мела бязлiтаснае пачуццё i нюх на парадак i справядлiвасць. Яна не выдзяляла нiводнага дзiцяцi з давераных яе апецы, нiводнага ж i не ўшчамляла. Яна кармiла iх тры разы на дзень, i больш iм не перападала нi калiўца, нi паўкалiўца, анi дробачкi. Яна спавiвала маленькiх тры разы на дзень, i толькi да года. Хто пасля гэтага рабiў яшчэ ў штонiкi, даставаў раўнадушную поўху i на адну кармёжку меней. Роўна палавiну грошай, якiя яна атрымлiвала, трацiла на гадоўлю i выхаванне, роўна палавiну пакiдала сабе. У танныя часiны яна не спрабавала павялiчыць свой прыбытак, але i ў цяжкiя не дакладала да выдаткаў нiводнага лiшняга су, нават калi ўжо вялося пра жыццё i смерць. Iнакш iнтэрас стаў бы ёй без iнтарэсу. Ёй патрэбныя былi грошы, яна ўсё разлiчыла абсалютна дакладна. У старасцi яна збiралася купiць рэнту, а звыш таго мець яшчэ дастаткова сродкаў, каб дазволiць сабе раскошу памерцi дома, а не скацубiцца ў Гатэль-Д'ё, як няшчасны муж. Сама ягоная смерць анiчым не абышлася ёй. Але яе гiдзiла гэта публiчнае супольнае памiранне сотняў чужых адно аднаму людзей. Яна хацела разжыцца на прыватную смерць, а на тое трэба было сабраць патрэбную суму цалкам. Праўда, выдавалiся зiмы, калi ў яе з двух тузiнаў малых пастойнiкаў трое-чацвёра памiралi. Але тым не меней гэты вынiк быў куды лепшы, чым у большасцi прыватных выхавальнiц, i намнога перасягаў вынiк вялiкiх дзяржаўных або царкоўных прыютаў, дзе страты часам складалi дзевяць дзясятых падкiдняў. Зрэшты замянiць iх было няцяжка. Парыж штогоду даваў больша за дзесяць тысяч новых падкiдняў, байструкоў i сiрот. Так што з пэўнай прыроднай выбракоўкаю лёгка мiрылiся.